«Такое ўражаньне, што я па змаўчаньні павінна быць згодная на сэкс»
«Калі вы нешта хочаце сказаць пра ЛГБТК, уявіце, што гэта гавораць пра гетэрасэксуальных людзей. Ёсьць вельмі клясныя ролікі, калі мужчына і жанчына гуляюць зь дзіцем, а ў іх пытаюцца: хто з вас тата, а хто мама? Альбо калі гетэра-пара прыходзіць у госьці і іх сустракае сябар, кажучы: „Слухайце, мая цётка старых поглядаў, таму вы, калі ласка, пры ёй не абдымайцеся, каб яе не турбаваць“. Проста ўявіце сябе на месцы ЛГБТК-чалавека», — кажа фэмактывістка Наста Базар.
Наста Базар — фэміністка, нізавая квір-актывістка. (Квір — зборны тэрмін для абазначэньня людзей, чыя сэксуальнасьць і/або гендэрная ідэнтычнасьць інакшыя, чым у большасьці. — РС) Наста ідэнтыфікуе сябе як лесьбіянка і адразу адзначае, што гаворыць у гэтым інтэрвію за сябе, бо ў іншых прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці могуць быць іншыя чульлівасьці.
«Напрыклад, на трэнінгах я казала, што ўвогуле не разумею, што значыць адчуваць сябе жанчынай, акрамя таго, што ў мяне есьць вульва. А гэта, аказваецца, трансфобна, бо ня ўсе жанчыны маюць вульву, таму трэба быць асьцярожнымі. Што тычыцца лесьбіянак, дакладна мяне турбуе тое, што праз фармулёўку „сэксуальная арыентацыя“ людзі чуюць толькі першыя чатыры літары першага слова — „сэкс“», — кажа Наста Базар.
Таму існуе стэрэатып, быццам лесьбіянкі, геі, асобы небінарныя, бісэксуальныя — гэта людзі, якія хочуць заўсёды сэксу і гатовыя мець сэксуальныя стасункі з кім заўгодна, адзначае Наста.
«Мяне проста выносіць, калі я чую фразы: „Я б хацела паспрабаваць, і гэта была б ты“, ці „Калі б я была гома, то гэта была б ты“. Тады губляюся і хачу сказаць: свабодная каса, ці што? Мне рассунуць ногі, ці што? Бо такое ўражаньне, што я па змаўчаньні павінна быць згодная на сэкс і рада, што гетэрасэксуальная жанчына сказала, што калі б яна захацела, то гэта была б я. Дзякуй вялікі, што з панскага пляча ты мне сказала, што так і быць, ты са мной хочаш пераспаць! Гэта вельмі абразьліва, і гэта сьцірае маю асабістасьць, робіць з суб’екта аб’ект. А хто я, што я за чалавек, гэта ўжо ня важна».
Таксама абразьлівым можа быць выраз «хто ў вашай пары мужчына», кажа Наста.
«Гэта яшчэ і сумна, бо вялікая колькасьць ЛГБТК-людзей пераймаюць гэтыя гетэра-нормы, калі павінен нехта быць мацнейшы. І для мяне гэта пытаньне не ЛГБТК, а агулам грамадзтва, бо я за гендэрную роўнасьць, і я б была вельмі шчасьлівая, калі б я бачыла аб’ектыўна роўныя стасункі паміж мужчынам і жанчынай. Але ўлічваючы тое, у якіх сацыяльных канструктах мы расьлі, гэта вельмі цяжка. І я бачу, што ў лесьбіянак часта пераймаецца норма і людзі пачынаюць граць ролю — умоўна — мужчыны, жанчыны. Не разумеючы, што гендэрная роўнасьць насамрэч шмат больш дае варыянтаў, пазытыву і выгады для ўсіх».
«Людзі, якія засталі Савецкі Саюз, жылі ў аднаполых сем’ях — з бабулямі і матулямі — але чамусьці ўсе ня сталі геямі і лесьбіянкамі»
Яшчэ адзін з абразьлівых выразаў у бок лесьбіянкі — «мужчыны ў цябе нармальнага не было», працягвае Наста.
«У такіх выпадках кажу: дык, можа, у вас проста не было нармальнай жанчыны. Яшчэ абразьлівае пытаньне: „А ці не баісься ты, што ў цябе дзеці вырастуць лесьбіянкамі?“ Не, не баюся. Паводле статыстыкі, большасьць дзяцей і ў гетэра, і ў гома-парах — гетэра-дзеці. Ну, і вядомы факт, што людзі, якія засталі Савецкі Саюз, жылі ў аднаполых сем’ях — з бабулямі і матулямі — але чамусьці ўсе ня сталі геямі і лесьбіянкамі».
Калі зьвяртаюцца да маладой дзяўчыны, выразы «падрасьцеш — зразумееш», «ты проста гуляесься» — абразьлівыя і варожыя, бо яны ставяць пад сумнеў ідэнтычнасьць, адзначае актывістка. Таксама Наста просіць зьвяртаць увагу псыхолягаў, якія пішуць выключна пра стасункі жанчыны і мужчыны і такім чынам «выключаюць» прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці.
«У мяне была рамантызацыя леcьбійскіх стасункаў напачатку. Я была ўпэўненая, што калі людзі ў такім гамафобным грамадзтве наважваюцца на стасункі аднаполыя, хочуць мець дзяцей — гэта супэрсьвядомы выбар. Потым я даведалася некалькі гісторый, як дзьве жанчыны хацелі дзяцей, жылі як сям’я, але пасьля нараджэньня адна сыходзіць, і застаецца зноў мама зь дзецьмі. І для мяне гэта было вялікім шокам».
Таксама паўстае праблема гвалту ў аднаполых стасунках, які мае свае асаблівасьці.
«ЛГБТК-супольнасьць меншая, і быццам, калі я сыду, я буду самотная. Таму я лепей буду трымацца за тыя стасункі, якія ёсьць. А яшчэ ёсьць сорам: бо і так жанчына ня можа наважыцца пайсьці ў паліцыю, да кагосьці зьвярнуцца ў сытуацыі хатняга гвалту. А жанчына-лесьбіянка тым больш ня можа гэта зрабіць, бо сутыкнецца ня толькі з „сама вінавата“, але яе прысаромяць, бо яна лесьбіянка. А агрэсары любога полу збольшага паводзяць сябе аднолькава, пра гэта варта казаць».
«Уявіце сябе на месцы ЛГБТК-чалавека»
Існуюць выразы і словы, якімі абазначаюць прадстаўнікоў ЛГБТК-супольнасьці, але іх выкарыстоўваюць як абразу для іншых групаў.
«ЛГБТК-супольнасьць Беларусі ў свой час шмат зьвяртала ўвагу на выраз „лашкі-петушкі“, які выкарыстоўвалі падчас пратэстаў у бок міліцыянтаў. Я спрабую пытацца, што людзі маюць на ўвазе: што для іх слова „під... р“? Бо так збольшага называюць геяў, але тады, атрымліваецца, людзі раўняюць усіх геяў да міліцыянтаў. Быццам яны такія самыя вычварэнцы, дрэнныя людзі, як міліцыянты. А калі людзі кажуць: „Не, ёсьць під... ры, а ёсьць геі“. Я прапаную прыдумаць нейкае іншае слова».
Калі людзі высьмейваюць паводзіны міліцыянтаў, прыпісваючы да іх гомасэксуальныя стасункі, атрымліваецца, яны высьмейваюць і зьняволеных геяў і лесьбіянак, заўважае Наста.
Часта людзі кажуць нейкія абразы несьвядома. Праблема ў тым, што некаторыя не навучаныя нармальнай зваротнай сувязі і камплімэнтам, кажа актывістка.
«Гаварыце пра сябе, а не пра іншых людзей. Вельмі клясная праверка — гэта ўявіць сабе тую самую сытуацыю з пункту гледжаньня гетэра. Калі да цябе падыходзіць мужчына-гей і кажа: „Я гей, але калі б я быў гетэра, я б з табой пераспаў“. Што жанчына ў той момант адчувае? Трэба ўсё, што мы хочам сказаць пра іншую групу, пераносіць на тую, да якой я належу».
Такімі ж мэтадамі можна правяраць сэксісцкую і зьняважлівую рэкляму, кажа Наста.
«Проста пастаўце ў рэкляму замест вобразу жанчыны вобраз мужчыны. І калі выглядае недарэчна — гэта сэксісцкая рэкляма. Тое самае, калі вы нешта хочаце сказаць пра ЛГБТК, — уявіце, што гэта кажуць пра гетэра-людзей. Ёсьць вельмі клясныя ролікі, калі мужчына і жанчына гуляюць зь дзіцем, а ў іх пытаюцца: хто з вас тата, а хто мама? Альбо калі гетэра-пара прыходзіць у госьці, іх сустракае сябар і кажа: „Слухайце, у мяне цёця старых поглядаў, таму вы, калі ласка, пры ёй не абдымайцеся, каб яе не турбаваць“. Проста ўявіце сябе на месцы ЛГБТК-чалавека».
«Калі мы ўпэўненыя, мы не даказваем, а проста гаворым як факт»
Наста зьвяртае ўвагу на асэртыўнасьць — уменьне ўважліва слухаць і імкненьне зразумець пункт гледжаньня іншага чалавека. Заяўляць пра свае правы, калі цябе ўвесь час дыскрымінуюць — цяжка, кажа Наста. Але працягваць размаўляць важна.
«Калі я раблю пасты, напрыклад, я пішу не пра ЛГБТК больш, а пра сябе, пра тое, як мне добра ў стасунках, акцэнтуючы ўвагу менавіта на стасунках. Хаця я вельмі часта гавару пра сваю жонку, але, безумоўна, тут галоўнае, што ў мяне ёсьць асоба, якую я кахаю, якая мяне кахае і падтрымлівае».
Пры гэтым Наста згодная са сваёй жонкай, што цяпер казаць, што ты лесьбіянка, — гэта палітычны акт.
«Я б хацела, каб быў бы такі час, калі мне ня трэба казаць, што я лесьбіянка, што я пайшла з жонкай у кіно, і каб на гэта ніхто не зьвярнуў увагі. Важна выстаўляць свае межы, а не абслугоўваць інфармацыйна і не даказваць. Калі мы ўпэўненыя, мы не даказваем, а проста гаворым гэта як факт, як ісьціну».
«Бачыш у чалавеку ў першую чаргу чалавека»
У нашым грамадзтве вельмі шмат стэрэатыпаў, навязаных з дапамогай палітычных прыёмаў, кажа Наста.
«Некалі зьвязалі ЛГБТК з пэдафіліяй. А яно ніяк не зьвязана, бо гетэра-пэдафілаў нашмат больш. Але некалі зьвязалі — усе баяцца. Або вось гэтае „няма каму будзе нараджаць“. А тое, што ў нас перапоўненыя дзіцячыя дамы, што ў нас самастойных маці больш, чым замужніх — гэта нікога не хвалюе. Важна, каб у людзей было крытычнае мысьленьне: калі я чую нешта, у што я веру, проста паставіць гэта пад сумнеў. Гэта карысна ва ўсіх сэнсах, і ў адносінах да ЛГБТК таксама».
У ідэальным грамадзтве на першым месцы павінен быць чалавек і ягоныя правы, а таксама адсутнасьць гвалту, падкрэсьлівае Наста.
«А хто як выглядае... Гэта мужчына, якога я ідэнтыфікую як мужчыну, але ён у спадніцы, з намаляванымі пазногцямі і на абцасах? Окей. Жанчына вырашыла зрабіць мастэктамію, выглядае як мужчына, але ідэнтыфікуе сябе як жанчына? Окей. Гэты чалавек просіць, каб яго называлі „яны“? Окей».
Вельмі важна пытацца ў чалавека, як да яго можна зьвяртацца, заўважае актывістка. Такім чынам таксама можна зразумець, як выпадкова не абразіць чалавека.
«Тое самае пра „під... ра“. Нехта лічыць, што гэта абразьлівае слова нават для гея, але напрыклад, актывіст Андрэй Завалей шмат рабіў, каб гэтае слова стала нарматыўным, бо „гей“ некалі было абразьлівым, а цяпер яно звычайнае. Я для сябе прыняла рашэньне называць людзей перш за ўсё „чалавек“, а потым ужо дадаваць нейкі фактар, які ўплывае на жыцьцё: чалавек з інваліднасьцю, чалавек з наркатычнай залежнасьцю, жанчына зь дзецьмі, або самастойная, а не адзінокая маці. Такім чынам ты бачыш у чалавеку ў першую чаргу чалавека, а толькі потым бачыш гендэр, сацыяльныя канструкты, займеньнікі, усё астатняе».
Ніхто ня ведае, як лепш для чалавека, акрамя самога чалавека, падкрэсьлівае Наста.
«Напрыклад, людзі з інваліднасьцю кажуць: называй мяне „інвалід“, мне окей. Ці неяк спыталася ў чалавека ў інвалідным вазку: ці даўно ты прыйшоў? Потым спужалася, выбачылася, а ён кажа: „Мне окей усё“. У той жа момант для іншага чалавека гэта было б вельмі балюча. Таму ніхто ня ведае, як лепш для чалавека, акрамя яго самога».
Хацець, каб усе паводзілі сябе так, як вы хочаце, — не нармальна, заўважае Наста. Важна выбудаваць свае межы і разумець, як добра для вас, але і пытацца ў чалавека, як добра яму.
«Галоўнае, каб людзі ў першую чаргу займаліся сабой і зьвярталі ўвагу на сябе: наколькі я стаўлюся да сябе добра? Наколькі я стаўлюся да сябе з павагай? Наколькі мяне павінна ўвогуле хваляваць, як выглядаюць іншыя людзі? Што ў мяне ня так, калі мяне хвалюе, чаму ў некага няголеныя падпахі? Калі так людзі будуць зьвяртаць увагу на сябе, то шмат што зьменіцца».