Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Ціханоўскаму, асуджанаму на 18 гадоў, выставілі новае абвінавачаньне


Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота
Сяргей Ціханоўскі, архіўнае фота

Нягледзячы на вялікі тэрмін зьняволеньня, палітвязьню і мужу апазыцыйнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай выставілі новае абвінавачаньне.

Асуджанаму на 18 гадоў турэмнага зьняволеньня Сяргею Ціханоўскаму выставілі абвінавачаньне ў «злачынстве супраць правасудзьдзя», піша Сьледчы камітэт.

Паводле сілавікоў, Сяргей нібыта «падчас адбыцьця пакараньня сыстэматычна дапускаў непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, правакаваў канфлікты, у тым ліку з сукамэрнікамі. За гэта неаднаразова меў спагнаньні».

Дзеяньні Ціханоўскага кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 411 (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі, учыненае асобай, асуджанай за цяжкае і асабліва цяжкае злачынства) Крымінальнага кодэксу Беларусі.

З інфармацыі праваабаронцаў вынікае, што за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» ўжо асудзілі ня менш за 15 палітвязьняў.

Сяргей Ціханоўскі, прызнаны вінаватым паводле чатырох артыкулаў КК, асуджаны ў сьнежні 2021 году на 18 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

18 жніўня, у дзень нараджэньня Ціханоўскага, яго перавялі ў турму ў Жодзіне і адразу ж зьмясьцілі ў ШЫЗА. Блогера перавялі на турэмны рэжым тэрмінам на 3 гады. У штрафным ізалятары ён ня можа карыстацца сваімі рэчамі, вымушаны спаць на голых дошках без матраца і пасьцельнай бялізны, яму забаронена набываць прадукты і рэчы першай неабходнасьці. Таксама Ціханоўскі часова пазбаўлены перадач і лістоў.

Затрыманьне Ціханоўскага і яго прыхільнікаў. Што трэба ведаць

  • Сяргей Ціханоўскі — відэаблогер, аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни». Зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Але зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы Ціханоўскай, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
  • У Горадні а 20-й гадзіне 29 траўня Сяргея Ціханоўскага затрымалі супрацоўнікі АМАПУ падчас перадвыбарчага пікету за вылучэньне ў прэзыдэнты ягонай жонкі. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
  • Гэта адбылося пасьля таго, як невядомая жанчына, якую сьведкі называлі правакатаркай, кідалася на блогера і спрабавала трымаць яго за вопратку. Яна патрабавала, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сысьці ад жанчыны — зьявілася міліцыя.
  • Літаральна праз паўхвіліны прыбеглі супрацоўнікі АМАП і затрымалі Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся за некалькіх мэтраў ад эпіцэнтру. Пазьней затрымалі таксама шэраг паплечнікаў Ціханоўскага. МУС паведаміла пра крымінальную справу за «гвалт супраць міліцыянтаў».

  • На лецішчы Ціханоўскага нібыта знайшлі 900 тысяч даляраў. Жонка мяркуе, грошы маглі падкінуць.
  • Ціханоўскага трымаюць за кратамі з 29 траўня 2020 году. Яго абвінавачваюць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў, да 15 гадоў зьняволеньня).

ч. 3 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці);

ч. 2 арт. 191 (перашкода працы ЦВК). Заяву на яго падала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына;

ч. 1 арт. 342 (арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG