Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Помста як жыцьцёвае крэда. Чаму аналітыкі памыляюцца, калі спрабуюць вытлумачыць паводзіны Лукашэнкі толькі рацыянальнымі матывамі


Аляксандар Лукашэнка. Бішкек, сьнежань 2022
Аляксандар Лукашэнка. Бішкек, сьнежань 2022

У дзеяньнях Аляксандра Лукашэнкі палітычныя аналітыкі найчасьцей шукаюць рацыянальныя тлумачэньні, выпрацоўваюць прагнозы, зыходзячы зь ягоных імаверных палітычных і асабістых інтарэсаў. І вельмі часта памыляюцца. Чаму?

Ня стаўлю пад сумнеў жывёльную палітычную інтуіцыю Лукашэнкі і ягоную проста д’ябальскую здольнасьць выжываць у самых неспрыяльных унутраных і вонкавых умовах. Бязь іх ён не пратрымаўся б пры ўладзе 29 гадоў.

І ўсё ж часам мне здаецца, што пэўныя дзеяньні Лукашэнкі варта разглядаць ня зь нейкіх ідэйных ці палітычных пазыцый, а зыходзячы з асаблівасьцяў ягонага характару (альбо натуры; як хочаце, гэтак і называйце).

І менавіта гэтым тлумачыцца нежаданьне зрабіць тое, што, паводле лёгікі, прынесла б яму палітычную выгаду, часам немалую.

Загадзя прашу прабачэньня ў блізкіх тых зьняволеных асобаў, якіх ніжэй згадаю, але згадваю іх у кантэксьце менавіта лёгікі Лукашэнкі і тых, хто дае яму парады.

Бясспрэчна, яны, як і ўсе іншыя, кінутыя за краты за сваю палітычную, грамадзкую, прафэсійную дзейнасьць, за свае перакананьні, павінны быць неадкладна вызваленыя. Вызваленыя без усякіх умоваў і з поўнай рэабілітацыяй.

Ці пагадзіўся б Ціханоўскі на ролю прынца Філіпа

На сёньня міжнародная дзейнасьць апанэнтаў Лукашэнкі сканцэнтраваная ў асноўным у Офісе Сьвятланы Ціханоўскай (уключаю сюды і Аб’яднаны пераходны кабінэт). Адны лічаць гэта вялікім плюсам (у якасьці аргумэнтаў называюць эфэктыўную каардынацыю і адзінства пазыцыі), іншыя ўспрымаюць нэгатыўна (гавораць пра манапалізм і ігнараваньне меркаваньняў лідэраў большасьці апазыцыйных партый, якія дзейнічалі да 2020 году). Ня будзем цяпер аналізаваць слушнасьць высноваў першых і другіх, возьмем гэта як факт. Магчыма, празь нейкі час шмат што памяняецца, але сёньня гэта выглядае менавіта так. Ва ўсялякім разе, Захадам у якасьці прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі ўспрымаюцца менавіта Сьвятлана Ціханоўская і яе паплечнікі.

Між тым у Лукашэнкі ёсьць магчымасьць нанесьці, кажучы вайсковай мовай, у пераносным сэнсе, калі не стратэгічны, дык тактычны «ядзерны ўдар».

Прычым зрабіць гэта ён можа цягам пары гадзінаў і коштам паловы бэнзабака.

Для гэтага яму трэба вызваліць Сяргея Ціханоўскага і прывезьці яго ў Вільню ці хаця б на мяжу зь Літвой.

Ціханоўскі, наколькі я мог зразумець з рэпартажаў, стрымаў ды відэаролікаў, чалавек амбітны (у добрым сэнсе гэтага слова). Мяркую, ведаюць гэта і тыя ў спэцслужбах, хто робіць псыхалягічныя партрэты апанэнтаў Лукашэнкі (што яны існуюць, не сумнявайцеся).

Адкінем самае горшае для Офісу і будзем лічыць, што ён ня стаў бы аспрэчваць ролю жонкі як пэрсоны нумар адзін і прэтэндаваць на яе месца.

Пры гэтым наўрад ці яго задаволіла б роля, якую адыгрываў у часы прэм’ерства Маргарэт Тэтчэр ейны муж (быць у цені і па магчымасьці не сьвяціцца). Ці аднаго з шараговых супрацоўнікаў Офісу — скажам, мантажора відэазваротаў жонкі.

Калі мы ўжо згадалі Вялікую Брытанію, прыгадаем прынца Філіпа, мужа каралевы Лізаветы II (хай ім абаім сьпяваюць салаўі на тым сьвеце, і будзем верыць, што анёлы зробяць усё, каб кніга ўнука Гары ў іхныя рукі ня трапіла).

Прынц Філіп меў найвышэйшыя ўзнагароды, меў пагоны фэльдмаршала, ён заўсёды знаходзіўся ў цэнтры ўвагі журналістаў, але пры гэтым ня быў першай асобай у каралеўстве. Першай была Яе Вялікасьць. А прынц — пры ёй.

Але калі б Сяргей Ціханоўскі пагадзіўся на ролю другой асобы ў Офісе, ці задаволіла б гэта найбліжэйшае атачэньне Сьвятланы Ціханоўскай? Ці знайшоў бы ў сабе сілы чалавек, які заяўляў прэтэнзіі на прэзыдэнцтва, ня ўмешвацца ў дзейнасьць, напрыклад, Пераходнага кабінэту? Ці ня ўзьнікла б міжасабовых і палітычных канфліктаў? Бясспрэчна, што прыход такой фігуры ўва ўжо сфармаваны і зладжаны калектыў цалкам перафарматаваў бы існы балянс інтарэсаў.

Ня меншыя, а магчыма, і большыя наступствы мела б і вызваленьне Бабарыкі ці Марыі Калесьнікавай — зь вялікай доляй верагоднасьці можна меркаваць, што яны заснавалі б нейкі асобны палітычны цэнтар. І зусім ня факт, што існавалі б у міры і паразуменьні з Офісам Ціханоўскай (маем прыклад сужэнства Цапкалаў і канфлікт, які летась у жніўні назіралі, у літаральным сэнсе, у жывой трансьляцыі).

Па-другое, вызваленьне вышэйназваных асобаў было б адназначна станоўча ўспрынята калі і ня ўсімі заходнікі лідэрамі, дык пэўнай іх часткай — і тут ужо мы выходзім на сакральную для Лукашэнкі тэму зьняцьця ці паступовага аслабленьня санкцый. Безумоўна, вызваленьне палітвязьняў наблізіла б Лукашэнку да таго, чаго ён жадае.

Ворагі ідэйныя і асабістыя

Аўтара гэтых радкоў нельга абвінаваціць у сымпатыях да КДБ, я шмат разоў выказваўся пра гэтую ўстанову і мэтады яе дзейнасьці. Але неаднаразова пісаў і пра тое, што, адрозна ад сыстэмы МУС зь яе ГУБАЗіКам і падобнымі структурамі, дзе адзіны інструмэнт — кулак, у КДБ, акрамя кулака, ёсьць яшчэ і мазгі. Ва ўсякім разе, у савецкія часы аналітыкаў для гэтай структуры рыхтавалі сур’ёзна. Прафэсійная дэградацыя, бясспрэчна, закранула і яе, і ўсё ж некаторыя падзеі і зьявы прымушаюць аўтара гэтых радкоў меркаваць, што тое-сёе ад «старой школы» засталося.

І калі вышэйпералічаныя варыянты прыйшлі ў галаву аўтару, няўжо да іх не дадумаліся б тыя, чыя прафэсія — акурат такія апэрацыі распрацоўваць і ажыцьцяўляць? Няўжо яны (альбо людзі з маскоўскай Лубянкі) не паклалі Лукашэнку на стол прапановы вызваліць Ціханоўскага, Бабарыку, Калесьнікаву?

Прашу заўважыць, што я не называю Бяляцага, Статкевіча, Севярынца ды іншых палітвязьняў, вядомых, акрамя іншага, сваёй нацыянальнай арыентацыяй — яны для Лукашэнкі ідэйныя ворагі. Не разглядаю ў гэтым кантэксьце і Кацярыну Андрэеву, Ігара Лосіка, Андрэя Кузьнечыка, іншых журналістаў, кінутых за краты.

Згадваю менавіта тых, хто палітычную актыўнасьць выявіў толькі ў 2020 годзе і толькі ў зьвязку з так званымі выбарамі, пасягнуўшы на асабістую ўладу Лукашэнкі. Да Расеі яны, ва ўсялякім разе на пэўным этапе, не выказвалі адмоўнага стаўленьня: хтосьці езьдзіў у акупаваны Масквой Крым, хтосьці спакойна ставіўся да ўвядзеньня расейскага рубля, хтосьці заяўляў, што ні ў якім разе ня ставіць пад сумнеў мэтазгоднасьць інтэграцыі з Расеяй.

І калі Статкевіч ці Севярынец для Лукашэнкі — і ідэйныя, і асабістыя ворагі, дык Ціханоўскі, Бабарыка і Калесьнікава — ворагі выключна асабістыя. Ва ўсякім разе, як мне падаецца, у ягоным успрыманьні.

І вось, нягледзячы на ўсе магчымыя плюсы ад іх вызваленьня, Лукашэнка адмаўляецца ісьці на такі крок.

Калі ірацыянальнае вышэй за рацыянальнае

Вядома, я магу памыляцца, але мне думаецца, што адзіная — ва ўсякім разе, галоўная — прычына гэтага палягае не ў эмацыйнай ці, калі хочаце, псыхалягічнай сфэры.

Гэта асабістая помста. Даўно заўважана, што Лукашэнка добра памятае асабістыя крыўды і ніколі іх не даруе.

У апісаным выпадку гэта помста такога маштабу, гэткай сілы, што яна зьнішчае нават, здавалася б, карысныя для рэжыму магчымасьці.

Роўна такая ж д’ябальская сіла і ў помсты кожнаму з тых, хто знайшоў у сабе і сьмеласьць, і гонар, і сілы выйсьці з пратэстамі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі.

Так, масавыя рэпрэсіі цалкам укладаюцца ў рацыянальную мэту — разьлік канчаткова зьнішчыць беларускую грамадзянскую супольнасьць і нанесьці ўдар на нацыянальнай ідэнтычнасьці.

Але ня менш важная і матывацыя асабістага характару, імя якой — помста.

Што могуць зрабіць у такой сытуацыі грамадзтва, апазыцыя, праваабаронцы, заходнія лідэры?

У свой час аўтар гэтых радкоў скончыў факультэт журналістыкі, а не псыхалёгіі і псыхіятрыі, і таму лічыць за лепшае паставіць на гэтым месцы кропку.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG