Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«2023-і — год беларускай мовы». Вялікае інтэрвію Ціханоўскай пра вайну, палітвязьняў, навагодні зварот і вынікі 44 візытаў


Сьвятлана Ціханоўская. Кастрычнік 2022 году.
Сьвятлана Ціханоўская. Кастрычнік 2022 году.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падсумоўвае вынікі 2022 году і спрабуе зазірнуць у новы, 2023 год. Паводле яе, нельга дапусьціць удзелу беларускіх войскаў у вайне Расеі супраць Украіны, а 2023 год мае быць годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэньня.

Ціханоўская мела сёлета 44 візыты і каля 50 сустрэчаў на высокім узроўні, і мы размаўляем пра канкрэтныя вынікі гэтых візытаў.

Сьцісла

  • Калі пачалася вайна, прыцягваць увагу да Беларусі стала нашмат цяжэй. Было крытычна важна пасьля лютага памяняць успрыманьне Беларусі. Адным з галоўных вынікаў ёсьць тое, што беларусы ня сталі ізгоямі, што нас адрозьніваюць ад Расеі. Ня быў уведзены візавы бан, аднавіліся стыпэндыі, працягваюць выдаваць дазволы на жыхарства.
  • У наступным годзе я спадзяюся на перамогу Ўкраіны ў гэтай вайне, на вывад расейскіх войскаў зь Беларусі. Але мы разумеем, што рэальнасьць можа аказацца зусім іншай — Лукашэнка можа адправіць войскі ва Ўкраіну, і тады ў адказ пачнуцца бамбаваньні.
  • Мне б хацелася, каб у 2023 годзе ў нас зьнікла жаданьне цкаваць сваіх жа. Бо гэты год заканчваецца ня вельмі радасна. Мы ўсе адчуваем, што людзі пачалі вінаваціць адзін аднаго ў тым, што нам усё яшчэ не ўдалося дабіцца сваіх мэтаў.

«Было 44 візыты за гэты год, але сустрэчаў было нашмат болей»

— Сьвятлана, давайце пачнем зь лічбаў, а потым паспрабуем іх асэнсаваць і прааналізаваць. Ці маглі б вы падлічыць, колькі візытаў на высокім узроўні вы мелі ў 2022 годзе, колькі падчас іх было сустрэчаў зь першымі асобамі ў дзяржавах, якія гэта была геаграфія і геапалітыка?

— У канцы кожнага году мы рыхтуем вынікі году, і я папрасіла сваю каманду падлічыць, дзе мы былі, з кім сустракаліся. Было 44 візыты за гэты год, але сустрэчаў было нашмат болей. Я сустрэлася больш як з 50 прадстаўнікамі на высокім узроўні, з прэзыдэнтамі ці прэм’ерамі. Я сустракалася з Джастынам Трудо, Урзуляй фон дэр Ляен, Рабэртай Мэтсалай, стэлефаноўвалася з Джо Байдэнам... Наконт геаграфіі — гэта ў асноўным Эўропа, нашы суседзі, які больш-менш разумеюць сытуацыю ў Беларусі. З новых краінаў — Румынія і Канада. Упершыню я сустрэлася зь міністаркай замежных спраў Аўстраліі, былымі лідэрамі Манголіі, Чылі.

Я памятаю, як былы прэзыдэнт Чылі расказваў пра тое, як ім удалося перайсьці ад дыктатуры да дэмакратыі негвалтоўным чынам. Вельмі цікава было паслухаць. Была вельмі важная сустрэча з амбасадарам Бразыліі, бо Бразылія дагэтуль працягвае гандлёвыя адносіны з рэжымам. У іх зараз новы прэзыдэнт, на якога ўскладаюць шмат спадзяваньняў, і я спадзяюся сустрэцца зь ім, можа, не ў самой Бразыліі, а недзе ў іншых краінах. Таксама мы сустракаліся з афіцыйнымі асобамі Інданэзіі, Кеніі, Калюмбіі, Коста-Рыкі. Мы разумеем, што нам трэба працаваць ня толькі з заходнімі краінамі, але наладжваць адносіны таксама з далёкімі краінамі, у якіх, мабыць, не разумеюць, што робіцца ў Беларусі, але яны маюць галасы ў Радзе па правах чалавека ААН, у Генасамблеі ААН, у іншых міжнародных арганізацыях, і пры галасаваньні іх галасы вельмі важныя. Сьвет цяпер цесны, усе мы ў ім узаемазьвязаныя, так што наша палітыка зараз — шукаць сяброў па ўсім сьвеце, каб больш і больш краінаў разумелі, дзе Беларусь, што там адбываецца і якое імкненьне ёсьць у беларускага народу.

«Калі пачалася вайна, прыцягваць увагу да Беларусі стала нашмат цяжэй»

— 44 візыты за год, гэта прыблізна па 4 замежныя візыты кожны месяц. І больш за 50 сустрэчаў з кіраўнікамі дзяржаў за год. Столькі не было за ўсе 28 гадоў у Аляксандра Лукашэнкі, ня кажучы ўжо пра геаграфію візытаў. Вы заўсёды падкрэсьліваеце, што найгалоўная ваша задача — трымаць тэму Беларусі ў міжнародным парадку дня, ня даць забыцца сьвету пра гуманітарную катастрофу ў Беларусі, тысячы палітвязьняў, і гэта доўгатэрміновая пасьлядоўная праца, якая прыносіць плён як у блізкай, так і ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Калі гаварыць пра больш канкрэтныя вынікі візытаў самае асноўнае, — што б вы назвалі?

— У гэтым годзе, калі пачалася вайна, прыцягваць увагу да Беларусі стала нашмат цяжэй. Шчыра кажучы, далёка не заўсёды атрымлівалася дамагчыся тых сустрэчаў, якія нам патрэбныя. Але было крытычна важна пасьля лютага памяняць успрыманьне Беларусі. Менавіта таму я шмат часу правяла ў паездках. Адным з галоўных вынікаў ёсьць тое, што беларусы ня сталі ізгоямі, што нас адрозьніваюць ад Расеі. Ня быў уведзены візавы бан, аднавіліся стыпэндыі, працягваюць выдаваць дазволы на жыхарства. Усё гэта таксама вынік вялікай працы і перамоваў, не заўсёды самых лёгкіх.

Мне балюча назіраць, што тэма палітвязьняў губляецца за тэмай вайны. Але мы імкнемся нагадваць, і ў кожным выступе я стараюся называць канкрэтныя імёны, расказваць гісторыі людзей за кратамі. Гэта мае свой уплыў насамрэч. І нядаўна каля 300 дэпутатаў Эўрапарлямэнту падпісалі паштоўкі нашым палітвязьням. Больш за 400 палітвязьняў ужо маюць сваіх так званых хросных сярод вядомых палітыкаў. У кожнай заяве, у кожнай рэзалюцыі па Беларусі гучыць патрабаваньне вызваліць палітвязьняў. Гэта таксама важна, што сьвет памятае.

Важна таксама, што працягвае дзейнічаць плятформа па зборы доказаў злачынстваў Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў. У гэтай плятформе ўдзельнічаюць беларускія і замежныя праваабаронцы. Калі пачнуцца перамены, то ўзнавіць нейкія факты будзе вельмі складана, бо тыя, хто зьдзяйсьняў злачынствы, будуць рабіць усё магчымае, каб замесьці сьляды. Ужо сабрана больш за 15 тысяч дакумэнтаў гэтых злачынстваў, і гэтыя дадзеныя будуць перададзеныя ў ААН і міжнародныя суды. Я ўпэўненая, што гэта дапаможа ўзнавіць законнасьць у Беларусі пасьля пераменаў.

«Як жартуюць жанчыны, я магу адпачываць як хачу — хачу прыбіраюся, хачу бялізну мыю»


— Калі гаварыць пра асабістыя вынікі ў лічбах, давайце паспрабуем назваць некалькі: колькі дзён вы мелі магчымасьць правесьці зь дзецьмі, колькі дзён у гэтым годзе вы адпачывалі? Колькі дзён у ШЫЗА правёў Сяргей Ціханоўскі?

— Дакладных лічбаў пра дні зь дзецьмі я ня дам, цяжка падлічыць. Гэта нашмат менш, чым хацелася б. Я бачу, як я не магу рабіць хатнюю працу зь дзецьмі, не магу гуляць зь імі, недзе ў кавярню схадзіць. Яны разумеюць, што іх мама занятая, можа, больш патрэбнымі справамі. Яны сумуюць. Але час ад часу я іх бачу і стараюся праводзіць больш часу зь імі. Але ж яны сумуюць больш па сваім тату.

Апошні тэрмін, які Сяргей правёў у ШЫЗА, — больш за два месяцы. З 19 жніўня па канец кастрычніка. Ён у ШЫЗА, а адчуваньне, што я таксама зь ім. Калі заканчваецца дзень, думаеш, вось яшчэ адзін дзень, ты ў справах, у гонцы нейкай, а гэтыя часы для яго вельмі цяжка даюцца. Канечне, ты пераскокваеш ад Сяргея адразу да іншых палітзьняволеных, некаторыя зь якіх ужо некалькі месяцаў запар знаходзяцца ў ШЫЗА, і сум гэты заўжды са мной. Ад яго нікуды не падзенесься.

Выходныя? Такіх выходных амаль няма. Калі я выходная дома, гэта цяжка назваць выходнымі. Як жартуюць жанчыны, я магу адпачываць як хачу — хачу прыбіраюся, хачу бялізну мыю. Але ж нават у выходныя думкі зь Сяргеем, зь людзьмі, усё роўна чытаеш навіны, там пасадзілі ў ШЫЗА, там зьбіваюць, там катуюць. І гэта ні ў якім разе немагчыма назваць адпачынкам. Ты перажываеш усё разам з тымі, хто цяпер за кратамі.

«У навагоднім звароце я пляную зьвярнуцца ня толькі да прыхільнікаў пераменаў, але і да тых, хто абыякавы да палітыкі»

— У вас быў вельмі моцны навагодні зварот на пачатак 2022 году, які вы пачалі словамі «Я тоже злюсь» і ў якім быў выразны пераход ад цемры да сьвятла, з расейскай да беларускай мовы. Якая фраза, якое слова, які дзеяслоў, назоўнік ці прыметнік будуць ключавымі ў вашым навагоднім звароце на 2023 год?

— Я канкрэтнага слова не скажу, але ў гэтым навагоднім звароце я пляную зьвярнуцца ня толькі да прыхільнікаў пераменаў, але і да тых, хто абыякавы да палітыкі, каму нецікава, што адбываецца ў краіне і да таго, што кажа Ціханоўская ўвогуле. Я буду казаць у звароце, што хацела б, каб кожны беларус адчуў адказнасьць за будучыню нашай краіны, зразумеў, што насамрэч адбываецца, бо вельмі шмат людзей глядзяць дзяржаўнае тэлебачаньне, чытаюць дзяржаўныя газэты і, можа, нават да канца не разумеюць, перад чым стаіць зараз наша краіна.

«Уварваньне на дзесяцігодзьдзі зьменіць хаду нашай гісторыі, яно зьменіць стаўленьне да Беларусі ва ўсім сьвеце»

— Думаю, што ў навагоднім звароце будзе гучаць слова «вайна». Вайна Расеі супраць Украіны, у якой Лукашэнка зрабіў Беларусь суагрэсарам. Самае страшнае, што адбылося ў 2022 годзе. На 2023 год розныя прагнозы, і адзін з самых катастрафічных — што Лукашэнка адправіць беларускіх вайскоўцаў ва Ўкраіну. І іншы прагноз — Украіна перамагае ў гэтай вайне, і гэта дае шанцы і магчымасьці для вызваленьня Беларусі ад дыктатуры. Што вы, ваш штаб, кабінэт, дэмакратычныя сілы рыхтуеце, плянуеце на выпадак розных сцэнараў — ад найгоршага да найлепшага?

— Канечне, у наступным годзе я спадзяюся на перамогу Ўкраіны ў гэтай вайне, на вывад расейскіх войскаў зь Беларусі і пачатак перамоваў аб тым, якім чынам увесь наш рэгіён будзе выбудоўваць новую сыстэму бясьпекі. Мы працуем на тое, каб часткай гэтага дыялёгу стала вырашэньне ўнутранага крызісу ў Беларусі. Мы хочам дабіцца вызваленьня людзей з турмаў, зьмены палітычнай сыстэмы. Але мы таксама разумеем, што рэальнасьць можа аказацца зусім іншая. Лукашэнка можа адправіць войскі ва Ўкраіну і тады ў адказ пачнуцца бамбаваньні. І тое, чаму ў 2022 годзе радаваліся беларусы, што «на нашыя галовы не ляцяць бомбы», гэта можа зьмяніцца.

Сёньня чытаю навіны пра пра тое, што ўпала ракета на тэрыторыю Беларусі. Пакуль незразумела, што за ракета, чыя ракета, але ў любым выпадку мы павінны разумець, што гэта вынік дзеяньняў Лукашэнкі, гэта ён уцягнуў нашу краіну ў вайну. І ў выпадку ўступленьня беларускіх войскаў у вайну нам, беларусам, спатрэбяцца моцныя высілкі, каб выратаваць сваю нацыю, сваю краіну. І высілкі нашмат большыя, чым нават цяпер. З Кабінэтам мы ўжо распрацоўваем і сцэнары магчымых дзеяньняў на выпадак уступленьня войскаў, і сцэнары таго, як прывесьці Беларусь да пераходнага пэрыяду.

Але нельга чакаць таго моманту, калі лукашэнкаўскія войскі пяройдуць мяжу з Украінай. Наша агульная задача зараз (я кажу пра ўсіх беларусаў) — зрабіць так, каб такога ўварваньня ўвогуле не адбылося. Я вас прашу. Калі ў вас ёсьць сваякі ці сябры вайскоўцы, размаўляйце зь імі, тлумачце, чаму нельга выконваць злачынныя загады рэжыму. Дапамагайце блізкім пазьбягаць прызыву, не атрымліваць гэтыя позвы. Цяпер вельмі вялікая імавернасьць, што ўварваньне адбудзецца, але гэта ня значыць, што яму ня трэба супраціўляцца. Мы павінны разумець, што ўварваньне на дзесяцігодзьдзі зьменіць хаду нашай гісторыі, нашай краіны. Яно зьменіць стаўленьне да Беларусі ва ўсім сьвеце.

Галоўнае, гэта будзе азначаць, што ўжо ня толькі крызіс, але сапраўдная вайна прыйдзе ў Беларусь у кожны дом. Канечне, калі рэжым давядзе сытуацыю да гэтага, і я, і кабінэт, і дэмакратычныя сілы будзем зь беларусамі. Досьвед у справах абароны Валерыя Сахашчыка, дыпляматычны досьвед Кавалеўскага і Латушкі, досьвед кожнага прадстаўніка дапаможа нам працаваць па ўсіх франтах. Але толькі нашай працы ня хопіць. Ад усіх ініцыятываў, ад усіх мэдыя, ад дэмакратычнай супольнасьці, ад кожнага беларуса спатрэбіцца шмат сіл і энэргіі. Нам прыйдзецца працаваць нашмат больш, чым цяпер. Здаецца, мы ўжо так шмат працуем, але будуць вельмі цяжкія часы, калі гэта здарыцца.

«Аліна Коўшык прапанавала зрабіць 2023-ці годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэньня. Я згодная з такім падыходам»

— Некалькі кароткіх пытаньняў. Самая галоўная падзея ў 2022-м?

— Вайна. Гэта дрэнная падзея. А добрая — Нобэль Алесю Бяляцкаму.

— Самае вялікае расчараваньне ў 2022-м?

— Тое, што беларусаў сталі ўспрымаць суагрэсарамі. Нам спатрэбілася шмат высілкаў, каб пераканаць, што гэта ня так. Да лютага 2022 году беларусы былі героямі, якія змагаюцца за сваю дзяржаву, а пасьля лютага нечакана для нас мы сталі агрэсарамі. Было вельмі цяжка пераконваць, цяжка размаўляць. Калі палітыкі больш-менш разумелі сытуацыю ў Беларусі, аддзялялі рэжым Беларусі ад беларускага народу, то простыя людзі ў кожнай краіне чулі, што Беларусь і Расея ўступілі ў вайну, і яны ўплывалі сваёй думкай на эмацыйныя рашэньні, якія былі зробленыя палітыкамі.

— Тры галоўныя асобы году?

— Немагчыма вылучыць тры асобы, бо іх нашмат болей. Для мяне асабіста гэта Сяргей Ціханоўскі. Я захапляюся тым, як ён трымаецца, якія лісты ён піша дзецям і маме, знаходзіць сілы працягваць барацьбу. Усе тыя, хто працягвае нешта рабіць, хто ахвяруе сваёй свабодай, яны ўсе героі. Іх можна пералічыць пайменна. Сёлета многія беларусы дэманстравалі свайго роду гераізм у розных сытуацыях. Загінулыя добраахвотнікі, такія як Волат і ягоная маці, Брэст ці Васіль Парфянкоў. Нашыя чыгуначныя партызаны, такія як Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Маўчанаў, Віталь Мельнік, якому прастрэлілі калені. Іх сьмеласьць абмяркоўваў увесь сьвет. Дзяўчынка Варвара з Чэхіі, якая перадала дрон беларускім добраахвотнікам, куплены на сабраныя грошы. Наша Вольга Гарбунова, якая адседзела ў жахлівых умовах, але выйшла і не здалася. Зараз яна далучылася да кабінэту, каб дапамагаць палітвязьням.

— Галоўны злачынца 2022-га?

— Тут усё проста. Лукашэнка і Пуцін.

— На што вы спадзеяцеся, на што працуеце, чаго чакаеце ў 2023-м?

— Я спадзяюся, што нам удасца неяк не дапусьціць паўнавартаснага ўступленьня Беларусі ў вайну. Мы будзем працаваць над тым, каб дабівацца вызваленьня палітвязьняў. Гэта наша агульная мэта. Каб беларусы ўнутры краіны і беларусы, якія выехалі, не гублялі сувязі паміж сабой. Я буду рабіць усё магчымае, каб тэма Беларусі гучала з самых высокіх трыбунаў, на міжнародных форумах, каб сьвет ведаў, як беларусы змагаюцца за сваю краіну.

Мне б хацелася, каб у 2023 годзе ў нас зьнікла жаданьне цкаваць сваіх жа. Бо гэты год заканчваецца ня вельмі радасна. Мы ўсе адчуваем, што людзі пачалі вінаваціць адзін аднаго ў тым, што нам усё яшчэ не ўдалося дабіцца сваіх мэтаў. Я заўважала, што пасьля сьмерці Алега Гулака ў сацсетках было вельмі шмат цёплых, добрых словаў у ягоны адрас. Алег безумоўна заслугоўвае гэтых словаў. І тады я падумала, што нам трэба навучыцца хваліць жывых таксама, так, як мы хвалім тых, каго страцілі, хто ўжо нічога ня можа зрабіць.

Аліна Коўшык прапанавала зрабіць 2023-ці годам беларускай мовы і нацыянальнага адраджэньня. Я згодная з такім падыходам. Нават мае дзеці, рускамоўныя дзеці, зараз больш знаходзяцца ў асяродзьдзі беларускамоўных дзяцей, і яны пытаюцца: Мама, а чаму мы раней не вучылі беларускую мову? У мяне няма адказу на гэтае пытаньне, бо я іх так выхоўвала, сама расейскамоўная. І таму гэтаму пытаньню трэба аддаваць больш увагі. Трэба больш беларускага мастацтва, больш беларускіх школаў, кніг, перакладаў, больш кіно, мульцікаў. Калі я кажу «трэба», то я маю на ўвазе, што на палітычным узроўні мы павінны больш падтрымліваць такія праекты. Нам трэба ўкласьці ў галовы людзей, што нам трэба цаніць і шанаваць менавіта сваё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG