Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ў рамках абмену вярнула з палону 108 жанчын


Вызваленыя з палону жанчыны з Узброеных сіл Украіны
Вызваленыя з палону жанчыны з Узброеных сіл Украіны

Украіна і Расея правялі чарговы абмен ваеннапалоннымі.

Кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак паведаміў, што ўпершыню абменьвалі толькі жанчын. Паводле яго слоў, сярод вызваленых украінак 37 эвакуаваных з «Азоўсталі», 11 афіцэраў, 85 шараговак і сяржантаў.

Раней «кіраўнік» так званай «ДНР» Дзяніс Пушылін паведамляў, што абмен прайшоў па формуле 110 на 110. Паводле яго слоў, яны вярнулі 80 цывільных маракоў, 30 вайскоўцаў з «ДНР, ЛНР і іншых рэгіёнаў РФ».

Міністэрства абароны Расеі няроўны абмен растлумачыла тым, што «дзьве ўкраінскія жанчыны перад абменам добраахвотна адмовіліся вяртацца ва Ўкраіну, пажадаўшы застацца ў РФ».

Папярэдні абмен адбыўся 13 кастрычніка. Тады з палону былі вызваленыя 20 украінскіх і 20 расейскіх вайскоўцаў. 11 кастрычніка ва Ўкраіну вярнуліся 32 вайскоўцы. Акрамя таго, удалося вярнуць цела ізраільцяніна Дзьмітрыя Фіялкі. Ён быў дзіцячым футбольным трэнэрам львоўскага «Дынама». Пасьля пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну Фіялка пайшоў добраахвотнікам на вайну і загінуў на пачатку верасьня.

21 верасьня ва Ўкраіну вярнуліся 215 ваеннапалонных, сярод якіх 124 афіцэры. Сярод тых, хто вярнуўся з расейскага палону дадому, былі 108 байцоў «Азову», а таксама супрацоўнікі памежных службаў, паліцыі, сухапутных войскаў і іншыя.

Адзін з тых, каго ў абмен атрымаў расейскі бок, — кум Пуціна Віктар Медзьвядчук. Медзьвядчук — украінскі палітык, лідэр забароненай пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны прарасейскай партыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё». Медзьведчука затрымалі ў красавіку 2022 году, пасьля ўцёкаў з-пад хатняга арышту, дзе ён знаходзіўся па абвінавачаньні ў дзяржаўнай здрадзе. Украінскія ўлады заяўлялі, што могуць абмяняць яго на палонных украінскіх вайскоўцаў. СБУ апублікавала відэа, дзе сам Медзьвядчук прасіў абмяняць яго на «азоўцаў». Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў казаў, што гаворкі пра абмен Медзьведчука не ідзе, бо ён грамадзянін Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG