Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі журналіст напісаў кнігу пра беларускія пратэсты 2020 году і іх наступствы


Нямецкі журналіст Інга Пэц, фота БАЖ
Нямецкі журналіст Інга Пэц, фота БАЖ

Кіраўнік беларускай рэдакцыі нямецкага інтэрнэт-парталу dekoder.org Інга Пэц (Ingo Petz) выдаў кнігу, прысьвечаную пратэстам 2020 году ў Беларусі, пад назвай «Rasender stillstand» (Каркаломны застой).

У ёй журналіст аналізуе, як і чаму пачаліся пратэсты і якія наступствы мае гэтая гістарычная падзея.

У інтэрвію Беларускай асацыяцыі журналістаў Інга Пэц расказаў пра сваю кнігу:

«Я ня толькі паказваю, як радыкалізаваўся рэжым Лукашэнкі і якія жахлівыя рэпрэсіі ён ужывае супраць уласнага насельніцтва, але і як захоўваецца імпульс палітычнага ўдзелу і самавызначэньня, як беларуская грамада ў выгнаньні спрабуе і далей адстойваць беларускі парадак дня ў культуры, у грамадзянскай супольнасьці і ў палітычных органах дэмакратычнага руху. У нямецкамоўных СМІ пра гэта мала пішуць».

Кніга разьлічаная найперш на нямецкамоўных чытачоў, як правіла, вельмі мала абазнаных у беларускай тэме. Інга Пэц адзначыў, што яму «было важна паказаць, што ідэя рэвалюцыі ня зьнікла, а працягвае разьвівацца на многіх узроўнях, нягледзячы на ўсе выклікі й цяжкасьці».

На думку журналіста, найважнейшай прычынай таго, што пратэсты ў Беларусі не прывялі да зьмены рэжыму, «безумоўна, ёсьць велізарны ўплыў Расеі». Разам з тым рэжым Лукашэнкі арыштаваў і выціснуў з краіны лідэраў пратэстаў, а маштабныя рэпрэсіі ў Беларусі прывялі да спаду пратэстаў.

У кнізе Інга Пэц таксама апавядае, як моцна расейская вайна супраць Украіны паўплывала на адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі.

У інтэрвію Інга Пэц адзначыў, што займаецца беларускай тэматыкай ужо 30 гадоў, і ў кнізе сабраныя «ўсе ягоныя веды пра Беларусь» за гэты час. Дзесяцігодзьдзямі ён чытаў навуковыя, публіцыстычныя і аналітычныя матэрыялы пра Беларусь, вывучаў краіну «на ўласным досьведзе», а з з 2020 году ўважліва сочыць за беларускімі мэдыя, каб зразумець, што адбываецца ў Беларусі.

Інга Пэц таксама арганізаваў і рэалізаваў шмат грамадзкіх і культурных праектаў, якія датычаць Беларусі. З 2020 году ён адказвае за прысьвечаны Беларусі праект на нямецкім сайце dekoder.org, задача якога — падвысіць узровень ведаў пра Беларусь у нямецкамоўных краінах.

«Гэта ня проста праца, гэта частка майго жыцьця цягам доўгага пэрыяду — на многіх узроўнях. Я таксама лічу, што Беларусь стала часткаю маёй ідэнтычнасьці. Так здараецца, калі ты інтэнсіўна вывучаеш іншую культуру і пачынаеш разумець некаторыя рэчы. Тады яны становяцца часткай тваёй асобы», — адзначыў нямецкі журналіст.

  • Журналіст і пісьменьнік Інга Пэц нарадзіўся ў 1973 годзе, жыве і працуе ў Бэрліне. Кіраўнік беларускай рэдакцыі інтэрнэт-парталу dekoder.org.
  • Пэц вывучаў гісторыю Ўсходняй Эўропы, славістыку і паліталёгію ў Кёльне (Нямеччына) і ў Расеі. Больш за 25 гадоў піша палітычную аналітыку і культурна-гістарычныя эсэ пра Ўсходнюю Эўропу і, у прыватнасьці, пра Беларусь.
  • Інга Пэц пісаў для выданьняў Süddeutsche Zeitung, Frankfurter Allgemeine Zeitung і Standard. Акрамя журналісцкай працы, ён ладзіць розныя культурніцкія праекты зь беларускімі партнэрамі.
  • Выкладаў журналістыку ў беларускіх і ўкраінскіх навучальных установах. Аўтар некалькіх кніг.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG