Прэмʼер-міністар Польшчы Дональд Туск у пачатку красавіка атрымаў трэці даклад камісіі па расьсьледаваньні расейскага і беларускага ўплыву.
Дакумэнт амаль на 400 старонак, ён зьмяшчае новыя матэрыялы, паведаміў у эфіры TVPinfo кіраўнік Службы ваеннай контрвыведкі Польшчы, старшыня камісіі генэрал Яраслаў Строжык, піша РАР.
«У пачатку красавіка (даклад) патрапіў на стол прэмʼер-міністра. А таксама іншых міністраў, якія дэлегавалі сваіх сяброў у камісію. Даклад засакрэчаны і ўтрымлівае менш за 400 старонак новых матэрыялаў, якія могуць стаць прадметам дасьледаваньня ня толькі камісіі, але і пракуратуры і спэцслужбаў», — паведаміў Яраслаў Строжык.
Камісія па вывучэньні расейскага і беларускага ўплыву ў 2004-2024 гадах была створаная распараджэньнем кіраўніка польскага ўраду ад 21 траўня 2024 году. Апроч старшыні ў склад камісіі ўваходзяць 11 адмыслоўцаў, рэкамэндаваных прэмʼер-міністрам і кіраўнікамі ключавых міністэрстваў.
Свой першы даклад камісія па вывучэньні расейскага і беларускага ўплыву прадставіла 30 кастрычніка 2024 году.
10 студзеня 2024 году камісія прадставіла справаздачу, якая тычылася ў асноўным пэрыяду пачатку пандэміі COVID-19 у Польшчы ў 2020 годзе, калі «актывізавалася дзейнасьць па распаўсюджваньні дэзінфармацыі». У дакладзе ўказана, што супрацьдзеяньне дэзінфармацыйным пагрозам з боку Расеі і Беларусі ў апошнія гады было недастатковым.
15 студзеня 2025 году генэрал Строжык накіраваў у Нацыянальную пракуратуру апавяшчэньне аб падазрэньні ў зьдзяйсьненьні злачынства, зьвязанага зь невыкананьнем службовых абавязкаў былым кіраўніком Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы (ABW) Пятром Паганоўскім, які ўзначальваў ведамства ў 2015-2020 гадах, У дакладзе гаварылася, што Паганоўскі «як службовая асоба ня выканаў свае абавязкі, што стала вынікам рашэньня аб унясеньні зьменаў у статут Агенцтва», у выніку чаго ліквідавалі 10 з 15 мясцовых дэлегацый ABW. Гэтае рашэньне, як напісала камісія, аказала нэгатыўны ўплыў на здольнасьць Агенцтва выконваць свае статутныя задачы і прывяло да істотнай пагрозы дзяржаўнай бясьпецы.
Раней, у ліпені 2024 году, прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што дзяржаўную падтрымку атрымаюць у першую чаргу тыя аддзяленьні Агенцтва ўнутранай бясьпекі (ABW) Польшчы, «якія штодня бяруць на сябе найбольшую нагрузку па супрацьдзеяньні дэстабілізацыі, дэзынфармацыі, кібэратакам і выведніцкай працы ў краіне, арганізаванай Расеяй і Беларусьсю».
Форум