Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эстоніі парлямэнт абавязаў праваслаўную царкву разарваць сувязі з Маскоўскім патрыярхатам


Праваслаўны сабор Аляксандра Неўскага ў Таліне, выгляд зь вежы царквы Олевістэ
Праваслаўны сабор Аляксандра Неўскага ў Таліне, выгляд зь вежы царквы Олевістэ

Парлямэнт Эстоніі прыняў у трэцім чытаньні закон, які наказвае рэлігійным аб’яднаньням краіны зьмяніць статуты і цалкам адмовіцца ад сувязяў з замежнымі структурамі, уключаючы Расейскую праваслаўную царкву (РПЦ), паведамляе Эстонскі грамадзкі трансьлятар ERR.

Згодна з законам, фізычным ці юрыдычным асобам, якія знаходзяцца за мяжой і маюць значны ўплыў, будзе забаронена кіраваць эстонскімі рэлігійнымі абʼяднаньнямі, калі яны нясуць пагрозу бясьпецы, канстытуцыйнаму ладу ці грамадзкаму парадку Эстоніі, а таксама падтрымліваюць ваенную агрэсію або заклікаюць да вайны.

Пасьля ўступленьня ў сілу закону рэлігійныя абʼяднаньні й таварыствы мусяць цягам 2 месяцаў унесьці зьмены ў свае статуты і зьмяніць склады праўленьняў. Калі яны гэтага ня зробяць, суд можа пастанавіць спыніць дзейнасьць царквы ці парафіі.

«Калі суд прыме пастанову спыніць дзейнасьць царквы або прыходу, арганізацыю выдаляць з рэгістру. Прыходы застануцца, будынкі таксама — сакрамэнты праводзіць можна. Але самой царквы як юрыдычнай асобы больш ня будзе. Больш за тое: калі царква будзе зьліквідаваная, уся яе маёмасьць пяройдзе дзяржаве, а ўжо дзяржава будзе вызначаць, што з гэтым рабіць», — цытуе ERR старшыню фракцыі СДП у парлямэнце Эстоніі Лаўры Ляэнэмэтса .

У Эстоніі Маскоўскаму патрыярхату падпарадкоўваецца Эстонская праваслаўная хрысьціянская царква (ЭПХЦ). Лаўры Ляэнэмэтс, які займае і пасаду міністра ўнутраных справаў, лічыць, што яна для «Расеі і Крамля ёсьць найважнейшым інструмэнтам іх уплыву ў Эстоніі».

У красавіку 2024 году Ляэнэмэтс мерыўся прапанаваць парлямэнту Эстоніі прызнаць РПЦ тэрарыстычнай арганізацыяй.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG