Зь ліпеня 2024 году МУС Расеі аб’яўляе вышук усё большай колькасьці беларусаў — за апошнія 5 месяцаў у базу вышуку трапілі больш за 1200 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі, заўважыла «Медиазона». Агулам у Расеі шукаюць ужо больш за 4700 беларусаў.
Штомесяц, пачынаючы зь ліпеня 2024 году, у расейскую базу вышуку дадаюць прынамсі 100 беларусаў, больш за ўсё дадалі ў сьнежні — амаль 300, падлічыла выданьне. У сьпіс яны трапляюць на запыт Беларусі — гэта значыць, іх шукаюць у абедзьвюх краінах.
Цяпер у расейскай базе вышуку знаходзяцца больш за 4700 беларусаў, у той жа час зь яе прыбралі больш за 900 імёнаў.
Выданьне адсачыла, хто трапіў у базу за апошнія 5 месяцаў.
Свабода падкрэсьлівае, што адсутнасьць у гэтай базе вышуку не азначае, што на чалавека не завялі крымінальную справу ў Беларусі і ён не знаходзіцца ў вышуку.
Былыя палітвязьні
За 5 месяцаў у вышуковую базу Расеі дадалі прынамсі 58 чалавек, асуджаных у палітычных справах. Так, сярод былых палітвязьняў у сьпісе актывістка і былая рэдактарка тэлеграм-каналу «Мая Краіна Беларусь» Ірына Шчасная, былы сьледчы Аляксандар Антанюк і сябра страйкаму «Беларуськалію» Андрэй Прылуцкі, асуджаныя ў «карагоднай справе» ў Берасьці (Віталь Брух, Арсень Сіняк, Яўген Сіняк, Кірыл Луд, Алег Кулеша і Зьміцер Панько), іншыя палітвязьні.
Журналісты, праваабаронцы, аналітыкі
У расейскім вышуку апынуліся многія журналісты беларускіх мэдыя, якія працуюць на эміграцыі, у тым ліку галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка, кіраўніца тэлеканалу «Белсат» Аліна Коўшык, журналісты Радыё Свабода Дзьмітры Гурневіч, Алег Грузьдзіловіч і Аляксей Знаткевіч, Марыя Калесьнікава і Зьміцер Лукашук зь «Еўрарадыё», Ірына Новік з Hrodna.life, а таксама супрацоўнікі іншых СМІ і журналісты Глеб Раманаў, Глафіра Жук, Андрэй Скурко, Зьміцер Панкавец, Марыя Булавінская. У сьпісе таксама два намесьнікі старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі і Алег Агееў, вядоўца праекту «Звычайная раніца» Канстанцін Місуна (Каверын) і былая вядоўца праграмы Людміла Лабінская (Міласлаўская).
У сьпіс трапіў праваабаронца цэнтру «Вясна» Аляксандар Буракоў, паэтка і тэлевядоўца Валерыя Кустава, былы кіраўнік жодзінскага тэлеканалу Эльшад Акбераў, адхілены ад пасады ў 2020 годзе пасьля трансьляцыі відэа з гвалтоўнымі разгонамі мітынгаў.
Шукаюць і палітычных аналітыкаў і экспэртаў — у сьпісе Арцём Шрайбман, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Яраслаў Раманчук, Дзьмітры Балкунец. Таксама ў сьпісе пазначаныя беларусы, якім вынесьлі завочныя прысуды ў «справе аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай»: Натальля Рабава, Тацяна Чуліцкая, Вераніка Лапуцька і Аляксандар Шлык.
Актывісты і палітыкі
У вышуковы сьпіс трапілі палітык Вераніка Цапкала, сябра Каардынацыйнай рады Юрась Губарэвіч, былы палітычны актывіст Сяргей Дылеўскі, актывістка і ў мінулым давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова, а таксама экс-кіраўніца штабу Ціханоўскай Марыя Мароз.
Людзі культуры
Шукаюць таксама вакаліста гурта Brutto і шматразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Віталя Гуркова, сьпявачку Мэрыем Герасіменка, стваральніка гурта Ulis Вячаслава Кораня, актора і ўдзельніка праекту «ЧынЧынЧэнэл» Дзьмітрыя Ясяневіча, арт-мэнэджара Аляксандра Чахоўскага, пісьменьніка Сашу Філіпенку, гісторыка Цімафея Акудовіча, кіраўніка Беларускай рады культуры Сяргея Будкіна, мэнэджарку праграм міжнароднай арганізацыі «ЭўраБеларусь» Тацяну Пашавалаву, гомельскага архітэктара і краязнаўцу Сяргей Ляпіна.
Добраахвотнікі
У вышук абʼявілі былога беларускага добраахвотніка Палка Кастуся Каліноўскага Паўла Марʼеўскага і шэраг іншых добраахвотнікаў, а таксама маці загінулага ва Ўкраіне беларускага добраахвотніка Паўла «Волата» Натальлю Суславу.
Блогеры
У вышуку знаходзяцца полацкі блогер і актывіст Сяргей Пазьняк, блогер з Горадні і былы палітвязень Вадзім Ермашук (Vadimati), вядучы праекту «Рэальная Беларусь» Арцём Шапараў, блогерка і былая віцэ-сьпікерка Кардынацыйнай рады Вольга Павук, а таксама экс-рэдактарка «Чорнай ютуб-канала «Дзікае Паляваньне» Яніна Сазановіч.
Сваякі палітвязьняў і палітыкаў на эміграцыі
У абноўленым сьпісе ёсць сваякі як былых палітвязьняў, так і беларускіх палітыкаў на эміграцыі. Сілавікі шукаюць сына былога прадстаўніка па нацыяльнай бясьпецы і абароне ў АПК Валерыя Сахашчыка — Аляксандра. У базе ёсьць дачка былой палітзьняволенай Алены Гнаўк — Аляксандра Семянюк. У Беларусі на яе завялі крымінальную справу за атрыманьне дапамогі, яна выехала з краіны з трыма дзецьмі.ю
Сотні іншых беларусаў
Таксама ў сьпісе апынуліся сотні іншых беларусаў. Напрыклад, у расейскую базу вышуку трапілі выканаўчы дырэктар «Беларускага малоладзевага хабу» ў Варшаве і сябра Каардынацыйнай рады Аляксандар Лапко, IT-бізнэсоўца Яраслаў Ліхачэўскі, былая дырэктарка кінафэстывалю «Лістапад» і Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва ТЕART Анжаліка Крашэўская, мэдыкі Анастасія Бурак і Натальля Кукішава, выхаванец хакейнага клюбу «Гомель» Ягор Тозік, футбалісты Яўген Траянчук (ФК «Сухарава») і Мікіта Грыбаў (гуляе за «Палонія Слубіцэ» ў Польшчы) і іншыя.
Як праверыць сябе
У адмысловым пошуку, дзе зьмяшчаецца абноўленая база расейскага вышуку беларусаў, складзеная «Медиазоной», можна праверыць сябе і сваіх знаёмых.
У табліцы на сайце «Медиазоны» трэба ўставіць хаця б тры літары з прозьвішча. Часьцей за ўсё там не пазначана, паводле якога артыкулу шукаюць чалавека.
Знакам «+» адзначаны тыя, каго дадалі ў базу ў пэрыяд зь лютага па красавік 2024 году. Тыя, каго за гэты час зь яе выдалілі, адзначаныя крыжыкам «х».
Форум