Сярод патрабаваньняў дэманстрантаў было спыненьне падтрымкі Ўкраіны, у прыватнасьці паставак ёй зброі, забесьпячэньне паставак прыроднага газу з Расеі па нізкай цане, нэўтралітэт Чэхіі. Галоўным патрабаваньнем была адстаўка ўраду Пэтра Фіялы, які праводзіць жорсткую палітыку ў адносінах да Масквы.
Дэманстрацыю арганізавалі тыя ж сілы, што і папярэдні мітынг, на які каля месяца таму сабралася каля 70 тысяч чалавек. На гэты раз колькасьць удзельнікаў, паводле ацэнак, была меншай. Акцыі пратэсту, аднак, сынхронна прайшлі і ў шэрагу іншых гарадоў Чэхіі.
Сярод арганізатараў — лідэры шэрагу нацыяналістычных і эўраскептычных апазыцыйных партый, а таксама блогеры і грамадзкія дзеячы. Некаторыя зь іх не хаваюць сваіх прарасейскіх поглядаў, хаця арганізатары і настойваюць на тым, што галоўны іх клопат — рост цэнаў на паліва і камунальныя паслугі, высокая інфляцыя і іншыя эканамічныя праблемы. У іх яны вінавацяць Эўразьвяз і курс цяперашняга ўраду.
Прэм’ер-міністар краіны Пэтар Фіяла пасьля папярэдняга мітынгу заяўляў, што ён быў арганізаваны прарасейскімі арганізацыямі, якія выступаюць супраць інтарэсаў Чэхіі.