Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адным з фондаў, якія ачольвала Анжаліка Мельнікава, стаў кіраваць вайсковец, асуджаны завочна за напад на базу АМАП


У фонда Białoruś Liberty, які раней узначальвала зьніклая старшыня Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, зьявіўся новы кіраўнік.

Віталь Пацехін
Віталь Пацехін

Як сьведчыць рэестар зарэгістраваных у Польшчы арганізацыяў, зьмена кіраўніка ў фондзе адбылася напярэдадні, 9 красавіка. Цяпер праўленьне фонду ачоліў Віталь Пацехін.

Гэта ўдзельнік ініцыятывы «Супраціў», асуджаны ў Беларусі на 24 гады за зьдзяйсьненьне тэракту - атакі на базу АМАП ва Ўруччы ў 2021 годзе. Разам зь ім судзілі Паўла Кулажанку, які пазьней стаў добраахвотнікам ва Ўкраіне. Пацехіну таксама ўдалося выехаць зь Беларусі, дзякуючы падрыхтаванаму заранёў пляну.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Віталь Пацехін нібыта «пры садзейнічаньні непраінфармаваных кантрабандыстаў перамясьціў з Украіны дрон зь вялікай грузападымальнасьцю». Як сьцьвярджаюць у СК, пасьля гэтага ён некалькі месяцаў рыхтаваўся да нападу: уначы на тэрыторыі свайго ўчастку ў Менскім раёне «экспэрымэнтаваў са складам запальнай сумесі і трэнаваўся кіраваць бесьпілётнікам», а таксама мадэрнізаваў дрон, усталяваўшы на яго прыладу для скіданьня грузу і відэакамэру.

Як вынікае з матэрыялаў справы, у ноч з 24 на 25 верасьня Пацехін нібыта «скінуў дзьве пяцілітровыя бутэлькі з запальнай сумесьсю на базу АМАП», пасьля чаго схаваў дрон у схованку і пакінуў тэрыторыю Беларусі. Пазьней дрон знайшлі апэратыўнікі. Ужо за мяжою ён нібыта папрасіў сваякоў забраць з дому вопратку, у якой быў на момант падзеі, і слоік з кампанэнтамі запальнай сумесі і выкінуць іх, пры гэтым нічога не сказаў сваякам пра паходжаньне рэчаў, сьцьвярджаў СК.

Завочна капітана Пацехіна асудзілі на 24 гады турэмнага зьняволеньня. Цяпер ён жыве ў Польшчы, дзе ўзначальвае фонд SNB, кампанія займаецца гуртавым гандлем.

Да свайго зьнікненьня, пра якое стала вядома 25 сакавіка, фонд Białoruś Liberty ачольвала старшыня Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Яе шукаюць, але верагоднай вэрсіі зьнікненьня палітыка дагэтуль не зьявілася.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG