«Рашэньне аб выключэньні пасады „лекар-стаматоляг дзіцячы“ ухвалілі з мэтай паляпшэньня даступнасьці стаматалягічнай дапамогі на ўсіх узроўнях, у тым ліку ў сельскай мясцовасьці, за рахунак больш шырокага кола лекараў-спэцыялістаў стаматалягічнага профілю, здольных яе надаваць», — адзначаецца ў паведамленьні ведамства.
Згодна з рашэньнем, абавязкі дзіцячага стаматоляга будзе выконваць стаматоляг-тэрапэўт.
У сувязі з гэтым у мэдычных унівэрсытэтах аб’ядналі дзьве спэцыяльнасьці інтэрнатуры — «стаматалёгія дзіцячая» і «стаматалёгія тэрапэўтычная» у адзіную спэцыяльнасьць «стаматалёгія тэрапэўтычная і дзіцячая» з прысваеньнем адзінай кваліфікацыі «лекар-стаматоляг-тэрапэўт».
Па выніках такой падрыхтоўкі, лекары змогуць надаваць тэрапэўтычную стаматалягічную дапамогу як дарослым, так і дзецям.
Пры гэтым у Міністэрстве падкрэсьлілі, што структура (дзіцячыя стаматалягічныя кабінэты, аддзяленьні, паліклінікі), сыстэма пасьлядыплёмнай падрыхтоўкі лекараў, якія надаюць стаматалягічную дапамогу дзецям, а таксама «выбудаваная сыстэма наданьня стаматалягічнай дапамогі дзецям ня зьменіцца».
Паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, у Беларусі на 10 тысяч чалавек прыходзіцца 45,5 практыкуючых лекараў і 122,3 — сярэдніх мэдычных працаўнікоў.
Ужо некалькі гадоў у краіне не хапае мэдыкаў, летась у чэрвені шукалі адразу 7000 лекараў.
У сакавіку 2025 году міністар аховы здароўя Беларусі Аляксандар Хаджаеў заявіў, што заробкі мэдыкаў надалей растуць і яны «абсалютна годныя».
«На цяперашні момант сярэдні заробак лекара ў нашай краіне 3189 рублёў. Гэта паказьнік, якім мы можам ганарыцца. Мы імкнемся дасягнуць мэтавага паказьніку 150% ад сярэднерэспубліканскага заробку, і сёньня мы блізкія да яго выкананьня», — працытавала выданьне «Люстэрка» Аляксандра Хаджаева зь ягонага інтэрвію тэлеканалу СТВ.
Паводле яго, дзякуючы падтрыманьню ўладаў, у тым ліку кавідным надбаўкам, лекары ня толькі ня страцілі ў даходах, але і надалей атрымлівалі вышэйшыя заробкі. Ён адзначыў, што цяпер узровень заробку лекараў у Беларусі застаецца на першым месцы сярод працаўнікоў сацыяльнай сфэры.
Сярэдні заробак да сплаты падаткаў у ахове здароўя ў студзені 2025 году склаў 2049,1 рубля, што на 118,6 рубля менш у параўнаньні зь сьнежнем 2024 году (2167,7 рубля). Лекары ў студзені атрымалі 3793,8 рубля, што перавысіла паказьнікі мінулага месяца, калі іхны сярэдні заробак склаў 3723,2 рубля.
Форум