Менскі завод бытавой тэхнікі «Атлянт» з 28 красавіка па 12 траўня сыходзіць у вытворчы прастой. Пра гэта даведалася «Эўрарадыё».
Адзін з журналістаў патэлефанаваў у аддзел кадраў прадпрыемства пад выглядам чалавека, які шукае працу.
Такім чынам выданьне правярала інфармацыю ад крыніцы, якая паведаміла, што «Атлянт» спыняе працу з 21 красавіка па 8 траўня.
Выявілася, што завод працягвае шукаць рабочых, але бліжэйшым часам робіць перапынак — праз афіцыйныя двухтыднёвыя выходныя, якія пазначаныя ў вытворчым календары «Атлянту».
Раней у красавіку стала вядома пра тое, што ў прастой ідзе берасьцейскі завод акумулятарных батарэй «АйПаўэр», супраць якога ў свой час пратэставалі жыхары гораду.
Вялікія праблемы зьявіліся на «Гомсельмашы» і ЗЛіНе. Апошняе прадпрыемства нават узяло крэдыт у банку, каб выплаціць заробкі работнікам за папярэднія месяцы.
Акрамя таго, выданьне Orsha.eu паведаміла пра пачатак ліквідацыі прадпрыемства «Воршааграпраммаш». Вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі летась спрацаваў у плюс, але грошы пайшлі на выплату старых пазыкаў прадпрыемства, і ў красавіку акцыянэры заводу вырашылі пачаць працэс яго ліквідацыі.
Форум