Намесьніца старшыні Менскага гарвыканкама Надзея Лазарэвіч патлумачыла ў эфіры СТВ, чаму Лукашэнку, калі той прыяжджаў на завод «Мотавела» 15 жніўня, паказалі матацыкл францускай кампаніі і кітайскай вытворчасьці Mash X-Ride 650, выдаючы яго за беларускую распрацоўку — матацыкл M1nsk з рухавіком на 650 кубічных сантымэтраў.
На матацыкле назва фірмы Mash была заклеена налепкай з надпісам M1nsk.
«У нас вельмі добрыя кампэтэнцыі, вельмі моцныя канструктары, тэхнолягі на любым прамысловым прадпрыемстве. Нават калі мы нешта ня робім, то мы зможам зрабіць з улікам пэўнага пэрыяду часу. Што тычыцца „Мотавела“, там усё крыху ня так. Сапраўды не было разьвiцьця канструктарскай базы.
Не стаяла задачы па лякалізацыі і ўзмацненьні вытворчасьці менавіта беларускага. Мы дэталёва разьбіраемся па кожным ровары ці іншай машыне, якая там зьбіраецца. Усё лякалізаваць немагчыма. І ня трэба. Трэба вывучыць пазыцыі, якія максымальна рэалізуюцца ў Рэспубліцы Беларусь. 70% ідзе на экспарт на „Мотавела“. Прадукцыя запатрабаваная, нават зьбіраная з машкамплектаў. Прадпрыемства працуе з прыбыткам».
Аднак, як заўважыла The Village Belarus, паўтара года таму Лукашэнка пры прыезьдзе на мотавелазавод паставіў кіраўніку прадпрыемства Мікалаю Ладуцьку канкрэтную задачу — рабіць уласныя матацыклы, а не карыстацца чужымі.
У выніку сёлетняга візыту Лукашэнка даручыў Надзеі Лазарэвіч знайсьці Ладуцьку новае месца працы. Сам Ладуцька пасьля ад’езду Лукашэнкі заявіў, што на «Мотавела» ставяцца да словаў Лукашэнкі як да «наказаў бацькі», якія трэба выконваць.