Спажывецкія цэны ў сакавіку 2025 году вырасьлі на 0,8%, паведамляе Позірк са спасылкай на Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі.
Харчовыя тавары ў сакавіку падаражэлі на 1,2%, нехарчовыя — на 0,4%, паслугі — на 0,5%.
Ад пачатку 2025 году цэны ў Беларусі вырасьлі на 2,8%: харчовыя тавары сталі даражэй на 2,8%, нехарчовыя — на 1,4%, паслугі — на 4,5%.
У гадавым вымярэньні (у параўнанбні з сакавіком 2024 году) цэны павялічыліся на 5,9%. Харчаваньне стала даражэй на 7,5%, нехарчовыя тавары — на 3,2%, паслугі — на 6,6%.
- Рэгуляваньне цэнаў урад увёў у 2022 годзе, каб стрымаць інфляцыю. 6 кастрычніка 2022 году Аляксандар Лукашэнка па выніках нарады падпісаў дырэктыву № 10 «Аб недапушчальнасьці росту цэнаў».
- Пастановай ураду ад 19 кастрычніка 2022 года № 713 у Беларусі ўвялі рэгуляваньне цэнаў на тавары ўсяго спажывецкага кошыка. Пазьней зь яго выключылі некаторыя групы тавараў, падкарэктавалі правілы рэгуляваньня цэнаў.
- Зьмены ў пастанову ўносілі 6 разоў, апошнія папраўкі ўнесьлі 2 красавіка 2025 году. Сьпіс тавараў, што цэны на якія рэгулюе дзяржава, скараціўся з 331 да 211 пазыцыяў (-36,3%).
- Урад заявіў, што рашэньне скараціць пералік «базавалася на неабходнасьці падтрыманьня ўзроўню інфляцыі і выключэньні з цэнавага рэгуляваньня тавараў непаўсядзённага попыту або прэміюм-клясы».
- Дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў прывяло да праблемаў у сыстэме гандлю. Як паведамляе Белстат, у студзені 2025 году рэнтабэльнасьць сыстэмы раздробнага гандлю склала 1,4%. У 2024 годзе ў краіне было 97 стратных арганізацыяў раздробнага гандлю (у 2023 годзе такіх было 88), гэта 14,4% ад іх агульнай колькасьці. Стратаў на адну такую арганізацыю прыпадала 2,8 мільёна рублёў. Так праз замарожваньне цэнаў урадам гандаль у істоце ператварыўся ў беспрыбытковую дзейнасьць. Скарачэньне пераліку тавараў, цэны на якія рэгулююць, як чакаецца, паскорыць інфляцыю.
- Да рэгуляваньня цэнаў рэнтабэльнасьць продажаў у беларускім раздробным гандлі складала 3-5%.
Форум