Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рост коштаў, дэфіцыт запчастак, павелічэньне тэрмінаў рамонту: што адбываецца на рынку аўтасэрвісу Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Санкцыі і сыход заходніх кампаній найбольш балюча адбіліся на стане аўтамабільнага рынку ў Беларусі. Сытуацыю прааналізавала выданьне «Позірк. Навіны пра Беларусь». Пераказваем асноўнае.

Прыпыненьне канвэераў у Расеі выклікала абвал продажаў машын у Беларусі, што суправаджалася ростам коштаў на новыя «бюджэтнікі». Другасны рынак таксама адрэагаваў павышэньнем кошту і скарачэньнем колькасьці сьвежых прапановаў.

Дэфіцыт і падаражаньне наўпрост закранулі таксама абслугоўваньне машын, выклікаўшы недахоп запчастак, расходных матэрыялаў і аўтахіміі. Так, у аўтаблогах і на профільных форумах аўтамабілісты ўсё часьцей скардзяцца на недахоп арыгінальных амартызатараў і рычагоў падвескі.

Цяжкасьці з камплектуючымі, якіх раней было багата, носяць хранічны і сыстэмны характар: на складах запасы заканчваюцца, чарговую партыю «яшчэ не падвезьлі», а «калі падвязуць, ніхто ня ведае». Прычынамі сталі разрыў лягістычных ланцужкоў, нежаданьне многіх заходніх кампаній працаваць зь Беларусьсю і Расеяй, цяжкасьці з дастаўкай праз забарону фурам, зарэгістраваным у Беларусі і Расеі, езьдзіць па ЭЗ.

Як вынік, цяпер кліенты СТА скардзяцца ня толькі на сярэдні чэк, які, паводле іх ацэнак, вырас мінімум у два-тры разы, але і на павелічэньне часу сэрвіснага абслугоўваньня з ранейшых некалькіх гадзін на дні.

«Майстар ужо не прапануе выбраць запчасткі, а рэкамэндуе браць, што ёсьць. Гарантыі не даюць, шчыра папярэджваюць: якасьць „ужо ня тое“», — распавяла выданьню кліентка аўтасэрвісу, якая мяняла тармазныя калодкі, маторнае масла і фільтры ў красовэры Nissan Qashqai (праца заняла больш за тыдзень).

Прызнаюць праблему і дзяржаўныя СМІ, а таксама Нацыянальны статыстычны камітэт. Так, паводле зьвестак Белстату, інфляцыя ў Беларусі за апошнія паўгода асабліва моцна ўдарыла па аўтамабільнай галіне — сярод нехарчовых тавараў больш за ўсё вырасьлі цэны на маторнае масла (+59,63%), запчасткі да транспартных сродкаў (+57,39%), легкавыя аўтамабілі (+39, 44%) і мыйныя сродкі па догляду за аўтамабілямі (35,15%). Пры гэтым трэба ўлічыць, што статыстычнае ведамства ўключае ў свае справаздачы толькі некаторыя, нетыповыя пазыцыі, якія не адлюстроўваюць сытуацыю ў поўнай меры.

Да вайны ва Ўкраіне большая частка запчастак, расходных матэрыялаў і аўтахіміі паступала ў Беларусь праз Расею, але пасьля ўвядзеньня санкцый і добраахвотнага сыходу шэрагу заходніх кампаній з расейскага рынку там таксама сутыкнуліся з дэфіцытам аўтакамплектуючых. Асабліва востра адчуваецца недахоп дэталяў для рухавікоў (дэфіцыт ацэньваецца ў 65%), маторных алеяў (50%) і сьвечак запальваньня (40%). Як прагназуюць экспэрты, сытуацыя наўрад ці зьменіцца да 2023 году, пакуль жа назіраецца рост коштаў.

Выйсьцем для Беларусі могуць стаць пастаўкі запчастак з ЭЗ, аднак яны ўскладненыя абмежаваньнямі для беларускіх фур наведваць ЭЗ, асаблівасьцямі эўрапейскага заканадаўства, а таксама санкцыямі.

Тым ня менш, увоз па «шэрых схемах» амартызатараў і рулявых рэек з Польшчы, Літвы, Латвіі актывізаваўся, аб чым ускосна сьведчаць зводкі беларускай мытні і Сьледчага камітэта. Так, у пачатку жніўня на беларуска-латвійскай мяжы затрымалі грузавік з аўтазапчасткамі, фактычны кошт якіх быў заніжаны ў 10 разоў. У Берасьцейскай вобласьці цяпер расьсьледуюць крымінальную справу супраць мужчыны, які заключаў з кліентамі дамовы аб дастаўцы аўтамабільных запчастак, але 70 чалавек, якія зьвярнуліся да яго, замову так і не атрымалі. Урон ацэньваецца больш як у 100 тысяч рублёў.

Цяперашняя сытуацыя дае шанец аўтавытворцам, якія за апошнія гады арганізавалі вытворчасьці ў Беларусі, Расеі і Кітаі, аднак ня ўсе запатрабаваньні яны могуць задаволіць, ды і расейскі рынак выглядае для іх больш плацежаздольным і прывабным за беларускі.

Так што абслугоўваньне аўтамабіляў у Беларусі немінуча будзе станавіцца ўсё даражэйшым, цяжкім і менш якасным, робіць выснову выданьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG