Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 5 гадоў прыбытак вырас удвая. Што з «Мотавелазаводам», якім застаўся незадаволены Лукашэнка


Штогод у Беларусь завозяць больш за 300 тысяч ровараў, найбольш — з Кітаю. Прыгадваем гісторыю «Мотавелазаводу».

15 жніўня Лукашэнка наведаў «Мотавелазавод» і раскрытыкаваў вытворчасьць. Яму не спадабалася, што ўсе дэталі мадэляў прывазныя. Таксама ён загадаў прызначыць новага дырэктара замест Мікалая Ладуцькі. Глядзім, што цяпер з заводам, і прыгадваем ягоную гісторыю.

Гісторыя

Завод па вытворчасьці ровараў і матацыклаў зьявіўся яшчэ ў 1945 годзе. Да канца 1947 году было сабрана 6580 ровараў. У 1950-я гады на заводзе пачалі вырабляць падлеткавыя ровары «Орленок» і «Ласточка».

У 1951 годзе на заводзе пачалі зьбіраць матацыклы «Москва» М1А, пасьля наладзілі выпуск легендарных матацыклаў «Мінск».

У 2008 годзе на заводзе правялі рэйсталінг асноўнага шэрагу мадэляў. У 2007 годзе ўладальнікам кантрольнага пакету акцый «Мотавела» стала аўстрыйская кампанія АТЕС, а дырэктарам прадпрыемства — бізнэсмэн Аляксандар Мураўёў.

У інвэстара быў шэраг прэфэрэнцый, але за гэта дзяржава патрабавала вывесьці завод у лідэры матацыклетнага і роварнага рынку і стаць буйным экспартэрам у рэгіёне. Гэтага ня здарылася.

У 2013 годзе заводу пралянгавалі шэраг дзяржаўных крэдытаў, але не дапамагло і гэта. Прадпрыемства раздрабілі на шэраг асобных юрыдычных адзінак. Бізнэсоўца Аляксандра Мураўёва асудзілі на 11 гадоў калёніі (махлярства, ухіленьне ад выплаты падаткаў).

Прадпрыемства падзялілася на «Мотавела» і «Мотавелазавод». Першае абвясьцілі банкрутам, яго маёмасьць выставілі на продаж. А другое ўзначаліў экс-кіраўнік Менгарвыканкаму Мікалай Ладуцька. Там і па сёньня зьбіраюць ровары.

Што цяпер з заводам

Апошняя справаздача, якую апублікавала прадпрыемства, датаваная студзенем-чэрвенем 2020 году. Чысты прыбытак за гэты час — 2,1 мільёна рублёў.

  • За 2019 год — 712 тысяч рублёў, за 2018 — 1 мільён рублёў, за 2017 — 973 тысячы рублёў.
  • Агульныя даўгі заводу (па кароткатэрміновых і доўгатэрміновых крэдытах) — 7,6 мільёна рублёў.
  • На заводзе працуюць 130 чалавек, статутны фонд — 8,8 мільёна рублёў. Гэтая сума не зьмянялася з 2018 году.

Калі Лукашэнка прыяжджаў на завод, яму паказалі матацыкл з кітайскіх запчастак, але запэўнілі, што «дызайн тут свой». Як высьветлілася, гэта няпраўда. Лукашэнку паказалі францускі матацыкл Mash X-Ride, які зьбіраецца ў Кітаі. Налепку Mash памянялі на MINSK, а вось X-Ride пакінулі.

Мяркуючы па сайце заводу, тут зьбіраюць мапэды (кошт ад 2660 рублёў), ровары (ад 390 рублёў) і нават самакаты (ёсьць адна мадэль за 350 рублёў).

Падобны самакат можна лёгка знайсьці ў продажы — гэта Yedoo City RunRun, у Эўропе такі каштуе каля 250 эўра.

Кіраўнік

Былога кіраўніка Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцьку прызначылі дырэктарам на «Мотавелазавод» у 2015 годзе, пасьля арышту папярэдняга кіраўніка. Дагэтуль ён працаваў у адміністрацыі Менску, сьпярша кіраваў адміністрацыяй Фрунзэнскага раёну (з 2006 году), пасьля стаў намесьнікам кіраўніка Менгарвыканкаму (2007 год). У 2010 годзе прызначаны кіраўніком Менгарвыканкаму, адпраўлены ў адстаўку ў 2014 годзе загадам Лукашэнкі.

Лукашэнка называў прозьвішча Ладуцькі, калі гаварыў пра карупцыю.

«І калі я гавару пра першага намесьніка Ладуцькі, то ў мяне пад падазрэньнем, як мінімум, сам Ладуцька», — сказаў тады Лукашэнка.

У 2015 Мікалая Ладуцьку прызначылі кіраўніком «Мотавелазаводу». А ў 2018 годзе Ладуцьку абралі кіраўніком Менскага сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў.

Што з выпускам ровараў і матацыклаў і экспартам

За 5 гадоў у Беларусі выпуск ровараў павялічыўся ўдвая. У 2017 іх выпусьцілі 59 тысяч штук, а ў 2021 — 114,4 тысячы штук. Матацыклаў у 2017 годзе выпусьцілі 1302, а ў 2021 — ужо 4585. Рост у 3,5 раза. Гэта, аднак, ня значыць, што ўсе гэтыя мадэлі былі сабраныя на «Мотавелазаводзе».

За ўвесь 2020 год у Беларусь завезьлі 304,2 тысячы ровараў. Большая частка — з Кітаю. Матацыклаў завезьлі больш за 21 тысячу штук. За мяжу ў 2020 годзе Беларусь прадала 238 тысяч ровараў, большасьць зь іх — у Расею.

Таксама Беларусь экспартавала больш за 20 тысяч матацыклаў, і таксама большасьць у Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG