Да родных актывіста Дзьмітрыя Карняенкі ў Беларусі прыходзілі сілавікі
Пра гэта Дзьмітры Карняенка паведаміў 10 красавіка ў сваім Фэйсбуку.
«Мой „экстрэмісцкі“ статус павялічыўся. Цяпер як чалец Хрысьціянскай візіі прызнаны датычным да „экстрэмісцкага фармаваньня“.
Разам з тым павялічыліся і візыты міліцыянтаў да родных. Учора наведвалі бацьку ў Воршы, нават бралі ў яго біяматэрыял. Бацька зьбянтэжыўся і ня дужа распытваў, навошта. А сёньня міліцыянты ўжо пабылі ў цешчы ў Віцебску. Так-та з рознай пэрыядычнасьцю наведваюць (то сьледчыя, то міліцыянты), але гэтыя дні крыху пашырылі свой расклад візытаў», — напісаў актывіст.
Учора стала вядома, што праект «Хрысьціянская візія» трапіў у сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў» — паводле сілавікоў, дачыненьне да яго мае і Дзьмітры Карняенка.
Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў заступілася за Леаніда Судаленку
З заявай наконт новай крымінальнай справы супраць праваабаронцы і былога палітвязьня Леаніда Судаленкі выступіла Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў, паведаміла «Вясна».
Міжнародная праваабарончая арганізацыя адсочвае сытуацыю з правамі чалавека ў сьвеце і апэратыўна рэагуе на новыя факты перасьледу праваабаронцаў, якія змагаюцца за правы грамадзянаў сваіх краін.
Гэтым разам Абсэрваторыя асудзіла крымінальны перасьлед беларускага праваабаронцы Леаніда Судаленкі. Арганізацыя заявіла, што праз завядзеньне на Леаніда Судаленку новай крымінальнай справы беларускія ўлады імкнуцца прымусіць яго замаўчаць і не надаваць падтрымку зьняволеным беларусам, у тым ліку калегам-праваабаронцам.
Пра завядзеньне ў Беларусі ўжо трэцяй крымінальнай справы супраць Леаніда Судаленкі, які жыве за мяжой, стала вядома 25 сакавіка. Тады супрацоўнікі Сьледчага камітэту і пракурор наведалі адрас у вёсцы Бабовічы пад Гомлем, па якім праваабаронца зарэгістраваны для пражываньня. Падчас візыту стала вядома, што Леаніду Судаленку прад’яўлена новае абвінавачваньне — у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу). За гэта яму завочна пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
3 красавіка сьледчыя прыйшлі ўжо да маці Леаніда Судаленкі, якая жыве ў вёсцы ў Гомельскай вобласьці. Жанчыне, якой 87 гадоў, сьледчыя распавялі пра крымінальнае абвінавачаньне яе сына і тое, што ён знаходзіцца за мяжой. Між тым паводле Леаніда Судаленкі раней ён не расказваў маці, што сядзеў у калёніі і зьбіраецца з’ехаць з Беларусі праз перасьлед, бо шкадаваў яе слабое здароўе.
Абсэрваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) рашуча асудзіла перасьлед сваякоў Леаніда, уключаючы яго састарэлую маці, ды заклікала беларускія ўлады неадкладна зьняць усе абвінавачваньні супраць Леаніда Судаленкі.
У 2021 годзе праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня. Ён адбываў пакараньне ў калёніі Віцьба-3, выйшаў на волю ўлетку 2023 году і неўзабаве з’ехаў з Беларусі праз перасьлед.
У 2024 годзе Гомельскі абласны суд завочна зноў судзіў Судаленку паводле частак 1 і 2 артыкулу 361-4 КК і прысудзіў яго да пяці гадоў калёніі і штрафу памерам 650 базавых велічынь, што на момант суду складала 26 тысяч рублёў.
Форум