Надзея — мастачка, працуе над кампутарнымі гульнямі. У Чарнагорыю была вымушаная пераехаць сёлета ў сакавіку. Да гэтага больш за год жыла ва ўкраінскай Адэсе, куды перабралася зь Беларусі з палітычных прычын.
«Спачатку паехалі ў Малдову, спадзяваліся, можа, хутка баявыя дзеяньні скончацца, але не. Праз тры тыдні ў Малдове вырашылі ехаць далей. У Адэсе прывыклі да мора, то выбар спынілі на Чарнагорыі. Для жыцьця выбралі невялічкі курортны гарадок Пэтравац, што паміж Будвай і Барам, — проста там знайшлі жытло. Тут жыве вельмі мала людзей, усё „заточана“ на турыстаў», — кажа суразмоўца.
«Усе адзін аднаго ведаюць»
Пры першым знаёмстве Чарнагорыя здалася Надзеі вельмі прыгожай, казачнай краінай з прыгожымі відамі, гарамі, морам, сэрпантынам.
«Сам Пэтравац вельмі чысты, „вылізаны“. Нібыта такая багатая італьянская вёска. Мы прыехалі яшчэ да пачатку сэзону, і ўсё там было вельмі марудна, разьмерана, усе адзін аднаго ведаюць, вітаюцца. Цяпер мая думка пра краіну не зьмянілася, толькі ўлетку прыехалі турысты. Нас ужо таксама ведаюць у крамах, на пошце».
Самі чарнагорцы аказаліся, па словах Надзеі, вельмі ветлівымі людзьмі. Ніякай непрыязі да расейскамоўных ці беларусаў там няма, з украінцамі выказваюць салідарнасьць.
«Сэрбская мова беларусам на ўзроўні ўспрыняцьця зразумелая, шмат падобных словаў. На ангельскай ня так шмат хто гаворыць, хіба ў сфэры абслугоўваньня ці ў банках. Гэта вельмі спэцыфічная краіна для доўгага пераезду. Гарады ўсе невялікія, слабаватая інфраструктура. Без аўтамабіля складана. У нашым горадзе няма банку, стаматалёгіі. Калі ў сэзон транспарт ходзіць добра, то ў несэзон з гэтым ужо нашмат складаней. Тут няма дастаўкі ежы, няма аплікацый для таксі, толькі ў вайбэр можна напісаць таксісту, каб ён прыехаў».
«Кватэрадаўцы баяцца, што іх падмануць»
Наняць кватэру ў Чарнагорыі таксама квэст, дзеліцца досьведам мастачка. Справа ў тым, што мясцовыя прывыклі здаваць жытло толькі ў сэзон, калі можна купацца ў моры. А каб хто хацеў наняць кватэру на круглы год, то з такім сутыкаліся нячаста.
«Для Чарнагорыі было неўласьціва, што хтосьці да іх едзе на сталае жыхарства. Раней у несэзон цэны былі невысокія. У сакавіку кватэру можна было знайсьці за 400–500 эўра. У летні пэрыяд будуць прапаноўваць за 800–1000 на месяц. Мы ў траўні знайшлі кватэру зь дзьвюма спальнямі і гасьцёўняй за 450 эўра. Нам пашанцавала, хутчэй нармальная прапанова — гэта 600. Ёсьць свая спэцыфіка: у летнія месяцы мы будзем плаціць тысячу эўра, а ў астатнія месяцы каля 250, у сярэднім будзе выходзіць 450. Людзі баяцца, што прабудзем лета і зьедзем, а яны прайграюць», — кажа мастачка.
У дамах амаль нідзе няма цэнтральнага ацяпленьня. Тэмпэратура зімой у сярэднім трымаецца каля +10 градусаў. У найбольш халодныя пэрыяды людзі выкарыстоўваюць кандыцыянэры і абагравальнікі, каб ужо зусім ня мерзнуць.
«Летам у нас камуналка выходзіць 50–70 эўра, зімой — каля 100. Тут гэта ня так крытычна, у Адэсе мы плацілі прыкладна столькі ж», — кажа Надзея.
«Усё вельмі смачнае і натуральнае»
У Чарнагорыі многія звыклыя для беларусаў тавары — ледзьве не далікатэсы.
«Тварагу тут амаль няма, а калі і знойдзеш, то 500 грамаў будзе каштаваць каля 7 эўра. Для іх гэта ўнікальны прадукт. Напрыклад, мы прывыклі да грэчкі, а ў іх гэта вельмі рэдкі тавар. Можна, вядома, недзе знайсьці, але будзе каштаваць каля 4 эўра».
Што тычыцца больш звыклых прадуктаў, то тут усё дастаткова стандартна для Эўропы, кажа Надзея.
«Малако ад 0,9 да 1,2 эўра за літар. За дзясятак яек — 2,5–3 эўра. Тут вельмі шмат пякарняў, хлеб будзе каштаваць 80 цэнтаў. Мяса я ня ем, але сябры кажуць, што цэны адэкватныя. Адзінае, што мала кураціны. Больш распаўсюджаная ялавічына».
У Пэтравацы вельмі шмат невялічкіх рынкаў, дзе можна купляць сьвежую садавіну і гародніну. Надзея называла цэны, знаходзячыся проста ў адной з такіх крамак.
«Памідоры — 1,5–2 эўра за кіляграм. Усё вельмі смачнае, натуральнае, самі вырошчваюць. Кіляграм бульбы — каля 1 эўра, гуркі — 1,6, кабачкі — 1, перац — 1,5. Быў сэзон апэльсінаў, проста сарваныя з дрэва — па 2 эўра. Кавуны спачатку былі па шалёнай цане — каля 3 эўра, а цяпер ужо менш за 1 эўра. Пэрсікі — 3 эўра, вінаград — 3, маліны — 2, чарэшні — 2. Гародніна і садавіна тут вельмі даступныя. У „Грыне“ ў Менску памідоры горшыя, чым тут куплёныя на рынку», — лічыць суразмоўца.
«З рыбакамі можна дамовіцца»
Галоўнай асаблівасьцю мясцовых рэстаранаў Надзея называе вялікі выбар сьвежай рыбы.
«Мы жывём каля мора. Ёсьць адмысловы чат, дзе рыбакі скідаюць здымкі ўлову. Можна падысьці да рыбака, папрасіць, калі нешта зловіць, то патэлефанаваць ці паказаць фоты. Потым можна забраць сьвежую рыбу. На рынку за кіляграм сьвежай дарады просяць 5 эўра. У кулінарыях, дзе яе адразу гатуюць, яна будзе каштаваць 7 эўра».
Па словах мастачкі, з пачаткам летняга сэзону цэны ў рэстаранах падняліся. Калі раней пасядзець аднаму чалавеку з гарачай стравай і алькаголем каштавала каля 30 эўра, то цяпер можа быць і 40, і 45. Кактэйлі былі па 5 эўра, цяпер каля 10. Увосень цэны павінны зноў упасьці.
«Віна тут шмат, і таннага. Нармальнае сярэдне будзе каштаваць ад 2 эўра за келіх. Літар свойскага віна аддадуць за пяць эўра, будзе моцнае. Аліўкавы алей танны, яго шмат робяць тут, за літар просяць 6 эўра. А вось піва мясцовае я б не рэкамэндавала піць, яно недарагое, але нясмачнае».
«Якасьць працы стаматолягаў ня дужа высокая»
З чарнагорскай стаматалёгіяй Надзея сутыкнулася вельмі шчыльна. Яшчэ ў Кіеве яна паставіла сабе брэкеты, то цяпер вымушаная часта бываць на прыёмах.
«Па маіх назіраньнях, мясцовыя спэцыялісты значна саступаюць украінскім. Па цэнах тое самае, а вось якасьць горшая. Прычым я была ўжо шмат у якіх гарадах у стаматолягаў, паўсюль прыкладна аднолькава, і гэта найлепшыя клінікі ў краіне, але яны не дацягваюць да таго ўзроўню, да якога я прывыкла».
Стандартная плёмба будзе каштаваць каля 50 эўра. Муж Надзеі ня так даўно лячыў зуб, у якім апрацоўвалі тры каналы, за гэта ўзялі 120 эўра.
«У сяброўкі прапаў голас, яна выклікала лекара, яе адвезьлі ў шпіталь у іншы горад, аказалі дапамогу і ўвогуле не ўзялі грошай. Іншаму знаёмаму стала кепска з сэрцам, сам паехаў у шпіталь — заплаціў 200 эўра. Калі карысталіся паслугамі платных клінік раней, то цэны ў Чарнагорыі не шакуюць».
«Інтэрнэт ня вельмі якасны»
Надзея ня дужа задаволеная працай мясцовага інтэрнэту, кажа, што ў кепскае надвор’е сьвятло і інтэрнэт увогуле могуць зьнікнуць.
«Турыстычная сімка — гэта 6 эўра на 15 дзён, інтэрнэту хапае, але таксама ён ня вельмі якасны. Калі атрымаеш дазвол на жыхарства, то тарыф будзе лепшы — каля 7 эўра за месяц. Чарнагорцы ўвогуле пакуль слаба ўяўляюць, хто такія айцішнікі. Для іх гэта дзіўныя людзі, якія сядзяць цэлы дзень дома і атрымліваюць вялікія грошы».
Беларуска кажа, што ня дужа звыклая тут сыстэма замовы касмэтычных паслуг. Нельга проста так загугліць, дзе найбліжэйшы салён прыгажосьці, усё трэба шукаць па чатах і ў фэйсбуку.
«За сэанс манікюру трэба аддаць дзесьці 30 эўра. Муж стрыжэцца ад 10 эўра. Можна і 20 аддаць».
«Не хапае стараннасьці»
Надзея перакананая, што для жыцьця ў Чарнагорыі проста неабходна мець машыну, бо грамадзкім транспартам шмат да якіх прыгожых месцаў проста не даедзеш. У цэлым жа білеты на аўтобусы і маршруткі для Надзеі каштуюць у асноўным да 5 эўра, каб заехаць у іншы горад.
«Безумоўна, я магла б рэкамэндаваць Чарнагорыю для тых, хто думае пра пераезд. Гэта краіна для тых, хто хоча рэфлексаваць і адпачываць. Усе вельмі расслабленыя. Першы час гэта нават раздражняе. На касе прадавачка пры вялікай чарзе можа спакойна пайсьці з кімсьці пагутарыць. Але тут можна выдыхнуць і спакойна пажыць. Пэнсія ў Чарнагорыі была б ідэальная».
На сёньня ў чаце беларусаў Чарнагорыі ўжо больш за тысячу чалавек, пры тым, што насельніцтва краіны ўсяго крыху большае за 600 тысяч.
«Мне не хапае тут больш сур’ёзнага стаўленьня да рэчаў, каб людзі былі не такімі расхлябанымі. Можна дамовіцца зь юрыстам, прыехаць, а ён скажа: „Прабачце, я ў адпачынку“. Не хапае стараннасьці — мы, беларусы, больш стараемся. Тут гэтага, на жаль, вельмі мала», — падсумоўвае Надзея.