Лукашэнка 11 красавіка заявіў, што ў Беларусь могуць прыехаць на працу 150 тысяч пакістанцаў. Навіна выклікала ў беларусаў абурэньне і трывогу. Многія выказаліся пра яе крытычна ў сацыяльных сетках. Пазьней сілавікі затрымалі прынамсі некалькіх чалавек, іх змусілі запісаць так званыя «пакаяльныя» відэа з прабачэньнямі за свае выказваньні.
Схільнасьць падпадаць пад чужыя ўплывы
Гісторык Аляксандар Пашкевіч мяркуе, што беларусаў абурыла навіна пра 150 тысяч пакістанцаў, бо гэтулькі людзей іншай культуры, іншага мэнталітэту могуць прыехаць адначасна ў краіну, якая такой масавай міграцыі звонку ня ведала ў агляднай пэрспэктыве і не гатовая да гэтага маральна.
«Прапагандысцкі кірунак СМІ і дзяржаўных уладаў у Беларусі быў скіраваны на дэманізацыю Эўропы, якая прымае шмат мігрантаў, а яны стваралі праблемы… Людзі баяцца, людзі адчуваюць, што гэта нясе ім пагрозу», — тлумачыць абурэньне экспэрт.
На думку гісторыка, беларусы бачаць пагрозу ў тым, што пакістанцы нясуць з сабой іншую культуру.
«Гэта мусульмане. А ў мусульман імідж ня вельмі добры, бо ёсьць ісламісцкія тэрарысты, ісламісцкія арганізацыі ня вельмі добрыя. Ёсьць шмат стэрэатыпаў, маўляў, яны агрэсіўныя, ня вельмі добра ўжываюцца зь мясцовым насельніцтвам, што яны нахабныя, што будуць свае парадкі заводзіць», — кажа Аляксандар Пашкевіч.
Паводле гісторыка, яшчэ адна прычына ў тым, што вялікая колькасьць мігрантаў можа стварыць ціск на працоўным рынку.
«Будуць браць пакістанцаў замест беларусаў. Ад дзяржаўных уладаў прагучала некалькі паблажлівых камэнтароў што да здольнасьцяў беларусаў, што, маўляў, гэтыя пакістанцы такія добрыя работнікі і змогуць працаваць па адным там, дзе трое беларусаў. Ня факт, што гэта так, але так падаю́ць. Няправільную пазыцыю занялі людзі, якія з абавязку павінны тлумачыць гэтую сытуацыю», — думае суразмоўца.
Гісторык адзначае, што Беларусь ніколі не была монаэтнічнай. Заўсёды ў краіне былі прадстаўнікі розных культураў, народаў.
«Быў пэрыяд, калі была вялікая габрэйская дыяспара. Большую частку беларускіх гарадоў цягам некалькіх стагодзьдзяў складалі менавіта габрэі. Мусульманаў таксама запрашалі ўладары Вялікага Княства Літоўскага. Іхныя нашчадкі — невялікая супольнасьць мясцовых татараў», — кажа адмысловец.
Адносіны паміж этнічнымі супольнасьцямі, расказвае ён, складваліся па-рознаму.
«Габрэйская супольнасьць жыла трошкі ізалявана. Свае структуры, кагалы, арганізоўвалі паводле ўласных законаў, правілаў, хаця жылі побач, кантактавалі», — кажа ён.
Аднак, як заўважае гісторык, гэта было даволі даўно. Габрэйская супольнасьць загінула падчас Галакосту. З таго часу памянялася некалькі пакаленьняў.
«Гэта ўжо ня досьвед тых людзей, што жывуць цяпер. Гэта тое, што чулі ад дзядоў-прадзедаў, але не засьпелі ў рэальнасьці. Цяпер Беларусь — ня тая краіна, у якой ёсьць вялікія іншанацыянальныя і іншаканфэсійныя супольнасьці», — заўважае ён.
На думку Пашкевіча, стэрэатып пра талерантных беларусаў — вялікі міт. Аднак ён усё ж мяркуе, што беларусаў нельга назваць і ксэнафобскім народам.
«На працягу гісторыі нават габрэйска-беларускія адносіны не набывалі такой вастрыні, як у Польшчы, Украіне ці іншых краінах. У параўнаньні зь імі ў нас звычайна было спакайней», — камэнтуе ён.
Аднак цяпер міт пра выключную талерантнасьць беларусаў, на ягоную думку, зьвязаны з тым, што беларусы жылі ў апошні час без прысутнасьці сярод іх вялікіх супольнасьцяў іншых народаў.
«Канфлікты на гэтай глебе не маглі ўзьнікнуць, нельга было праверыць гэта на практыцы. Часам талерантнасьць блытаюць са схільнасьцю беларусаў падпадаць пад чужыя ўплывы, пад русыфікацыю. Гэта не зусім адно і тое ж. Але рэакцыя беларусаў на чужую культуру і стаўленьне да чужынцаў, якія інакшыя і няма падставаў успрымаць іх пазытыўна, не адрозьніваецца прынцыпова ад рэакцыі іншых народаў», — мяркуе гісторык.
«Талерантнасьць — гэта сьвядомы выбар»
Псыхоляг Натальля (Прозьвішча суразмоўцы дзеля бясьпекі не называем. — РС) мяркуе, што ключавы аспэкт у незадавальненьні беларусаў навіной аб прыезьдзе пакістанцаў — недахоп інфармацыі, бо з заявы Лукашэнкі не было ясна, калі і куды менавіта прыедуць гэтыя людзі.
«Калі ў нас узьнікла няпэўнасьць, калі мяркуем, што яна можа прынесьці шкоду, што яна зьвязаная з пагрозай, — нам гэта не падабаецца. Мы як беларусы прызвычаіліся: тое, што робіць рэжым (Лукашэнкі), — гэта напэўна дрэнна, гэта нам не нясе нічога добрага», — кажа суразмоўца.
Яна тлумачыць, што на такую няпэўнасьць чалавек можа рэагаваць або страхам (што адбудзецца гвалт з боку мігрантаў, што яны зоймуць працоўныя месцы), або агрэсіяй (калі людзі запісваюць у TikTok абразьлівыя ці сьмешныя відэа, бо высьмейваньне гэта таксама агрэсія).
Яшчэ адна прычына, на думку псыхоляга, у даволі стэрэатыпізаваным мысьленьні беларусаў.
«Асабліва калі ў нас сытуацыя стрэсу (а ў беларусаў пастаянная сытуацыя стрэсу), мы ня схільныя заглыбляцца ў нюансы, разьбірацца, хто там прыедзе, ці яны добрыя людзі, ці яны сапраўды спэцыялісты, як гэта заяўляецца, ці гэта мігранты, якія будуць штурмаваць мяжу. Нам прасьцей у крызіснай сытуацыі сказаць сабе, што ўсё будзе дрэнна, страшна, пагрозьліва, небясьпечна, бо такі мэханізм, які калісьці нам дапамагаў выжываць», — кажа яна.
Паводле Натальлі, беларусы не талерантная нацыя. Трэба разьмяжоўваць талерантнасьць і калі чалавек трывае.
«Талерантнасьць — гэта сьвядомы выбар. Калі я настаўляю сябе на тое, што буду добразычліва ставіцца да таго, хто мне чужы, да „Іншага“ зь вялікай літары, да таго, хто не падобны да мяне. У беларусаў, мне здаецца, іншая сытуацыя. Нам не давалі выбару, ці ставіцца паблажліва, ці ня ставіцца. Нам ставілі выбар: альбо нас заб’юць, альбо маўчыце. Так у нас выпрацавалася хутчэй такое маўчаньне, мы трываем», — тлумачыць яна.
Паводле псыхоляга, трываць — ня значыць ставіцца добра.
«Мы проста зрабіць нічога ня можам. А калі можам нешта зрабіць, напрыклад, запісаць відосік, калі можам нейкую поскудзь зрабіць, мы зробім», — мяркуе яна.
На думку экспэрткі, боязь беларусак перад сэксуальнымі злачынствамі з боку мігрантаў выкліканая стэрэатыпамі, і яны могуць быць небеспадстаўнымі.
«Ёсьць даволі ўстойлівыя стэрэатыпы, якія круцяцца вакол усходніх цывілізацыяў. З пакістанцамі, афганцамі, іранцамі зьвязаныя стэрэатыпы, небеспадстаўныя, бо асаблівасьці культуры ёсьць. Ня ведаю, наколькі адрозьніваецца культура Афганістану і Пакістану, але ў тых рэгіёнах ня самыя свабодныя жанчыны», — кажа яна.
Суразмоўца дадае, што ў сытуацыі стрэсу чалавек, які адчувае небясьпеку, хоча перастрахавацца і абараніць сябе, таму так рэагуе.
Форум