Свабода правяла невялікае апытаньне ў сацыяльных сетках і тэлеграм-канале пра тое, чаго беларускага беларусам бракуе за мяжой найбольш. Удзел у апытаньні ўзялі некалькі тысяч чалавек (толькі ў галасавалцы на тг-канале Свабоды — звыш 1000). Прапануем вам топ-5 пазыцый, па якіх беларусы сёньня сумуюць найбольш (рэйтынг складаўся пасьля першай тысячы галасавальнікаў).
Сярод атрыманых адказаў найчасьцей згадваліся прадукты харчаваньня. З таго, што ня трапіла ў топ-5, беларусы найчасьцей сумуюць па глыбоцкай ці рагачоўскай згушчанцы і зэфіры ў шакалядзе. А таксама па беларускіх леках і бялізьне айчынных вытворцаў.
5-е месца. Кефір, малако, тварог і іншыя малочныя прадукты
«У Польшчы вельмі не стае беларускіх малочных прадуктаў: сьмятаны, кефіру, — напісалі Свабодзе чытачы. — Беларускія на смак былі нашмат больш звыклымі, чым тыя, што мы раней куплялі ва Ўкраіне і пасьля ў Польшчы. У Польшчы яны ўжо бліжэйшыя смакам да беларускіх прадуктаў, але ўсё адно ня тое».
«Вітаю! Цяпер я жыву ў Бразыліі, — піша іншая чытачка. — Мне і майму хлопцу, які вучыўся ў Беларусі, бракуе тварагу ды сьмятаны. Але сьмятану можна зрабіць самім, бо вяршкі па кансыстэнцыі да яе падобныя».
Малочныя прадукты, у адрозьненьне ад многіх іншых папулярных у Беларусі, распаўсюджаныя і ў большасьці з тых краінаў, куды пераехалі тысячы беларускіх мігрантаў. Аднак ня ўсе зь іх такія ж на смак, а некаторыя ўвогуле цяжка знайсьці. У Грузіі, напрыклад, няпроста з кефірам. А на паліцах літоўскіх крамаў цяжка знайсьці сьмятану зь менш як 25% тлушчу. Найбліжэй да беларускай польская «малочка», аднак і там ёсьць свае асаблівасьці ў смаках і рэцэптах.
4-е месца. Пяльмені
Пяльмені складана назваць беларускай стравай, аднак дзякуючы айчыннай харчовай прамысловасьці і лёгкасьці ў захоўваньні ды прыгатаваньні яны сталі адным з самых папулярных прадуктаў. Аналягі гэтай сібірскай (а мо і кітайскай) стравы ёсьць амаль у кожным рэгіёне сьвету. Грузінскія хінкалі, украінскія варэнікі, польскія перогі — усё гэта ў рознай ступені падобна да папулярных у Беларусі пяльменяў, аднак усё ж не зусім тое. Як выйсьце — наляпіць традыцыйных пяльменяў самастойна. Муку, мяса розных гатункаў і соль з вадой пакуль яшчэ можна даволі лёгка знайсьці ў большасьці краін сьвету.
3-е месца. Чорны хлеб і хлебны квас
«Добры дзень! Мне ў Славаччыне больш за ўсё не хапае квасу!, — піша яшчэ адзін чытач Свабоды. — Славакі замест квасу п’юць піва або мясцовы напой Кofola, які нагадвае «Байкал».
Пра адсутнасьць хлебнага квасу і чорнага жытнёвага хлеба напісалі таксама беларусы, якія цяпер жывуць у Грузіі, Польшчы на Балканах і ў іншых рэгіёнах. І гэта сапраўды праблема, бо падобныя па смаку прадукты з усіх папулярных у рэлякаваных беларусаў рэгіёнаў і краін можна знайсьці толькі ў Літве. Літоўскі хлебны квас амаль не адрозьніваецца смакам ад беларускага, у продажы яго некалькі розных гатункаў, у любой тары на выбар. Чорнага хлеба на паліцах літоўскіх крамаў яшчэ больш, чым у Беларусі. Купіць сьвежасьпечаны бохан можна нават на рынку.
У іншых краінах з квасам і звыклым для беларусаў хлебам могуць узьнікнуць праблемы. Да падзей 2020 году «Лідзкі квас» можна было купіць у вялікіх супэрмаркетах у Польшчы, аднак цяпер там беларускіх прадуктаў больш няма.
2-е месца. Глазураваныя сыркі
Яшчэ адзін прадукт, які ня мае нічога супольнага з традыцыйнай беларускай культурай, аднак прыязна ўспрымаецца многімі беларусамі. У адрозьненьне ад пяльменяў, глазураваныя сыркі распаўсюдзіліся ў СССР у пасьляваенны час і застаюцца папулярнымі пераважна на яго былой тэрыторыі. Акрамя Беларусі, іх можна лёгка знайсьці ў Расеі, ва Ўкраіне, Казахстане і ў краінах Балтыі. Асабліва шмат гатункаў тварожных сыркоў, пакрытых шакаляднай глазурай, прадаецца ў Літве.
Пра тое, што ім хочацца беларускіх тварожных сыркоў, Свабодзе напісалі беларусы з Сэрбіі, Польшчы, Грузіі і іншых краінаў.
1-е месца. Лясы, палі і лугі
Абсалютны лідэр апытаньня — беларуская прырода і рэльеф. Яны сфармаваліся на працягу апошніх 300-500 тысяч гадоў у выніку неаднаразовага ўзьдзеяньня ледавікоў. Невялікія ўзвышшы на тэрыторыі Беларусі суседнічаюць зь нізінамі, парослымі хвойнымі альбо зьмяшанымі лясамі. Адносна падобныя рэльеф і прыроду можна пабачыць ва ўсходняй частцы Літвы і ў цэнтральнай Польшчы, аднак там будзе іншы клімат.