Пра жыцьцё ў курортным горадзе, а таксама цэны на арэнду жыльля, харчаваньне і забавы Сямён падрабязна расказаў Свабодзе ў рамках праекту «Новая зямля».
«Новая зямля» расказвае пра жыцьцё людзей, якія пакінулі краіну, але не перасталі быць беларусамі.
Першыя ўражаньні
«Калі казаць у двух словах, то тут была зусім іншая атмасфэра, чым у Беларусі, зь якой я зьяжджаў. Цяжка было звыкнуцца, якія тут разьняволеныя людзі. Як яны ўмеюць радавацца жыцьцю. Нават не матэрыяльны момант, а менавіта псыхалягічны ўразіў найбольш», — кажа Сямён.
Па яго словах, ад мясцовых на першым часе чулася спачуваньне беларусам, якія пераяжджалі ў Батумі, і разуменьне іх сытуацыі.
«Ніхто не касавурыўся. Было шмат падтрымкі. З пачаткам вайны сытуацыя зьмянілася троху, але Батумі застаецца досыць прывабным для жыцьця горадам», — кажа ён.
Кватэра
«Кватэру я знайшоў праз знаёмых беларусаў. Гэта двухпакаёвая кватэра (у нашым разуменьні хутчэй палутарка) за 300 мэтраў ад мора. Увесь летні пэрыяд аж да кастрычніка мы плацілі 450 даляраў на месяц. У зімовы, да сакавіка, — 250».Але як пачалася вайна ва Ўкраіне, цэны ўзрасьлі. У Батумі перабіралася ўсё больш беларусаў, а таксама расейцаў і ўкраінцаў.
«Па розных чутках, сюды перабралася да 15 тысяч. Расейцы ж чамусьці надоўга ў горадзе не затрымліваліся, шукалі сабе іншыя варыянты. Ужо ў сакавіку нам паднялі арэнду да 350 даляраў, хоць мінулая дамова нібыта дзейнічала да лета. Яшчэ ня бачыўся з гаспадаром, але ён казаў, што шкадаваць у сэзон ня будзе — мінімум 550 даляраў».
Сямён расказвае, што сочыць за цэнамі на арэнду нерухомасьці ў розных суполках экспатаў Грузіі. Па яго словах, цяпер наняць жыльлё за 500 даляраў амаль немагчыма — стандартная цана 600–700 даляраў.
«Не выключаю, што лета давядзецца пераседзець дзесьці ў Кабулеці ці ў гарах, дзе арэнда таньнейшая», — кажа мужчына.
Камуналка
Валюта Грузіі — лары. За адзін лары даюць каля 87 беларускіх капеек. За адзін амэрыканскі даляр — каля 3 лары. Далей для зручнасьці будзем дубляваць цэны ў далярах.
«У летні пэрыяд камуналка выходзіць каля 85–100 лары (29–34 даляры). Зімой выходзіла пад 200 лары (68 даляраў), самае большае — 250 (85 даляраў), калі ўключалі ацяпленьне, выпадаў сьнег. У цэлым зімой было дастаткова цёпла, нягледзячы на вецер з мора. Ацяпленьне амаль паўсюль на газе, а газ тут дастаткова танны ў параўнаньні з электрычнасьцю».
Прадукты харчаваньня
Сямён расказвае, што, па яго адчуваньнях, на ежу аддаюць прыкладна столькі ж, колькі трацілі на гэта ў Беларусі. У першыя месяцы, кажа суразмоўца, плацілі болей, бо яшчэ не арыентаваліся, у якія крамы можна пайсьці, дзе ёсьць зьніжкі.
«Першае, што ўразіла: у Батумі істотна даражэйшы цукар — каля 3,8 лары (1,3 даляра). Ён здаваўся вельмі дарагім. Алей таксама дарагі — 9–10 лары (3–3,5 даляра). Прычым не абавязкова будзе літар алею, можа быць і 700 мілілітраў».
Па словах Сямёна, ад пачатку вайны моцна вырасьлі цэны на расейскую прадукцыю, альтэрнатывы якой часам проста няма ў грузінскіх крамах. Напрыклад, такая сытуацыя з мукой.
«Яйкі, малако, мяса ня надта падняліся ў цане. Але ўсё моцна залежыць ад крамы. Буду называць сярэднія цэны па горадзе. Дзясятак яек, тут можна купіць і пятнаццаць, каштуе 4,5–5 лары (1,5–1,7 даляра). Малако 2,5% тлустасьці — 3,5–3,7 лары (каля 1,2 даляра), калі 3,6% — то 5 лары (1,7 даляра). У вялікіх і малых крамах сьвіная выразка бяз сала ідзе па цане 18–21 лары (6–7 даляраў) за кіляграм, ялавічына — 24–25 (каля 8,3 даляра). Гэта пра філейныя часткі. Рэбры чамусьці даражэйшыя, чым чыстае мяса. Мы знайшлі фірмовую краму па продажы курыцы, дык яна каштуе каля 10 лары (3,4 даляра) за кіляграм, калі браць тушку. Самае дарагое філе — 15 лары (5 даляраў). Сьцёгны — 7 лары (2,4 даляра). Шаўрма з курыцай будзе каштаваць каля 8 лары (2,7 даляра), зь ялавічынай — 11 (3,7 даляра)», — расказвае Сямён.
Рынак
Суразмоўца кажа, што для ўдалых закупаў на рынку ў Батумі трэба, каб грузіны прынялі цябе за свайго. Інакш цэны будуць істотна вышэйшыя.
«Рынак вельмі спэцыфічны. Вядома, што гандляры нажываюцца на турыстах. Я там купляю заўсёды ў аднаго чалавека. Калі ён у кастрычніку пабачыў, што я нікуды не зьяжджаю, то стаў прадаваць усё па грузінскіх цэнах. Раней літар каньяку мне каштаваў 25 лары (8,5 даляра), а цяпер — 15 (5,1 даляра). Выгадна купляць малочку, розныя тварагі, магчыма, і мяса, калі пастараесься».
Садавіна і гародніна
Маленькіх крамаў, якія спэцыялізуюцца на продажы зеляніны і садавіны, у Батумі хапае ля кожнага дому.
«У разгар сэзону самыя танныя клубніцы былі па 5 лары (1,7 даляра), самыя дарагія — 15 (5,1 даляра). Сярэдняя цана ў сэзон — 7–8 лары (каля 2,5 даляра). Вельмі клясныя клубніцы з Кахетыі, у Беларусі такіх няма. Бананы тут дарагія прыкладна ўвесь год — 4,5–5 лары (1,6 даляра). Чарэшні пад канец дня можна знайсьці за 5 лары (1,7 даляра), але сярэдняя цана — 7–10 лары (каля 3 даляраў). Абрыкосы і пэрсікі недарагія — па 3–4 лары (каля 1,2 даляра). Яблыкі пакуль што дарагія — каля 5 лары (1,7 даляра). Выглядаюць кепска, бо не сэзон на мясцовыя, таму вязуць з Турэччыны».
А вось гародніна ў цэлым таньнейшая за тую, што прапануюць у Беларусі.
«Здаравенныя ружовыя памідоры — ад 3 лары (1 даляр) за кіляграм. Максымальная цана на памідоры — гэта 7 лары (2,4 даляра), за столькі хіба аддадуць чэры на галінцы. Маладая бульба цяпер каштуе каля 1,5 лары (0,5 даляра), вялікая — 1,7 лары (0,6 даляра). Гуркі ў раёне 2 лары (0,7 даляра)».
Рэстараны і кавярні
Сямён кажа, што з улікам сілаў і часу, якія аддаеш на гатаваньне ежы ў хатніх умовах, часам лепш паесьці ў кавярні. Каштаваць гэта будзе не істотна даражэй.
«Мы знайшлі каля 3–5 рэстаранаў, куды імкнемся хадзіць. Ходзім раз на тыдзень дзесьці. На сям’ю з чатырох чалавек укладваемся прыкладна ў 60 лары (каля 20 даляраў). Мы з жонкай бяром па паўнавартаснай страве, а дзецям ці адну страву на дваіх, ці шашлык плюс бульбу-фры. Гэта зь мінімальным наборам напояў — чача ці піва, а таксама сок. Калі браць нейкія салаты і дадаткі, то будзе даражэй».
Паколькі выхадцаў зь Беларусі, Расеі і Ўкраіны ў Батумі паболела, то вырасьлі цэны і на папулярныя грузінскія стравы, такія як хачапуры і хінкалі.
«Маленькі хачапуры будзе 9 лары (3 даляры), вялікі — каля 12 лары (4 даляры). Хінкалі таксама падаражэлі — калі толькі прыехалі, то можна было знайсьці за 80 тэтры за штуку (0,25 даляра), а цяпер ад 1 лары да 1,5 (каля 0,45 даляра). Фабрычнае віно было 12 лары (4 даляры) за літар, цяпер жа падрасло ў цане на 1–1,5 лары. Трымаюць цэны тыя вытворцы, у каго большыя аб’ёмы».
Мэдычныя паслугі
Яшчэ да вайны сям’я аформіла сабе мэдычныя страхоўкі. На чалавека страхоўка каштуе каля 270 даляраў на год, у яе ўключаная магчымасьць выкліку хуткай дапамогі, а таксама аказаньне мэдычных паслуг.
«Нядаўна мы былі на кансультацыі ў эндакрыноляга зь дзіцем, яна каштавала 60 лары (20 даляраў). Год назад яна каштавала столькі ж».
Паслугі стаматолягаў у Грузіі таньнейшыя, чым у Польшчы ці Літве, куды таксама выяжджаюць беларусы.
«Рабілі панарамны здымак малому: ён каштуе 30 лары (10 даляраў), для дарослага — па 50 лары (17 даляраў) за ніжнюю і верхнюю сківіцу асобна. Выдаленьне зуба — 90–100 лары (30–34 даляры). Нескладаная плёмба без апрацоўкі каналаў — 60–70 лары (20–24 даляраў). Калі ж выдаліць нэрв ці пачысьціць канал — ад 130 лары (44 даляры). Вельмі шмат стаматалягічных кабінэтаў, многія расейцы сюды едуць лячыць зубы».
Цырульня
«Дарослая мужчынская стрыжка — 15–20 лары (5–7 даляраў), дзіцячая — 10 (3,4 даляра), жаночая — 20 (7 даляраў)», — кажа Сямён.
Адзеньне
Суразмоўца адзначае, што ў Батумі шмат турэцкіх сеткавых крамаў з адзеньнем, многія з гэтых сетак працуюць і ў Менску. Але цуды лягістыкі такія, што адзеньне вязуць не наўпрост з Турэччыны, а ўжо з Расеі.
«Летнія майкі самыя танныя — 15 лары (5 даляраў). Джынсы ці шорты з нармальнай па якасьці тканінай — 30–35 лары (10–12 лары). Мы ходзім у Waikiki, я купляў там джынсы ад 40 да 60 лары (13–20 даляраў). Мне падаецца, што адзеньне троху таньнейшае, чым у Беларусі».
Многія мясцовыя лічаць за лепшае езьдзіць па адзеньне проста ў Турэччыну — гэта выходзіць таньней. У горадзе таксама шмат сэканд-хэндаў.
«Танныя красоўкі каштуюць каля 50 лары (17 даляраў). Купляў зімовыя боты, то аддаў за іх 170 лары (58 даляраў). Тым ня менш знайсьці якасны, няхай і дарагі, абутак — праблема».
Забавы, культурнае жыцьцё
Паколькі Батумі — горад курортны, то на набярэжнай шмат забаваў для дзяцей і дарослых.
«Праехаць на паравозіку — гэта 20 тэтры (7 цэнтаў), прайсьціся канатнай дарогай — 30 тэтры (10 цэнтаў). У музэі схадзіць каштуе 10–15 лары (3–5 даляраў), шмат дзе дзецям бясплатна. Калі браць экскурсію на тры гадзіны за межы Батумі (мост Царыцы Тамары і вадаспады), то на сям’ю выйдзе 150 лары (50 даляраў). Нядаўна езьдзілі ў Сванэтыю з начлегам, за ўсю сям’ю мы заплацілі зь пераездамі, гатэлем і чатырма прыёмамі ежы каля 260 даляраў».
Мабільная сувязь
Сямён кажа, што асобна за інтэрнэт ня плаціць. Гэтая сума ўваходзіць у камуналку, а вось мабільная сувязь падаражэла цягам апошніх месяцаў.
«Раней я плаціў за званкі 3 лары (1 даляр) у месяц і 3 лары на тыдзень за інтэрнэт. Агулам выходзіла 15 лары (5 даляраў) у месяц. Цяпер жа 3 лары на месяц за званкі засталося па-ранейшаму, а вось за інтэрнэт плачу па 4 на тыдзень. Таму выходзіць 19 лары на месяц (6,5 даляра). Раней мог плаціць і па 30 лары (10 даляраў), калі не разьбіраўся, як гэта дзейнічае».
Агульныя адчуваньні
Сямён кажа, што ягонае жыцьцё не надта зьмянілася ў параўнаньні зь Беларусьсю.
«Хіба што ў Беларусі мы радзей хадзілі па рэстаранах. Толькі калі ў дзяцей былі дні нараджэньня, то маглі выехаць у Менск. Цяпер мы ходзім часьцей. Але і працуем з дому, таму гэта вымушаная мера. Толькі ў гэтым дазваляем сабе больш. Садавіны і гародніны тут большы выбар, але і ў Беларусі ў сэзон дазвалялі сабе заўжды і чарэшні, і клубніцы. Прыкладна тое на тое выходзіць».
Што за горад Батумі
Горад і порт на ўзьбярэжжы Чорнага мора ў Грузіі. Адміністрацыйная сталіца Аджарыі. У 2020 годзе ў Батумі жылі каля 200 тысяч чалавек — гэта другі па колькасьці насельніцтва горад краіны пасьля Тбілісі. Больш за 90% насельніцтва — грузіны. Да Батумі рэгулярна лётаюць рэйсы «Белавія».