Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Цэнтральнага ацяпленьня амаль нідзе няма, на зіму купляюць абагравальнікі». Плюсы і мінусы жыцьця ў Партугаліі


Праект Свабоды «Новая зямля» расказвае пра жыцьцё людзей, якія мусілі пакінуць краіну, але не перасталі быць беларусамі.

Герман Вярцінскі раней быў супрацоўнікам крамы Symbal.by, а сёньня працуе ў сфэры сацыяльных мэдыя. У 2021 годзе пераехаў жыць ва Ўкраіну, а ў 2022-м — у Партугалію. Пра тое, чым яго прывабіла жыцьцё ў самай заходняй краіне Эўропы, Герман расказаў Свабодзе.

«Закрыў гештальт»

Герман расказвае, што пераяжджаць жыць у Партугалію на стала не плянаваў. Прыехаў у Лісабон у студзені 2022 году, маючы з сабой адзін заплечнік. Хацеў прабыць у краіне два-тры месяцы, а потым вярнуцца ў Кіеў. 24 лютага ва Ўкраіне пачалася вайна, таму Вярцінскі прыняў рашэньне заставацца ў Партугаліі.

Герман Вярцінскі
Герман Вярцінскі

«Трапіць у Партугалію хацеў даўно, яшчэ ў 2020 годзе былі купленыя квіткі, але праз каранавірус паездку давялося адмяніць. У мяне заставаўся такі незакрыты гештальт; цяпер, атрымліваецца, яго закрыў.

Калі я прыехаў у студзені, то атмасфэра была зусім іншай, чым у Беларусі ці Ўкраіне: +15-18 градусаў, вельмі сонечна, моцна ўразіў такі кантраст. Сюды найперш і едуць па клімат».

Па словах Германа, да пачатку баявых дзеяньняў ва Ўкраіне ў партугальскім беларускім чаце ў Telegram было ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, цяпер жа там каля 1500 карыстальнікаў. У Лісабоне ўжо жыў аднаклясьнік беларуса, які і дапамагаў абжыцца на новым месцы.

«Знайсьці жытло вельмі няпроста»

Герман наракае, што цэны на арэнду жытло — гэта галоўны мінус, які ёсьць у Партугаліі. Рынак нерухомасьці вельмі малы, новыя дамы будуюцца слаба, а колькасьць іншаземцаў, якія хочуць жыць у гэтай краіне, толькі расьце.

«У Партугаліі вельмі выгадныя ўмовы для людзей, якія займаюцца крыптавалютай, едуць шмат айцішнікаў. Ім не праблема заплаціць вялікія грошы за арэнду кватэру. А самі партугальцы зарабляюць па 1000-1100 эўра пасьля выплаты падаткаў, ім складана зьняць кватэру ў сваім жа горадзе, таму многія аддаюць перавагу жыць з бацькамі альбо ўкладвацца хутчэй у куплю нерухомасьці».

Лісабон
Лісабон

Хлопец спачатку здымаў асобны пакой, за які плаціў 450 эўра ў месяц — гэта ў цэнтры Лісабона. Цяпер яму ўдалося знайсьці невялікія апартамэнты (25-30 квадратных мэтраў), таксама недалёка ад цэнтру, за якія давядзецца аддаць 700 эўра.

«Знайсьці жытло — вельмі няпростая задача. Калі я прыйшоў глядзець першую кватэру, то стаяла чарга перада мной зь пятнаццаці чалавек, а за мной — яшчэ чалавек дваццаць. Мо я некуды не туды трапіў? Усё ж туды. Табе паказваюць тры хвіліны кватэру, потым даюць паперку, каб ты напісаў, колькі гатовы даць за яе, ці ёсьць у цябе дэпазыты, паручальнікі. Потым кажуць: „Дзякуй за інфармацыю, калі мы вас выберам, то ператэлефануем“».

Герман лічыць, што з цаной на кватэру яму нават пашанцавала. Па яго назіраньнях, стандартная аднапакаёўка ў цэнтры партугальскай сталіцы будзе каштаваць ад 1000 эўра. Калі ж гэта ўскраіна, то можна знайсьці і двухпакаёўку за 700-800 эўра.

«Адразу пацікавіўся ў гаспадароў, колькі ж будзе каштаваць камуналка. Мне сказалі, што за ваду, сьвятло і інтэрнэт выйдзе дзесьці па 30 эўра, то бок сумарна каля 100 эўра. Зімой будзе больш. У партугальскіх кватэрах амаль нідзе няма цэнтральнага ацяпленьня. Калі я прыехаў у студзені, то ў пакоі было так холадна, што даводзілася ісьці грэцца на вуліцу. Амаль усе купляюць электрычныя абагравальнікі, бо ў старым жытле зусім няма батарэй. Яны зь дзяцінства так жывуць, таму прывыклі да ўсяго».

«Параўнальна з астатняй Заходняй Эўропай прадукты тут танныя»

А вось цэны на прадукты харчаваньня вялікага шоку ў беларусаў не выклікаюць. Папулярнай крамай зьяўляецца Lidl, дзе можна закупляцца дастаткова танна.

«Калі гаварыць пра мяса, то ўзяць кіляграм курыцы будзе каштаваць каля 6 эўра. За дзясятак яек аддасі 1,5 эўра. Літар малака — 1 эўра, мо нават крыху таньней. Параўнальна з астатняй Заходняй Эўропай прадукты тут танныя».

У Лісабоне шмат таксама лякальных крамак, дзе гандлююць выхадцы зь Індыі і Кітаю, там прадукты могуць каштаваць яшчэ на некалькі цэнтаў таньней.

«Пэрсікі і манга па 2 эўра за кіляграм. Мне здаецца, што гэта нават таньней, чым у Беларусі. Клубніцы ў сэзон каштавалі па 4-5 эўра, чарэшні — 5-6 эўра. Бананы ёсьць розныя. З Мадэйры прывозяць маленькія бананы-„бэйбі“, яны каштуюць па 2 эўра, а звычайныя — па 1 эўра за кілё».

За кіляграм памідораў давядзецца аддаць 2,5 эўра, гуркоў — 1,5, бульбы — 1.

«Усё ж мне здаецца, што беларуская ці ўкраінская гародніна больш натуральная за мясцовую», — лічыць хлопец.

«Самы папулярны фастфуд — булка з адбіўной»

Партугалія знаходзіцца каля акіяну, таму вялікую частку рацыёну мясцовых жыхароў складае рыба.

«Калі браць у рэстаране рыбу, то страва будзе каштаваць 10-12 эўра. Вельмі папулярная траска, сам ня ведаю чаму, але так гістарычна склалася. Таксама прадаюць дараду, сібас, рыбу-меч. Страва ідзе з гарнірам, наесьціся можна дакладна».

На рынку, па словах Германа, за кіляграм рыбы давядзецца аддаць 7-8 эўра.

«На мясцовыя стравы зь мяса трэба аддаць таксама каля 10 эўра; калі гэта будзе курыца, то мо і 8 эўра. Гэта я кажу не пра турыстычныя рэстараны, а для мясцовых. Самы папулярны мясцовы фастфуд называецца „біфана“ — гэта такая булка з адбіўной, крыху гародніны, ён каштуе 2 эўра».

Што тычыцца алькаголю ў кавярнях, то куфаль піва будзе 2,5-3 эўра, келіх віна — 4. Цэлая бутэлька віна абыдзецца ў 15 эўра. За келіх партвэйну папросяць ад 4 эўра.

«Якасьць паслуг стаматолягаў добрая»

Герман меў від на жыхарства ва Ўкраіне, таму ў Партугаліі ён хутка атрымаў адмысловы «мэдычны нумар», які дазваляе абслугоўвацца па такіх жа цэнах, як і для мясцовых жыхароў, а не як турысту.

«Хадзіў да зубнога, за плёмбу давядзецца аддаць 50 эўра як турысту, а з „мэдыцынскім нумарам“ — 38 эўра. Можа быць нават таньней, я кажу пра самыя максымальныя расцэнкі. Якасьць паслуг вельмі добрая. Хіба што даводзіцца запісвацца на месяц наперад».

Што тычыцца паслуг цырульніка, то за простую стрыжку хлопец аддае 8 эўра, за паслугу разам з барадой даводзіцца аддаць 10 эўра. Герман кажа, што ягоны сябра стрыжэцца ў індыйскага цырульніка, дык той бярэ толькі 3,5 эўра за паслугу.

«За футбольны матч аддаў 60 эўра»

Партугалія прываблівае шмат іншаземцаў для жыцьця тым, што людзі ў асноўным дастаткова добра размаўляць па-ангельску. З другога боку, гэта адбівае жаданьне вучыць мясцовую мову.

«Я па-партугальску ведаю толькі асноўныя словы, больш падцягваю ангельскую. Квіток у кіно тут каштуе 8 эўра, усе фільмы дублююцца на ангельскую; магчыма, таму партугальцы зь дзяцінства добра засвойваюць гэтую мову».

Вярцінскі наведваў матч лідэраў партугальскага футболу «Спортынга» і «Бэнфікі», за квіток ён аддаў 60 эўра. Шараговая гульня чэмпіянату будзе ў два разы таньнейшай — 30 эўра.

«У музэі хадзіў тут; раз на месяц яны дармавыя, а так квіткі каштуюць 6-10 эўра. Тут цікавыя музэй сучаснага мастацтва, акіянарыюм, батанічны сад. З культурным жыцьцём у Лісабоне ўсё добра. Нядаўна праходзіў фэстываль з удзелам Metallica, квіток каштаваў 70 эўра».

«Грамадзкі транспарт вельмі зручны»

Герман імкнецца шмат падарожнічаць па краіне. Кажа, што пабываў ужо амаль ва ўсіх кутках, куды можна дабрацца на грамадзкім транспарце.

«Зь Лісабону да Порту можна даехаць нават за 10 эўра, цягнік выйдзе даражэй — каля 15. Грамадзкі транспарт у Лісабоне зручны, праязны на месяц на ўсе віды каштуе 30 эўра, калі ўзяць за 40 эўра, то можна езьдзіць і на невялікія адлегласьці па краіне, напрыклад да крайняга пункту Эўропы — мысу Року. У аўтобусе квіток каштуе 2 эўра, у мэтро — 1,8 эўра, трамвай — 3 эўра. Калі ня хочаш купляць праязны, то можна проста пакласьці на картку пэўную суму, і гэта сьпісвацца, і так квіток будзе крышачку таньнейшы».

Што тычыцца мабільнага інтэрнэту, то ён ня самы танны. Герман карыстаецца безьлімітным тарыфам, за які аддае 30 эўра ў месяц. Прычым у гэты тарыф не ўваходзяць званкі на іншыя тэлефоны. Хлопец кажа, для таго, каб паслугі былі таньнейшымі, трэба заключаць пагадненьне з мабільным апэратарам мінімум на год, а ён ня ўпэўнены, што прабудзе столькі ў краіне.

«Праз тыдзень знайшоў ручнік на тым жа месцы»

Герман назваў тры прычыны, чаму ўсё болей беларусаў выбірае Партугалію для далейшага жыцьця: вельмі прыемны клімат, добрая сытуацыя з ангельскай, а таксама прыязныя людзі, якія ня робяць розьніцы між мясцовымі і прыежджымі.

«Я нядаўна гуляў у футбол, дык забыўся ручнік у разьдзявальні. Прыйшоў праз тыдзень, а ён вісіць усё на тым жа месцы. Людзі тут расслабленыя, атрымліваюць задавальненьне ад жыцьця. Хаця гэта невялікая краіна, але тут ёсьць і горы, і акіян, і выдатнае надвор’е. Партугалія — цудоўны варыянт, каб перазагрузіцца», — лічыць Герман Вярцінскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG