Месяц таму, 2 красавіка, Служба бясьпекі і інфармацыі Чэхіі (BIS) заявіла, што дадала былую беларускую журналістку Натальлю Судлянкову ў чэскі нацыянальны санкцыйны сьпіс за супрацу з расейскай спэцслужбай ГРУ. У 1999 годзе Судлянкова атрымала ў Чэхіі прытулак, але цяпер яна мусіла пакінуць Чэскую Рэспубліку цягам 30 дзён.
Паводле зьвестак Seznam Zprávy, Судлянкова вылецела з Прагі ў Стамбул вечарам у чацьвер, а адтуль, як паведамілі выданьню некалькі крыніц, — у Маскву. Турцыя — адзін з нешматлікіх варыянтаў, каб дабрацца з Чэхіі да Расеі сёньня: з пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне прамога авіязлучэньня з Масквой няма.
Ад’езд Судлянковай у Турцыю выданьню пацьвердзіў прадстаўнік паліцыі па справах замежных грамадзян Ёзэф Урбан (Josef Urban): «Мы можам пацьвердзіць, што спадарыня Н. С. пакінула Чэхію самалётам 1 мая 2025 года і адправілася ў Стамбул». Іншыя дэталі ён адмовіўся камэнтаваць.
У пятніцу, 2 траўня, сама Натальля Судлянкова паведаміла Seznam Zprávy, не ўдаючыся ў падрабязнасьці, што «зараз знаходзіцца на мытні ў Маскве».
У пачатку красавіка ўрад Чэхіі дадаў Судлянкову ў нацыянальны санкцыйны сьпіс з-за таго, што, паводле іх зьвестак, яна выконвала апэрацыі расейскай сакрэтнай службы ГРУ ў Чэскай Рэспубліцы, а кіраваў ёю з Масквы супрацоўнік ГРУ Аляксей Шаўроў — яго чэскі ўрад таксама ўнёс у санкцыйны сьпіс. У BIS тады заявілі, што Судлянкова «удзельнічала ў мерапрыемствах па ўплыве і інфармацыі, каардынаваных расейскімі дзяржаўнымі органамі».
У інтэрвію Seznam Zprávy 12 красавіка Судлянкова не прызнала, што працавала на рэжым Пуціна і падтрымлівала кантакты з супрацоўнікамі расейскай выведкі. Яна таксама адмаўляла, што кантактавала з супрацоўнікам ГРУ Шаўровым.
У той час яна разглядала тры варыянты, куды пераехаць з Чэхіі. Вяртаньне ў родную Беларусь яна лічыла найменш верагодным, бо, зь яе словаў, яна «не зьмяніла сваёй крытычнай пазыцыі ў дачыненьні да рэжыму». З іншых варыянтаў Судлянкова згадвала таксама Расею і, магчыма, Узбэкістан.
Уключэньне ў нацыянальны санкцыйны сьпіс азначае, што адпаведным асобам забараняецца ўезд і знаходжаньне ў Чэскай Рэспубліцы, забараняюцца любыя фінансавыя апэрацыі праз чэскія арганізацыі, замарожваюцца любыя актывы ў краіне. Увесь гэты час Судлянкова не магла карыстацца сваімі банкаўскімі рахункамі.
**
У Чэхіі Судлянкова працавала галоўным рэдактарам расейскамоўнага штотыднёвіка «Пражский телеграф», які выдаваўся ў Празе. У мінулым яна таксама супрацоўнічала з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і з выданьнямі Týden і Lidové noviny.
Палітычны прытулак Натальля Судлянкова атрымала празь перасьлед у Беларусі. Там яна нібыта балятавалася ў парлямэнт ад Абʼяднанай грамадзянскай партыі, яе абвінавачвалі ў фінансавых злачынствах. У адным з інтэрвію Чэскай тэлевізіі ў 2011 годзе Судлянкова казала: «У мяне былі пэўныя праблемы з спадаром Лукашэнкам і людзьмі зь ягонай каманды. Мы не маглі заставацца на адной радзіме», узгадвае яе словы выданьне Respekt.
У 2002 годзе яе затрымалі на чэска-нямецкай мяжы на падставе міжнароднага крымінальнага ордэру, выдадзенага ўрадам Беларусі. Але чэскі суд адхіліў запыт Менску аб экстрадыцыі, палічыўшы абвінавачваньні Судлянковай неабгрунтаванымі.
Форум