Свабода знайшла ўкраінскага партнэра беларускага «Кераміну». Ён мае расейскае грамадзянства і жыве ў анэксаваным Расеяй Крыме, ва Ўкраіне яго асудзілі на пазбаўленьне волі за прысабечваньне сродкаў дзяржаўнага бюджэту.
Адзін з раённых судоў Кіева адмовіўся прызнаць і дазволіць прымусова выканаць рашэньне эканамічнага суду Менску аб спагнаньні з украінскага прадпрыемства «Керамін-С» 262 860 даляраў на карысьць беларускага прадпрыемства «Керамін».
Беларускі суд прыняў рашэньне 12 кастрычніка 2022 году. Яно набыло юрыдычную моц 3 лістапада таго ж году. На паставе яго прадпрыемства «Керамін» накіравала заяву ва ўкраінскі суд, які разглядаў яе з траўня 2024 году.
Як стала вядома Свабодзе, немагчымасьць прызнаць юрыдычную моц беларускага судовага рашэньня ва Ўкраіне патлумачылі выхадам краіны з Канвэнцыі аб праўнай дапамозе і праўных дачыненьнях у цывільных, сямейных і крымінальных справах, падпісанай у Менску 22 студзеня 1993 году (Вярхоўная Рада Ўкраіны ратыфікавала яе 10 лістапада 1994 году).
На разгляд заявы беларускага прадпрыемства ў судзе прадстаўнікі ўкраінскай кампаніі не зьявіліся.
Украіна 23 сьнежня 2022 году спыніла дзеяньне і выйшла з згаданай Канвэнцыі аб праўнай дапамозе. Такі крок у Кіеве абгрунтавалі падтрымкай уладамі Беларусі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году.
Украінскі фактар для беларускага прадпрыемства
«Керамін» з 2013 году меў на ўкраінскай тэрыторыі некалькі дылераў для рэалізацыі сваёй прадукцыі: асноўны — гандлёвы дом «Керамін-Україна» у Кіеве і ягоныя філіі «Керамін-Львів», «Керамін-Одеса». Усе яны спынілі дзейнасьць. Засталася толькі адна кампанія з падобнай назвай, якая працавала на ўкраінскім рынку з 2006 году — «Керамін-Плюс». Яе кіраўнік і ўласьнік — Аляксандар Літвін, ён жа раней ачольваў і гандлёвы дом «Керамін-Україна».
Апроч таго, да расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну беларускі «Керамін» выкарыстоўваў у сваёй вытворчасьці менавіта ўкраінскую сыравіну, што стала немагчымым пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
Цяпер прадпрыемства працуе на расейскай сыравіне, але ня вельмі пасьпяхова. Як вынікае з рашэньня гадавога сходу акцыянэраў, сёлета ўласьнікі акцыяў не атрымаюць дывідэндаў, бо дзейнасьць прадпрыемства за 2024 год дала «адмоўны вынік». Кампанія таксама спыніла спонсарскую дапамогу, хоць афіцыйныя СМІ актыўна расказваюць пра дасягненьні «Кераміну».
За 2024 год чыстыя страты ААТ «Керамін» склалі 5 601 002 рублёў (прыблізна 1 711 056 даляраў у эквіваленце). Доўг украінскага прадпрыемства складае 15% ад гэтай лічбы.
Калі акцыянэры «Кераміну» перасталі атрымліваць дывідэнды — невядома. Гэтай інфармацыі на афіцыйным сайце кампаніі няма.
Што праўда, гэта не перашкодзіла прадпрыемству выступіць генэральным партнэрам беларускай прэміі KUKHA DESIGN AWARD у сфэры дызайну інтэр’еру і архітэктуры. Прэмію называюць міжнароднай, бо ў конкурсе, апроч беларусаў, удзельнічаюць дызайнэры з Казахстану і Расеі. «Керамін», як вынікае з паведамленьня, «надае аўтарам найлепшых працаў premium-матэрыялы для рэалізацыі іх ідэяў».
Паводле аўдыту дзейнасьці прадпрыемства ў 2020 годзе, яно атрымала 20 464 000, а ў 2019-м — 11 914 000 беларускіх рублёў. Тады прыбытак на акцыю складаў 21,41 рубля ў 2020-м і 12,46 — у 2019 годзе.
Прадпрыемства дзяржаўнае: ураду Беларусі належыць 75% акцыяў. Так сталася ў выніку найбольш рэзананснага выпадку нацыяналізацыі, якую правялі на загад Аляксандра Лукашэнкі ў 2013 годзе.
Што вядома пра кампанію «Керамін-С»
Украінская кампанія, зь якою судзіцца беларускі «Керамін», імаверна, не была афіцыйным дылерам, а толькі набывала яго прадукцыю.
На рынку Ўкраіны «Керамін-С» працуе зь ліпеня 2018 году. Кампанію заснаваў грамадзянін Расеі Дзьмітрый Рахманюк, ураджэнец паселішча Яркае Джанкойскага раёну (Крым). Цяпер ён захаваў пад сваім кантролем толькі частку ў 20%. Асноўны від дзейнасьці — неспэцыялізаваны гуртавы гандаль. Сярод іншых — пакрыцьцё падлогі і абніцаваньне сьцен, пасярэдніцтва і гуртавы гандаль драўнінай, будаўнічымі матэрыяламі, санітарна-тэхнічным, водаправодным і ацяпляльным абсталяваньнем, а таксама спэцыялізаваная дзейнасьць у дызайне.
Адначасова 48-гадовы Дзьмітрый Рахманюк быў дырэктарам яшчэ адной украінскай кампаніі — ТАА «ГарантТрейд», якая ўдзельнічала ў прэзыдэнцкай праграме «Вялікае будаўніцтва». У 2019 годзе гэтая кампанія Рахманюка атрымала замову на будаўніцтва агульнаадукацыйнай школы на 11 клясаў у сяле Грыгараўка Бахмацкага раёну Чарнігаўскай вобласьці.
У студзені 2020 году ў выніку праверкі будаўніцтва аб’екту праваахоўныя органы завялі справу паводле фактаў непраўдзівых зьвестак аб выкананьні працы і коштах матэрыялаў, а таксама аб іншых выдатках і падатках, што адпавядаюць ч. 2 артыкулу 191, ч.1 артыкулу 366 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (прысабечваньне чужой маёмасьці шляхам злоўжываньня службовым становішчам і падробка афіцыйнага дакумэнту).
9 сьнежня 2022 году Дзьмітрыю Рахманюку ўручылі паведамленьне аб падазрэньні. Але ён зьнік і не зьяўляўся на выклікі сьледчых. У выніку справу расьсьледавалі завочна, а 5 ліпеня 2023 году вынесьлі вырак: паводле двух артыкулаў яго асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем на тры гады права займаць кіроўныя пасады. Апроч таго, Дзьмітрый Рахманюк павінен кампэнсаваць Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі страты, нанесеныя ў выніку неналежнага выкананьня абавязкаў паводле дагавору аб будаўніцтве, што склалі 185 071 грыўню — паводле цяперашняга курсу гэта прыблізна 4,5 тысячы даляраў у эквіваленце.
На адбыцьцё пакараньня ўкраінскага партнэра беларускага прадпрыемства накіруюць толькі тады, калі змогуць затрымаць.
Тым часам ён знаходзіцца ў Крыме. 25 красавіка 2022 году Дзьмітрый Рахманюк зарэгістраваў у Сімферопалі кампанію «ППС-Крым», якая таксама працуе ў сфэры будаўніцтва і будаўнічых матэрыяаў. Праўда, таксама пакуль ня надта пасьпяхова: у выніку дзейнасьці ў 2024 годзе сукупныя актывы прадпрыемства зьнізіліся на 28,6% — да 3 мільёнаў расейскіх рублёў (крыху больш за 36 тысяч даляраў у эквіваленце), а страты склалі 113 тысяч расейскіх рублёў (амаль 1500 даляраў). У 2023 годзе кампанія мела прыбытак у 131 тысячу рублёў (амаль 1600 даляраў у эквіваленце).
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Украіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль, арыштавала маёмасьць і прадукцыю беларускіх прадпрыемстваў і пачала ўмацоўваць мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
Форум