Да пачатку вайны Расеі супраць Украіны грамадзянін Беларусі мог адкрыць банкаўскі рахунак ва ўкраінскім банку без асаблівых складанасьцяў.
Буйны дзяржаўны «Приватбанк» рабіў гэта пры наяўнасьці толькі беларускага пашпарту. Прыватныя банкі з замежным капіталам, як «Райффайзен» альбо «А-Банк», таксама адкрывалі рахункі беларусам на падставе пашпарту, часам неабходны быў таксама індывідуальны нумар падаткаплатніка. Такой магчымасьцю скарысталіся тысячы грамадзян Беларусі, якія выехалі з краіны пасьля жніўня 2020 году.
25 лютага 2022 году рахункі беларусаў былі заблякаваныя.
«Мне нават паведамленьне пра блякаваньне рахунку не прыходзіла, — расказаў Свабодзе дырэктар спартовага мэдыя „Трыбуна.бай“ Максім Беразінскі. — Я сачыў за навінамі увесь дзень. І бачыў, што ў абед рахунак яшчэ даступны. А ўвечары ўжо ў аплікацыі „Прыватбанку“ на картках стаіць чырвоны крыжык. Маўляў, немагчыма карыстацца. Грошы на картках засталіся, але нічога зь імі я зрабіць не магу».
Максім кажа, што ў цэлым спакойна паставіўся да сытуацыі. Ён не захоўваў усе грошы на рахунку, таму блякаваньне яго пакуль моцна не зачапіла. Пагатоў зьняць грошы ў банкамаце у Кіеве, дзе па-ранейшаму знаходзіцца зь сям’ёй Максім, цяпер праблематычна.
«Я чуў, што беларусам нібыта выдаюць грошы ў банку па пашпарце, але сам не спрабаваў пакуль так зрабіць, — кажа Максім. — І ніхто з маіх знаёмых так пакуль не рабіў, шчыра кажучы. Я ў краме разьлічваўся наяўнымі, картка не працуе. Людзі перада мной таксама плацілі гатоўкай. Але яшчэ ў пятніцу ўдзень мы пералічвалі супрацоўнікам заробкі, усё было нармальна. Банкаўская сыстэма дзейнічае».
«Зьняць грошы я нават не спрабаваў. Пасьля вайны вырашым ужо»
Навінамі пра блякаваньне рахункаў ва украінскіх банках беларусы актыўна дзеляцца ў сацыяльных сетках. Рэакцыі розныя. Нехта, як і Максім, успрымае сытуацыю спакойна і нават паведамляе, што ўкраінскі працадаўца падышоў да гэтага з разуменьнем і выдаў усім супрацоўнікам-беларусам значныя сумы грыўнямі ў наяўных. Нехта, наадварот, захоўваў усе сродкі у банку і зараз ня ведае, што рабіць.
«Мне таксама рахунак заблякавалі, але што зробіш, — кажа беларус Барыс. — Пасьля вайны паглядзім, што будзе. Ці нехта мае нейкія іншыя прапановы? Як да канца вайны гэта вырашыць? Грошы на маім рахунку ёсьць, але скарыстацца імі немагчыма. Піша, што недастаткова сродкаў».
Барыс кажа, што блякаваньне рахункаў была для яго чаканым. Асабліва пасьля паведамленьня Нацыянальнага банку Ўкраіны аб спыненньні ўсіх апэрацыяў у беларускіх і расейскіх рублях.
«Зьняць грошы я нават не спрабаваў, дзе ты што здымеш? — кажа Барыс. — У якім банкамаце? Пасьля вайны вырашым ужо. Што рабіць? Чэргі ўчора ля банкаматаў у Кіеве стаялі чалавек па 50. Мо і можна было нешта недзе зняць, але мне было не да гэтага. Грошы застаюцца на рахунку. Магчыма, мы пераможам і тады вернемся і забяром іх. Магчыма, вядома, што нічога не атрымаем. Але зараз забраць свае грошы немагчыма дакладна, таму я не напружваюся»
Зараз Барыс карыстаецца гатоўкай, на банкаўскім рахунку ён усе сродкі не захоўваў. Разам зь сям’ёй спрабуе выехаць з Украіны. Грашовыя пытаньні будзе вырашаць ужо на новым месцы.
Рахункі беларусаў ня толькі блякавалі, але і абнулялі
У суботу і нядзелю 26–27 лютага большасьць аддзяленьняў банкаў ва Украіне не працуе, таму даведацца падрабязнасьці пра блякаваньне рахункаў можна будзе не раней панядзелк. Тыя беларусы, якія змаглі дазваніцца ў свой банк у пятніцу ўвечары, расказваюць, што рашэньне заблякаваць рахункі ў банках тлумачаць агрэсіяй Расеі і Беларусі супраць Украіны, а разблякаваць абяцаюць «пасьля вайны».
Як стала вядома Свабодзе, у асобных выпадках рахункі беларусаў ва ўкраінскіх банках не толькі блякавалі, але і абнулялі — зь іх зьнікала інфармацыя аб наяўных сродках. У банках гэта тлумачаць працай альгарытму і абяцаюць з часам усё вярнуць.
Пры гэтым ня ўсе зарэгістраваныя ва Украіне банкі заблякавалі рахункі беларусаў 25 лютага.
«У мяне ўкраінская картка А-банку, — кажа Алег, які разам зь сям’ёй у дзень блякаваньня рахункаў выехаў з Украіны ў Польшчу. — Я яе зрабіў, калі атрымаў ідэнтыфікацыйны нумар падаткаплатніка. Картку можна было завесьці і раней. У мяне таксама часовае пасьведчаньне на жыхарства ва Украіне ёсьць. Акрамя фізычнай плястыкавай карткі, я таксама сабе зрабіў віртуальную. У чацьвер 24 лютага, пасьля таго як Расея напала на Ўкраіну, маю картку часова заблякавалі. Гэта было бачна ў мабільнай аплікацыі на тэлефоне. Мне трэба было перакінуць эўра на картку ў грыўнях. Зайшоў, пабачыў, што ўсё заблякавана. Я тады не зрабіў высновы, што гэта нешта менавіта ў дачыненьні да беларусаў. Празь некалькі гадзінаў ужо ўсё працавала».
Алег кажа, што ведаў аб блякаваньні разьлікаў у беларускіх і расейскіх рублях. Таму думаў, што абмежаваньні закрануць толькі гэта.
«Я крыху грошай там пакінуў, думаю, мне пакуль не гарыць, — кажа Алег. — У Польшчы пакуль не зьбіраюся карыстацца украінскай карткай. Такога намеру няма, ёсьць наяўныя. Банкаўская картка, вядома, гэта добра. Але я пакуль не да канца разабраўся, што ўвогуле рабіць. Ці можна беларусу у Польшчы рахунак адкрыць, яшчэ не ведаю».
У другой палове дня 26 лютага рахунак Алега таксама быў заблякаваны.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.