Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьявілася інфармацыя пра расстрэл расейцамі ўраджэнца Беларусі, які адмовіўся ісьці ў «мясны штурм» на Данбасе

Расейская вайсковая форма, якую знайшлі пад Кіевам у красавіку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота
Расейская вайсковая форма, якую знайшлі пад Кіевам у красавіку 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Да вэрбаваньня ў шэрагі расейскай арміі Павал Глухаў адбываў пакараньне за забойства ў папраўчай калёніі № 7 ва Ўдмуртыі.

Ураджэнца Беларусі Паўла Глухава расстралялі за адмову ісьці ў «мясны штурм» у складзе расейскіх войскаў, імаверна, у Данецкай вобласьці Ўкраіны, паведамілі Свабодзе ва ўкраінскім праекце «Хачу жыць».

Паводле інфармацыі праекту, Павал Глухаў нарадзіўся 8 чэрвеня 1985 году ў Беларусі, у вёсцы Зьвязда (такі населены пункт ёсьць адразу ў некалькіх раёнах Беларусі. — РС). Ён падпісаў кантракт на службу ў вайсковай частцы 95378 палка 1437, асобныя падразьдзелы якога камплектуюць з завэрбаваных зьняволеных у расейскіх турмах і калёніях.

Паводле зьвестак украінскага праекту, да вэрбаваньня Павал Глухаў адбываў пакараньне за забойства ў папраўчай калёніі № 7 ва Ўдмуртыі: яго асудзілі паводле ч. 1 артыкулу 105 Крымінальнага кодэксу Расеі. Дакладна невядома, якое грамадзянства ён меў на момант падпісаньня кантракту.

Полк 1437 расейскай арміі вядомы тым, яго вайскоўцаў выкарыстоўваюць у так званых «мясных штурмах» для прарыву ўкраінскіх пазыцый. Часта яны ня маюць адпаведнага вайсковага рыштунку і ідуць у бой непадрыхтаванымі, а калі спрабуюць адступіць на ранейшыя пазыцыі, іх расстрэльваюць свае ж вайскоўцы.

Расейскія вайскоўцы, якім удалося выжыць і трапіць ва ўкраінскі палон, расказвалі аб жорсткім абыходжаньні ў гэтым палку з тымі, хто адмаўляецца ісьці ў штурмы. Ёсьць некалькі выпадкаў, калі такіх вайскоўцаў кідалі «ў яму». Аб такіх штурмах раней расказвалі два беларусы — Сяргей Шустаў, які трапіў ва ўкраінскі палон пад Тарэцкам у Данецкай вобласьці, і Андрэй Лапатнёў.

Бацькі вайскоўцаў гэтага падразьдзелу расейскай арміі неаднаразова зьвярталіся да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, каб ён зьвярнуў увагу на сытуацыю ў гэтым палку і «прыняў меры».

У прыватнасьці, маці аднаго з такіх вайскоўцаў — Лебедзева Надзея Пятроўна — нават стварыла адпаведную пэтыцыю, але яна няшмат сабрала подпісаў.

«Сытуацыя ў тым, што ў гэтай частцы салдат адпраўлялі на сьмерць, на „мяса“, як сьляпых кацянят. У выніку баёў на пакроўскім кірунку, імаверна каля Пятроўкі і Вішнёўкі з 10 лістапада да пачатку сьнежня 2024 году без агнявой падтрымкі і належнага забесьпячэньня, без артылерыі і г.д. загінулі практычна ўсе вайскоўцы, а менавіта 1 і 2 рота. Засталося жывых каля 20 з 400 чалавек, у тым ліку і мой сын. Паводле слоў сына, паколькі на кіроўны склад завялі крымінальныя справы, сьведкаў, якія засталіся, плянавалі „абнуліць“ (расстраляць. — РС), і яны вымушаныя былі хавацца ў бясьпечных месцах», — адзначаецца ў звароце да Пуціна.

28 красавіка дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, абнародаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі. Як і ўсе іншаземцы, грамадзяне Беларусі праходзяць праз адмысловыя пункты адбору на вайсковую службу. Найчасьцей у Маскве ці Падмаскоўі, а таксама ў Растове. Сярод «расейскіх» навабранцаў шмат колішніх зьняволеных.

Згодна з інфармацыяй праекту, Расея за службу ў сваім войску абяцае іншаземцам высокія заробкі або падманам і пагрозамі прымушае іх ісьці ваяваць супраць Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG