Як паведамляюць праваабаронцы «Вясны», сабраныя грошы будуць накіраваныя на падтрымку людзей з інваліднасьцю, «якія апынуліся ў складанай сытуацыі з-за палітычных рэпрэсій».
У прыватнасьці, сродкі неабходныя для набыцьця мэдыкамэнтаў, інвалідных калясак, інструмэнтаў для рэабілітацыі, аплаты мэдыцынскіх паслуг.
Збор арганізаваны на сайце фонду «Краіна для жыцьця». Плянуецца сабраць 10 000 эўра. Максымальная сума выплат па адным запыце — 300 эўра.
У кааліцыю «Хуткая гуманітарная дапамога», акрамя «Краіны для жыцьця», уваходзяць фонды салідарнасьці BySol, ByHelp, а таксама праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.
На 12 сакавіка 2025 года праваабаронцам было вядома пра 219 палітвязьняў, якія знаходзяцца за кратамі ў «асаблівай рызыцы». У 78 чалавек цяжкі стан здароўя, у 8 — інваліднасьць, 32 — ва ўзросьце старэйшыя за 60 гадоў (многія з іх хварэюць), у 10 — мэнтальныя праблемы.
Раней беларускія дэмакратычныя сілы склалі «гуманітарны сьпіс» палітвязьняў, якіх павінны неадкладна вызваліць. Туды ўвайшлі 16 чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі, 91 — зь цяжкімі захворваньнямі, 65 пэнсіянэраў, 10 чалавек з псыхічнымі разладамі, 23 непаўналетнія, а таксама ня менш за пяць сем’яў, у якіх у месцах пазбаўленьня волі знаходзяцца абодва бацькоў.