У дакладзе Amnesty International гаворыцца, што летась улады Беларусі «працягвалі вынішчаць усе формы публічнай крытыкі», выкарыстоўваючы судовую сыстэму, каб караць за іншадумства, а таксама шырока ўжываючы катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня з затрыманымі і вязьнямі. Стаў больш інтэнсіўным перасьлед незалежных мэдыя і арганізацыяў грамадзянскай супольнасьці, па-ранейшаму сутыкалася зь перасьледам ЛГБТІ-супольнасьць.
Знаходзячыся пераважна ў міжнароднай ізаляцыі, Беларусь у 2024 годзе працягвала эканамічнае, палітычнае, дыпляматычнае і вайсковае ўзаемадзеяньне з Расеяй, адзначаюць праваабаронцы. Улады працягвалі рыторыку пра «вонкавыя пагрозы» з боку суседніх дзяржаваў — чальцоў ЭЗ і Ўкраіны. Таксама ў дакладзе згадваецца міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ, калі «ўцекачоў і мігрантаў падштурхоўвалі да перасячэньня межаў з ЭЗ».
Свабода выказваньня думкі, аб’яднаньняў і сходаў
Свабода выказваньня думкі заставалася строга абмежаванай, гаворыцца ў дакладзе. Улады працягвалі папаўняць сьпісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх матэрыялаў» (першы на сьнежань 2024 году налічваў 4707 чалавек).
На канец 2024 году за сваю прафэсійную дзейнасьць у зьняволеньні знаходзіліся 45 супрацоўнікаў мэдыя. Узмацняўся ціск на арганізацыі грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку незалежныя НДА, прафсаюзы, этнічныя і рэлігійныя суполкі. Прынамсі 329 арганізацыяў былі зьліквідаваныя або знаходзіліся ў працэсе ліквідацыі ў 2024 годзе.
Свабода рэлігіі і перакананьняў
Рэлігійныя арганізацыі і сьвятары, якія не даспадобы ўладам, сутыкаліся з абвінавачаньнямі ў «экстрэмізьме», што вяло да забароны і блякаваньня іх онлайн-матэрыялаў і профіляў у сацыяльных сетках, адвольных затрыманьняў і арыштаў, адзначаюць праваабаронцы. У прыклад яны прыводзяць затрыманьне рымска-каталіцкага сьвятара Андрэя Юхневіча за выяву ўкраінскага сьцяга ў сацсетках, якога пазьней абвінавацілі ў сэксуальным гвалце над непаўналетнімі і пакінулі пад вартай.
Адвольныя арышты і затрыманьні
Улады вызвалілі дзясяткі палітвязьняў пры ўмове неразгалошваньня інфармацыі і пасьля таго, як прымусілі іх напісаць просьбы аб памілаваньні, у той жа час арышты і перасьлед іншадумцаў заставаліся шырока распаўсюджанымі — галоўным чынам яны тычыліся ўдзельнікаў і прыхільнікаў мірных масавых пратэстаў 2020 году, адзначаюць праваабаронцы. Пад перасьлед таксама трапілі родныя палітвязьняў. У дакладзе згадваецца рэйд сілавікоў у студзені, калі ператрусы прыйшлі прыкладна ў 160 чалавек, у асноўным сваякоў палітвязьняў.
Паводле зьвестак «Вясны», у 2024 годзе па вяртаньні з выгнаньня ў Беларусь затрымалі прынамсі 55 чалавек. Некаторых асудзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў, а 17 прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці, у тым ліку за данаты на карысьць ахвяраў парушэньняў правоў чалавека.
У дакладзе адзначаецца, што, паводле праваабаронцаў «Вясны», на сьнежань 2025 году ў зьняволеньні знаходзіліся 1265 палітвязьняў (на 29 красавіка — 1201) і каля 3 тысяч выйшлі на волю пасьля поўнага адбыцьця пакараньня.
Катаваньні і іншыя віды жорсткага абыходжаньня
Сілавікі ў 2024 годзе надалей жорстка абыходзіліся з затрыманымі і вязьнямі, разьлічваючы на поўную беспакаранасьць. На палітвязьняў у калёніях вешаюць «жоўтыя біркі», некалькім вядомым палітзьняволеным адмаўлялі ў кантакце з навакольным сьветам, іх часта зьмяшчалі ў штрафныя ізалятары на працяглы час і адмаўлялі ў належнай мэдычнай дапамозе. Пяць ахвяраў палітычна матываванага перасьледу памёрлі ў зьняволеньні, гаворыцца ў дакладзе Amnesty International, прычым двое зь іх — Вадзім Храсько і Ігар Леднік — мелі ранейшыя праблемы са здароўем, што было добра вядома ўладам.
Інкамунікада палітвязьняў
На працягу 2024 году не было ніякіх наўпроставых зьвестак пра Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Максіма Знака, Мікалая Статкевіча і іншых вядомых палітзьняволеных актывістаў, журналістаў і палітыкаў. На думку спэцыяльнага дакладчыка ААН аб Беларусі, такія працяглыя пэрыяды ізаляцыі могуць прыраўноўвацца да гвалтоўных зьнікненьняў.
Несправядлівыя суды
Улады Беларусі працягвалі выкарыстоўваць судовую сыстэму для перасьледу мірнага іншадумства, палюючы, сярод іншых, на палітычных апанэнтаў, праваабаронцаў, актывістаў і адвакатаў. Завочныя суды сталі звычайнай справай. У дакладзе згадваецца суд у так званай справе «аналітыкаў Ціханоўскай», у межах якой каля 20 палітычных аналітыкаў, журналістаў і інш. былі завочна асуджаныя на тэрміны ад 10 да 11,5 года пазбаўленьня волі за «злачынствы супраць дзяржавы» і«экстрэмізм».
Правы ЛГБТІ
ЛГБТІ-супольнасьць у Беларусі надалей заставалася пад ціскам, у тым ліку праз адвольныя арышты за нібыта «дробнае хуліганства» і падпіску на «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама за «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў», гаворыцца ў дакладзе. Праваабаронцы таксама згадваюць, што ў лютым 2024 году генэральны пракурор Беларусі падаў парлямэнту законапраект, які прапануе зрабіць адміністрацыйнымі правапарушэньнямі «прапаганду нетрадыцыйных сямейных адносінаў», а Міністэрства культуры ў красавіку абнавіла афіцыйнае вызначэньне парнаграфіі, дадаўшы да яго «нетрадыцыйныя сэксуальныя адносіны/паводзіны».
Правы дзяцей
Праваабарончыя арганізацыі паведамілі пра 2 219 выпадкаў гвалтоўнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, дзе яны паступалі ў мясцовыя навучальныя ўстановы і падлягалі індактрынацыі і прапагандзе, згадваецца ў дакладзе.
Правы ўцекачоў і мігрантаў
Улады Беларусі надалей прымушалі ўцекачоў і мігрантаў перасякаць межы Беларусі з Эўразьвязам, сьцьвярджаецца ў дакладзе. Праваабаронцы спасылаюцца на зьвесткі няўрадавай арганізацыі Human Constanta, паводле якіх за тры гады да сакавіка 2024 году ў памежных раёнах паміж Беларусьсю і ЭЗ «у выніку неспрыяльных умоваў і меркаваных гвалтоўных вяртаньняў» загінулі прынамсі 116 мігрантаў і ўцекачоў.
Сьмяротнае пакараньне
Летась у Беларусі не зафіксавалі новых пакараньняў сьмерцю. Затрыманага грамадзяніна Нямеччыны Рыка Крыгера, абвінавачанага сярод іншага ў шпіянажы і наёмніцтве і асуджанага на сьмяротнае пакараньне, вызвалілі 1 жніўня ў рамках абмену палоннымі, узгодненага Расеяй і некалькімі заходнімі краінамі.
Права на здаровае навакольнае асяродзьдзе
Індэкс эфэктыўнасьці захадаў супраць зьмены клімату панізіў рэйтынг Беларусі да 47-га месца («сярод наагул нізкіх вынікаў»), падкрэсьліваючы яе «вельмі нізкі рэйтынг» у катэгорыях «Аднаўляльныя крыніцы энэргіі» і «Кліматычная палітыка».
Рэакцыі ўладаў Беларусі на гэты даклад няма. Раней улады адрыналі падобныя даклады, не дапускалі ў краіну дакладчыкаў ААН у правах чалавека, не супрацоўнічалі зь міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі.
Пра сытуацыю з правамі чалавека ўва Ўсходняй Эўропе
Агрэсія Расеі супраць Украіны працягваецца, яна дамінавала ў трывожнай карціне правоў чалавека, паставіўшы рэгіён на чале ўсясьветнага адыходу ад захаваньня правоў чалавека, гаворыцца ў дакладзе Amnesty International. Пастаянныя парушэньні Расеяй міжнароднага гуманітарнага права і злачынствы паводле крытэраў міжнароднага права, уключаючы простыя ўдары па цывільнай інфраструктуры, прывялі да пастаянных чалавечых ахвяраў і рэзкага пагаршэньня базавых умоваў жыцьця ва Ўкраіне, росту пакутаў дзяцей і іншых уразьлівых групаў насельніцтва.
Вайна і ўсё больш аўтарытарныя мэтады кіраваньня прывялі да таго, што ўсё больш краінаў сталі калектыўна адмаўляцца ад сваіх абавязкаў у галіне правоў чалавека і падрываць як нацыянальныя, так і міжнародныя інстытуты. Абаронцы правоў чалавека апынуліся ў аблозе.
У многіх краінах Усходняй Эўропы і Цэнтральнай Азіі захоўвалася беспакаранасьць за злачынствы, узмацніўся ціск на грамадзянскую супольнасьць. Абаронцаў правоў чалавека перасьледавалі, пратэстоўцаў — рэпрэсавалі. Нягледзячы на мужнасьць актывістаў, уплыў праваабарончай супольнасьці зьнізіўся.
Злоўжываньне законамі аб барацьбе з так званымі «экстрэмізмам» і «тэрарызмам», а таксама афіцыйная рыторыка аб «традыцыйных каштоўнасьцях» душылі гендэрныя, сэксуальныя і рэпрадукцыйныя правы. Узмацніўся транснацыянальны перасьлед, абмяжоўвалася свабода веравызнаньня, а судовыя сыстэмы выкарыстоўваліся для здушэньня іншадумства. Катаваньні, гендэрны гвалт і парушэньні правоў мігрантаў працягваліся.
Форум