Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска
Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска

Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева з ракет і авіянапад, баі за Мелітопаль і Харкаў. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • У Кіеве і шэрагу буйных гарадоў адбыліся вулічныя баі
  • Расея працягвае абстрэльваць цывільныя будынкі. У Кіеве ракета пацэліла ў шматпавярховы дом
  • Пасьля расейскага абстрэлу пад Кіевам гарыць нафтабаза
  • Кіеў: 198 цывільных сталі ахвярамі першых двух дзён расейскай вайны супраць Украіны
  • Паводле ААН, ужо больш за 150 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • Рашэньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай плацежнай сыстэмы SWIFT маюць прыняць цягам некалькіх дзён. Эўразьвяз таксама абмяркоўвае магчымасьць адключыць ад SWIFT Беларусь
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»
  • Памежная служба Ўкраіны абвінаваціла Беларусь у вядзеньні вайны разам з Расеяй
  • Лукашэнка пасьля некалькі дзён маўчаньня загаварыў пра мірныя перамовы
  • Адбылася тэлефонная размова паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Францыі Макронам. Макрона заявіў, што Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны
  • Францыя затрымала ў праліве Ля-Манш расейскі карабель
  • Латвія, Літва, Эстонія, Чэхія, Польшча, Румынія і Баўгарыя закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў
02:45 27.2.2022

Жывая камэра з Кіева з гукам

02:43 27.2.2022

Розныя ўкраінскія крыніцы паведамляюць пра моцны ракетна-артылерыйскі абстрэл Харкава расейскімі войскамі.

02:22 27.2.2022

Відавочцы паведамляюць пра выбухі каля Кіева

У супольным эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў прадстаўніца мясцовай ўлады паведаміла, што пасьля расейскага абстрэлу гарыць нафтабаза ў Васількове.

02:08 27.2.2022

Прэзыдэнт Францыі: Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны

Прэс-служба прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона апублікавала паведамленьне, якое падсумоўвае тэлефонную размову Макрона з Аляксандрам Лукашэнкам 26 лютага.

Паводле прэс-службы Элісэйскага палацу, Эманюэль Макрон падчас размовы:

  • асудзіў магчымае разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі;
  • папрасіў Лукашэнку запатрабаваць як найхутчэйшага вываду зь Беларусі расейскіх войскаў, якія вядуць несправядлівую вайну;
  • падкрэсьліў неабходнасьць супрацоўніцтва Беларусі зь міжнароднай супольнасьцю для аказаньня гуманітарнай дапамогі Ўкраіне;
  • падкрэсьліў, што братэрства беларускага і ўкраінскага народаў павінна прывесьці Беларусь да адмовы быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны.
02:08 27.2.2022

Расейскія ўлады ўпершыню прызналі гібель вайскоўца ва Ўкраіне

Расейскія ўлады ўпершыню публічна прызналі гібель вайскоўца ў канфлікце ва Ўкраіне. Кіраўнік Дагестану Сяргей Мелікаў паведаміў аб сьмерці афіцэра Нурмагамеда Гаджымагамедава. Ён праходзіў службу ў паветрана-дэсантных войсках. Мелікаў паведаміў аб гібелі Гаджымагамедава ў Інстаграме 26 студзеня.

01:57 27.2.2022

Ілан Маск даў доступ Украіне да спадарожнікавага інтэрнэту Starlink

Пра гэта яго прасіў міністар лічбавай трансфармацыі Ўкраіны Міхаіл Фёдараў.

Кіраўнік карпарацыі Tesla і адзін з найбагацейшых людзей сьвету, Ілан Маск адказаў, што сэрвісы Starlnik цяпер даступныя ва Ўкраіне, а больш станцый — на шляху.

01:28 27.2.2022

Старшыня Эўракамісіі: ЭЗ плянуе замарозіць актывы Цэнтральнага банку Расеі

Старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла ў суботу, што Эўразьвяз разам са Злучанымі Штатамі і іншымі заходнімі партнэрамі плянуе ўвесьці далейшыя санкцыі супраць Расеі за яе ўварваньне ва Украіну, у тым ліку адлучыць шэраг расейскіх банкаў з сыстэмы міжбанкаўскіх плацяжоў SWIFT і замарозіць актывы Цэнтральнага банку Расеі.

00:28 27.2.2022

ТСН: Ідзе абстрэл Кіева, загінула дзіця

Украінская служба навін ТСН паведаміла, што ў выніку расейскага артылерыйскага абстрэлу ў Кіеве ў дзіцячай бальніцы «Охматдит» загінула адно дзіця, а двое дзяцей і яшчэ двое дарослых атрымалі раненьні.

У Кіеве відавочцы паведамляюць пра абстрэл гораду з рэактыўных сыстэм залпавага агню. Таксама паведамляецца пра моцныя выбухі ў Бучы і Гастомлі каля Кіева.

00:03 27.2.2022

Журналіст ARD: Эўразьвяз закрые паветраную прастору для расейскіх самалётаў

Журналіст нямецкай грамадзкай радыёвяшчальнай кампаніі ARD Матыяс Дайс паведаміў са спасылкай на «надзейную крыніцу», што краіны Эўразьвязу закрыюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў. Пакуль што пра такое рашэньне ўжо абвясьціў шэраг краін Эўразьвязу, у тым ліку Польшча, Чэхія, Латвія, Літва, Эстонія, Славенія і Румынія.

23:44 26.2.2022

Дзяржаўнае агенцтва БелТА дало сваю вэрсію тэлефоннай размовы Лукашэнкі і прэзыдэнта Францыі Макрона

  • Усе пытаньні цягам парадку гадзіны і 20 хвілінаў размовы «тычыліся расейска-ўкраінскага канфлікту».
  • Абмеркавалі бакі пазыцыю Беларусі і ўцягнутасьць у гэты канфлікт. «Значная частка размовы была ўдзелена абмеркаваньню будучыні Эўропы і месца Беларусі ў гэтым сьветаўладкаваньні, гаварылі таксама і аб узаемаадносінах Беларусі і Расеі».
  • Яшчэ адна тэма тычылася ўзбраеньняў, у тым ліку размова ішла аб ядзернай зброі і магчымым разьмяшчэньні яе ў Беларусі. Паведамляецца, што ў адказ на гэта Лукашэнка адрэагаваў заўвагай: «фэйк», адзначыўшы, што «калі народ Беларусі ня будуць душыць, не толькі аб ядзернай – і аб звычайнай зброі размовы быць не можа».
  • Паведамляецца, што Лукашэнка і Макрон «дамовіліся аб кантактах у найбліжэйшы час».

Раней Лукашэнка заўляў пра жаданьне разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі ядзерную і нават «звышядзерную» зброю.

23:34 26.2.2022

Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн лічыць, што альтэрнатывай санкцыям, якія Вашынгтон увёў у дачыненьні да Масквы, была б «трэцяя сусьветная вайна». Пра гэта Байдэн заявіў у інтэрвію блогеру Браяну Коэну.

«Паслухайце, было два варыянты дзеяньняў: пачаць трэцюю сусьветную вайну, пачаць фізычна вайну з Расеяй, або варыянт нумар два: зрабіць так, каб краіна, якая дзейнічае настолькі насуперак міжнароднаму праву, заплаціла б цану за тое, што яна гэта зрабіла», — сказаў прэзыдэнт ЗША.

23:20 26.2.2022

Украіна закрывае пункты пропуску на мяжы зь Беларусьсю

Прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль заявіў, што ўрад Украіны ўхваліў рашэньне аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю і Расеяй. Грамадзяне Ўкраіны, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі і Расеі, змогуць бесьперашкодна вярнуцца на радзіму.

23:16 26.2.2022

Цэнтральны вакзал у Кіеве праз абстрэлы прыпыніў на нейкі час працу

«Укрзалізниця», украінская чыгуначная служба, часова адключыла электрычнасьць на Цэнтральным вакзале Кіева і эвакуавала пэрсанал у бункер праз блізкасьць абстрэлаў. Празь нейкі час вакзал узнавіў працу. Украінскія СМІ паведамлялі, што абстрэльваўся жылы комплекс прыблізна за два кілямэтры ад галоўнага чыгуначнага вакзалу сталіцы.

22:35 26.2.2022

Інстаграм зноў заблякаваў Рамзана Кадырава

Пасьля таго як некалькі гадоў таму заблякавалі асабісты рахунак кіраўніка Чачні, ён завёў новы акаўнт, на які падпісаліся амаль дзевяць мільёнаў карыстальнікаў, паведамляе Meduza.

22:19 26.2.2022

Папа Рымскі выказаў «найглыбейшы боль» у тэлефоннай размове зь Зяленскім

Папа Францішак 26 лютага патэлефанаваў прэзыдэнту Украіны Ўладзіміру Зяленскаму і выказаў свой «найглыбейшы боль» ў сувязі з пакутамі краіны, паведаміла амбасада Ўкраіны ў Ватыкане. Падрабязнасьці размовы не паведамляюцца.

22:09 26.2.2022

Кіраўнік Rakuten ахвяраваў Украіне 8,7 млн даляраў

Хіросі Мікітані, заснавальнік і кіраўнік японскай кампаніі Rakuten, якая займаецца электроннай камэрцыяй, ахвяраў у дапамогу Ўкраіне 8,7 млн даляраў.

22:07 26.2.2022

У гомельскім шпіталі — больш за 150 параненых расейскіх вайскоўцаў

У Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнай мэдыцыны (Гомель) — больш за 150 параненых расейскіх вайскоўцаў. Пра гэта паведамляюць мэдыкі.

«Частку шпіталю аддалі цалкам пад іх патрэбы. Прычым мэдычную дапамогу ім аказваюць у першую чаргу. Параненыя працягваюць паступаць. Іх прывозяць на вайсковых грузавых аўтамабілях», — паведамляе крыніца Свабоды. Раней мэдыкі паведамлялі, што параненых прымае і абласны шпіталь.

Рэспубліканскі цэнтар радыяцыйнай мэдыцыны — найбліжэйшая буйная мэдычная ўстанова на ўезьдзе ў Гомель. Яна месьціцца каля шашы Чарнігаў — Гомель.

22:02 26.2.2022

Вечаровыя абстрэлы ў Кіеве

На відэа бачна, што адбываецца ў сталіцы Ўкраіны каля 21-й гадзіны менскага часу.

У горадзе пастаянна гучаць сырэны, якія папярэджваюць гараджанаў пра паветраныя ўдары расейскага войска.

21:41 26.2.2022

Зяленскі: «У гэтай, несумненна, народнай вайне ў ворага няма шанцаў»

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў з новым відэазваротам да ўкраінскага народу. Сярод іншага, ён сказаў, што кіраўнік Азэрбайджану Ільхам Аліеў паабяцаў Украіне дадатковыя пастаўкі нафты.

«Мы будзем змагацца столькі, колькі спатрэбіцца, каб вызваліць краіну. Калі ў сховішчах ужо нараджаюцца дзеці нават падчас працягу абстрэлаў, то ў гэтай, несумненна, народнай вайне вораг ня мае шанцаў».

21:18 26.2.2022

МУС Украіны: расейскія войскі падыходзяць да Энэргадару і пачынаюць разгортваць «Грады» ў бок Запароскай АЭС

Міністэрства ўнутраных справаў Украіны паведаміла аб пагрозе абстрэлу расейскімі войскамі Запароскай АЭС у Энэргадары.

«У гэты момант расейскія войскі набліжаюцца да Энэргадару і пачынаюць разгортваць „Грады“, накіраваныя на Энэргадар і Запароскую АЭС», — паведаміў у відэазвароце дарадца міністра ўнутраных справаў Вадзім Дзенісенка.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG