Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзі гаварылі, што гэта ўсё Пуцін, што пачалася вайна». Беларуска з Гішпаніі расказвае, як краіна перажывала адключэньне электрычнасьці


Блэкаут у Гішпаніі
Блэкаут у Гішпаніі

Масавае адключэньне электрычнасьці, якое закранула Гішпанію, Партугалію, Андору і паўднёвыя рэгіёны Францыі, адбылося 28–29 красавіка. Беларуска Юлія Матузава, якая жыве ў Малязе, у размове з Свабодай расказала, што адбывалася ў краіне без электрычнасьці і сувязі.

Пра масавае адключэньне электрычнасьці на ўсёй тэрыторыі Гішпаніі, а таксама ў Партугаліі, Андоры і на поўдні Францыі, стала вядома ўдзень 28 красавіка. На ўсім Пірэнэйскім паўвостраве не працавала мабільная сувязь, не было інтэрнэту, у гарадах спынілася мэтро. Не працавалі таксама чыгунка, сьвятлафоры, тэлевізія, дзяржаўныя ўстановы.

Часткова электрычнасьць пачала зьяўляцца ў некаторых рэгіёнах увечары панядзелка, аднак празь нейкі час зноў зьнікала. На раніцу аўторка 29 красавіка ўлады Гішпаніі і Партугаліі заявілі, што сувязь і электрычнасьць ёсьць на больш чым 90% тэрыторыі краін. Аднак прычыны адключэньня дагэтуль застаюцца няяснымі.

Блэкаут закрануў і спартыўныя спаборніцтвы. На фота тэнісны стадыён у Мадрыдзе, дзе праходзіць турнір Madrid Open
Блэкаут закрануў і спартыўныя спаборніцтвы. На фота тэнісны стадыён у Мадрыдзе, дзе праходзіць турнір Madrid Open

Беларуска Юлія Матузава, якая ўжо чатыры гады жыве ў Малязе на поўдні Гішпаніі, у размове з Свабодай расказала, што адбывалася ў яе мясцовасьці ў панядзелак і як гішпанцы ўспрынялі незвычайную падзею. Зь яе словаў, электрычнасьць і сувязь зьявіліся ў Малязе прыкладна, а 3-й гадзіне ночы, зараз усё працуе як звычайна. Аднак упэўненасьці ў тым, што блэкаўт не паўторыцца, пакуль няма.

«Я акурат гатавала ежу на кухні, калі ўсё адбылося, — расказвае Юлія пра пачатак маштабнага адключэньня. — Пліта электрычная, і мы адразу заўважылі, што току няма. А пасьля прапала і сувязь, не было інтэрнэту. Мы падумалі, што гэта на некалькі хвілін. Было незразумела, як такое можа адбыцца. Калі прайшло 20 хвілін, мы выйшлі на вуліцу, каб даведацца, што адбываецца. Зайшлі ў краму насупраць. Там пачулі, што пачалася вайна. Што гэта ўсё Пуцін, што электрычнасьці няма ўва ўсёй Эўропе. Была такая трохі паніка. Зачынілася мэтро, некаторыя людзі засталіся ў цягніках, у тунэлях, іх трэба было эвакуаваць».

Адключэньне электрычнасьці паралізавала транспартную сыстэму. Спыніліся цягнікі і мэтро, перасталі працаваць светлафоры.
Адключэньне электрычнасьці паралізавала транспартную сыстэму. Спыніліся цягнікі і мэтро, перасталі працаваць светлафоры.

Як расказвае Юлія, на вуліцах адразу зьявілася шмат людзей, якія ішлі ў крамы, каб купіць ваду і ежу. Яна таксама пайшла ў супэрмаркет паблізу, які меў уласныя генэратары. Там можна было расплаціцца і карткай, а ня толькі гатоўкай.

«Прадукты вельмі хутка скончыліся, — гаворыць Юлія. — Мы ўзгадалі, што маем стары тэлефон, у якім убудаванае радыё. Гэта нас уратавала ад трывогі, бо было зусім незразумела, што адбываецца, мы нічога ня ведалі. На вуліцах не было ніякага інфармаваньня. Проста ўсё закрылася — установы, банкі, мэтро. Крыніцай інфармацыі сталі людзі, якія размаўлялі паміж сабой. Хтосьці зь іх слухаў радыё і перадаваў іншым пачутае. Уключалі радыё гучна на вуліцы таксама».

Праз блэкаут не працавалі кавярні і рэстараны. Людзі гатавалі ежу з дапамогай сьвятла мабільных тэлефонаў
Праз блэкаут не працавалі кавярні і рэстараны. Людзі гатавалі ежу з дапамогай сьвятла мабільных тэлефонаў

Як расказвае суразмоўца, спачатку яна таксама падумала, што гэта нешта больш сур’ёзнае, чым блэкаўт. Адначасовы брак электрычнасьці і сувязі быў вельмі незвычайнай падзеяй.

«Мы не маглі нічога паглядзець у інтэрнэце, нея ведалі, што адбываецца. Таму розныя думкі былі, — кажа Юлія. Па радыё таксама рознае гаварылі. Спачатку — што гэта кібэратака. Толькі такая інфармацыя была. Натуральна, зьяўляліся думкі пра тое, хто можа за гэтым стаяць. І пераважна гучала, што гэта Расея і Пуцін. Таму так, былі думкі, што гэта можа быць пачаткам вайны».

З словаў суразмоўцы, нагэтулькі маштабнае адключэньне электрычнасьці для Гішпаніі нехарактэрнае. Магчымыя невялікія мясцовыя перабоі, але каб адключэньне закранула ўсю краіну і ня толькі прыватнае жытло, такога яшчэ не здаралася. Юлія гаворыць, што падзеі 28 красавіка паўплываюць на яе паводзіны ў будучыні.

Блэкаут застаў людзей у дарозе. Начаваць прыходзілася літаральна на падлозе вакзалаў
Блэкаут застаў людзей у дарозе. Начаваць прыходзілася літаральна на падлозе вакзалаў

«Пакуль няясна, як доўга пратрымаецца электрычнасьць. У іншых рэгіёнах краіны яе ўключалі яшчэ ўчора, але на кароткі час, — расказвае Юлія. — Пасьля яна зноў зьнікла. Таму я хачу купіць сьвечкі, каб былі дома. Увечары вельмі цёмна было ў нашым раёне. Радыё трэба абавязкова. Наконт прадуктаў і запасаў вады — ня ведаю. Магчыма, так званы трывожны чамаданчык варта завесьці. Людзі працягваюць размаўляць пра трэцюю сусьветную вайну. Гучаць рэкамэндацыі купіць пэўныя рэчы».

Што да марадэрства і ўсплёску злачыннасьці, то Юлія іх не заўважыла. Яна расказвае, што ў сувязі з маштабным адключэньнем электрычнасьці ўлады Гішпаніі ўвялі так званы трэці ўзровень небясьпекі, аналяг надзвычайнага становішча.

«На вуліцах вялікіх гарадоў былі вайскоўцы, — кажа Юлія. — У Мадрыдзе, Барсэлёне. Пра Малягу яшчэ не чытала. Тут мы бачылі паліцыю. Былі патрулі на вуліцах. Таму, магчыма, было адносна спакойна».

На раніцу аўторка 29 красавіка ўлады Гішпаніі і Партугаліі яшчэ не назвалі прычыну маштабнага адключэньня электрычнасьці на ўсім Пірэнэйскім паўвостраве. Сярод вэрсіяў называюць кібэратаку і незвычайную атмасфэрную зьяву, выкліканую рэзкім перападам тэмпэратураў у цэнтральнай частцы паўвострава.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG