Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ў стане радавацца простым, як яблык, рэчам». Ева Вежнавец пра добрае ў 2021-м


Ева Вежнавец
Ева Вежнавец

Свабода зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што Вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Такім чынам мы паспрабавалі адшукаць крупінкі радаснага, добрага і сьветлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі.

Сёньня на наша пытаньне адказвае Ева Вежнавец.

— Вы зьвярнуліся не да таго чалавека, таму што я, як тая Рахіль, плачу і суцешыцца не хачу. Я ад сябе гэтага гора не хаваю, часта прачынаюся ад сутаргаў сухога плачу. Калі ўладу ў краіне захапілі садысты, псыхапаты, сэрыйныя забойцы і проста непраходныя пабытовыя дурні і невукі, усё мае крывавы прысмак і адценьне.

Як сказаў Душан Макавееў, «нават яблык пры дыктатуры смакуе інакш». Але — гэта ўсё яшчэ яблык, таму я ў стане радавацца простым, як яблык, рэчам. Гулянкі, спорт, пакупкі, дачыненьні зь сябрамі; мой кот, мая сям’я, мой ідэальны набор для прыборкі, які я нарэшце вынайшла і склала так, каб і не напрацавацца, і чыста было. Каляды і нямецкае віно. Літаратура, прырода, вершы. Мая праца.

І прэмія Гедройця — мая guilty pleasure. Я адчуваю шчасьце, гонар і віну, атрымаўшы яе. Бо ўсё яшчэ лічу, што «праізашла чудовішчная ашыбка», і далі ня той.

«Дык не адчайвайцеся, як той, хто надзеі ня мае». Паглядзіце, як узяў на грудзі сваё няшчасьце Андрэй Скурко. Сам нясе і іншым аблягчае.

Ева Вежнавец — пісьменьніца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG