Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аповед зламанага чалавека. Размова пра новую кнігу Евы Вежнавец


Ева Вежнавец (Сьвятлана Курс)
Ева Вежнавец (Сьвятлана Курс)

Ева Вежнавец — літаратурны псэўданім пісьменьніцы, сапраўднае прозьвішча якой Сьвятлана Курс. У 2008 годзе яна выдала сваю першую кнігу: «Шлях дробнай сволачы». Нядаўна, пад шыльдай выдавецтваў «Цымбераў» — «Пфляўмбаўм», выйшла яе кніга «Па што ідзеш, воўча?» З аўтаркай пагутарыў Ян Максімюк.

Ева Вежнавец сьцісла:

  • Калі я ўяўлю, колькі на сьвеце кніг, то мне робіцца слаба.
  • Я хацела, каб у маёй гісторыі была ненармальнасьць.
  • На нашай Любаншчыне па сёньня водзяцца ваўкі.
  • Многа дала б, каб апынуцца ў пачатку ХІХ стагодзьдзя на кірмашы ў Ляскавічах і паслухаць, як яны гаварылі.
  • Цяпер новае слова ў беларускай літаратуры скажуць тыя, хто быў на барыкадах са сваім народам.
  • Ня хочацца зноў ісьці ў локдаўн, бо без сацыяльных сувязяў цяжка.

— Я правільна думаю: «Па што ідзеш, воўча?» — ваша другая кніга? Не было з 2008 году нейкай іншай?

— Не. Я часам друкавала нейкія апавяданьні ў пэрыёдыках, але кнігі мне не пісаліся. Па-першае, я ня бачыла ў гэтым сэнсу. А па-другое, калі я ўяўлю, колькі на сьвеце кніг, то мне робіцца слаба. Я думаю: навошта дадаваць яшчэ кніг у белы сьвет, калі і так усіх не прачытаюць? І таму я лічу, што пісаць кніжкі трэба (нячаста. — РС). Ну, прынамсі я для сябе так лічыла.

— Дарэчы, калі я заходжу ў кнігарню і бачу мноства кніг, да мяне таксама прыходзяць думкі: Навошта столькі? Калі іх прачытаць? Ды ўсё роўна, ведаеце, купляю, хоць ведаю, што ня ўсе прачытаю…

Давайце вашу кнігу крышку папіярым. Гераіня кнігі ў вас — алькагалічка. Чаму? Нельга было знайсьці, скажам, грамадзка больш прымальную галоўную постаць?

— Гэта было б няправільна. Таму што я хацела, каб у маёй гісторыі была ненармальнасьць. Такая канцэнтрацыя шаленства, якая адбываецца на старонках маёй аповесьці, — я так сьціпла лічу, — магла быць апісаная толькі праз даволі зламанага чалавека, траўматызаванага чалавека, чалавека, які ня вельмі прыстасаваны да гэтага сьвету, які паламаны і цэлым быць ня хоча. Бо здаровыя і чыстыя героі, Паўкі Карчагіны, мне ніколі не былі цікавыя. Я хутчэй люблю дзівакоў і слабакоў…

— Ага, і таму ў вас такая Ірына, якую яе стогадовая бабуля называе Рынай… Чытаючы вашу кнігу, я зьвярнуў увагу на адну рысу, якая мне ў літаратуры заўсёды вельмі падабаецца — гэта моцная повязь герояў зь месцам, у якім яны жывуць і ў якім адбываюцца падзеі. Месца падзеяў у вас выпісанае вельмі ўражальна. Гэта і ёсьць ваша Любаншчына, дзе вы нарадзіліся — памежжа Меншчыны, Магілёўшчыны і Гомельшчыны?

— Так, яна такая. Я нічога не прыдумала, абсалютна ні адзін факт я не ўзяла з галавы…

— Дык там у вас і ваўкі, мабыць, ёсьць? Я заглянуў у Вікіпэдыю — я там у вас ніколі ня быў — і дазнаўся, што траціна паверхні Любаншчыны пакрытая лесам. Там яшчэ водзяцца ваўкі?

— Водзяцца. На гэтак званыя скатамагільнікі прыходзяць ланцужком есьці. Я раз ехала і бачыла. Нямілае відовішча…

— Ня будзем гаварыць, пра штó ваша кніга, але давайце заахвоцім чытачоў, каб яны яе набывалі. А як можам заахвоціць? Давайце крышку пагаворым пра мову кнігі. Калі я чытаў вашу кнігу, мне раз-пораз прыходзіла на згадку проза Івана Пташнікава, калі казаць пра беларускую літаратуру, і Ўільяма Фолкнэра, калі казаць пра амэрыканскую. Ну, не таму Пташнікаў, што ў вас нібыта такая куча дыялектызмаў, як у яго. Але ўсё ж адчуваецца, што ў рамках правільнай літаратурнай мовы вам зацесна, і вы спрабуеце ў стэрыльную мову філфакаўцаў упусьціць нейкі свой вірус ненарматыўнасьці. Так яно, ці гэта мне толькі здаецца?

— Я думаю, што чалавеку, які нарадзіўся ў беларускім космасе, там кожнае слова будзе інтуіцыйна зразумелае і блізкае. Мы многа размаўляем у розных групах, — напрыклад, «Прыказкі і прымаўкі», і гэты кантынуўм беларускі, архіпэляг ці як яго назваць — ён нікуды ня дзеўся. Усе памятаюць прыказкі, прымаўкі і дыялектызмы, і з гэтым ня будзе праблемаў. Гэта жывая любанская гаворка… Там яшчэ сакуны ў нас прабіваюцца, цэлыя вёскі сакуноў. Я нічога не ўпусьціла, і вуканьне-уканьне гомельскае… Там patchwork такі, там тры рэгіёны сышліся — Магілёўшчына, Гомельшчына, Меншчына.

— І гэта тая мова, якой вы вучыліся дома, у вёсцы?

— Так. Да пяці-шасьці гадоў я па-расейску ня ўмела зусім, бо ж тэлевізіі не было. Я ж нарадзілася ў вельмі дзікім месцы, у нас быў першы тэлевізар на ўсю вёску. Прыходзілі дзяды з бабамі, сядалі, глядзелі праграмы і размаўлялі, а я іх слухала. Яны былі з 1900-х гадоў нараджэньня, яшчэ жылі тады. Гэта зусім іншая мова, іншая інтанацыя, іншая спэцыфіка. Я ўжо гэтак ня ўмею. Многа дала б, каб апынуцца ў пачатку ХІХ стагодзьдзя на кірмашы ў Ляскавічах і паслухаць, як яны гаварылі. Бо, мяркуючы з усяго, гэта было здорава.

— Я зьвярнуў на гэта ўвагу, таму што мне вельмі падабаецца гэтая мова. Вельмі падабаецца, я б сказаў, такі цэльны літаратурны стыль, праведзены вамі ад пачатку да канца ў гэтай кніжцы. Чытаецца, як нешта вельмі аўтэнтычнае…

Беларускія аўтары, зь якімі мне даводзілася гаварыць раней, наагул усе як адзін сьцьвярджалі, што пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2020 году і тэрору, які наступіў пасьля яе і трывае па сёньняшні дзень, немагчыма ў беларускай літаратуры пісаць так, як пісалі раней. То бок цяперашняя беларуская літаратура павінна нейкім чынам памяняцца. Вы таксама так адчуваеце?

— Я так адчуваю. Больш за тое — я лічу, што павінна быць сказана новае слова.

Пра гэта напісала Ганна Севярынец. Яна напісала вельмі прыгожа, я цяпер ужо не згадаю дакладна. У водгуку на маю кнігу яна напісала, што так, гэта было файна, наша цяжкая цёмная Беларусь, наша фантастычная Беларусь у фантастычных апавяданьнях, але пара сказаць новае слова, і гэтае слова павінна быць сказана аптымістычным і глыбокім голасам.

А я на гэта ёй сказала, што гэта ўжо не мая задача. Я не была са сваім народам на барыкадах. Напрыклад, яна — была. Цяпер гэтае слова скажуць тыя, хто быў на барыкадах са сваім народам. І яны будуць шукаць новую мову. І новую тапаніміку, і новую беларускую геаграфію ствараць. Будзе новая беларуская літаратура ў Беларусі.

— Майма надзею. На заканчэньне ў мяне да вас такое пытаньне: Скажыце, як вы трываеце гэты пэрыяд пандэміі і локдаўнаў? У вас ёсьць рэцэпт, як жыць, не дапускаючы дэпрэсіі да сябе? І не ізалюючыся цалкам ад вонкавага сьвету ў коле сям’і, у сьценах сваёй кватэры?

— Не, я не ізаляваная. Я час ад часу выходжу на працу ў музэй, бо нас то зачыняюць, то адчыняюць. У першы локдаўн я ўвогуле была вельмі актыўнай, бо працавала апякункай старых асоб. І ў мяне было 17 падапечных, такіх, якіх я мусіла на ровары адведаць. Натуральна, я тады езьдзіла з аўсвайсам па Варшаве і гэтага локдаўну не адчувала.

Ну, у мяне ёсьць такі дурны аптымізм. Я заўсёды лічу, што са мной нічога ня здарыцца, а калі здарыцца, то там і паглядзім. Таму я не баялася гэтай пандэміі, нават глупавата выступала ўпачатку. Цяпер я ацаніла небясьпеку. Вось…

Усё нармальна. З маіх блізкіх ніхто не захварэў, дзякуй Богу. Мая сямідзесяцігадовая каляжанка з музэю выкараскалася з хваробы. Мы ня хочам зноў ісьці ў локдаўн. Таму што без сацыяльных сувязяў цяжка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG