Ксіша Ангелава — беларуская мастачка, унучка рэпрэсаванага першага рэктара БНТУ Міканора Ярашэвіча. У Беларусі яна публікавала свае працы пад псэўданімам «Ніканор Казіміравіч». Ангелава скончыла тэатральны факультэт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. З 2011 году займаецца іканапісам. Яе працы ўпрыгожваюць храмы Беларусі, Украіны, Расеі, Грузіі, Францыі, Нямеччыны, Польшчы. Зь лістапада 2020 году Ксіша малюе партрэты беларускіх палітзьняволеных.
«Будзьце ўважлівыя да свайго здароўя — гэта ж ваша жыцьцё!»
Яшчэ ў Беларусі ў мастачкі дыягнаставалі анкалягічнае захворваньне. У 2011 годзе ёй зрабілі некалькі апэрацыяў выдаленьня пухлінаў. Даволі доўгі час была рэмісія. У 2021 годзе Ангелава вымушана эмігравала ў Польшчу. Аднак у сакавіку 2024 году хвароба аднавілася, апавядае Ксіша.
«Я трапіла ў шпіталь, мне выдалілі міндаліны і частку гартані. Празь біяпсію высьветлілася, што гэта актынамікоз — складаная хвароба, якая патрабуе кропельніц з моцнымі антыбіётыкамі і бісэптолам.
Шэсьць з паловай месяцаў прабыла ў шпіталі. А цяпер мне патрэбна яшчэ адна апэрацыя на страваводзе», — дзеліцца сваёй бядой мастачка.
Жанчына мае польскую дзяржаўную мэдычную страхоўку NFZ, бо афіцыйна працуе ў Польшчы. Ангелава вельмі ўдзячная польскім лекарам: тэрміновую апэрацыю ёй зрабілі хутка. Аднак наступнай давядзецца чакаць яшчэ прынамсі год. Суразмоўца падкрэсьлівае, што гэта ня скарга на польскую сыстэму аховы здароўя, але папярэджаньне ўсім іншаземцам.
«Мяне выпісалі з аднаго шпіталя папраўдзе зь сьмяротным дыягназам, не паведаміўшы, што я мушу ісьці ў іншы шпіталь як мага хутчэй. Дачка выпадкова прачытала мой дыягназ. Калі я прыйшла ў іншы шпіталь, лекарка тэрмінова пачала тэлефанаваць свайму калегу: „Трэба неадкладна пакласьці ў шпіталь жанчыну“.
Я хацела б папярэдзіць усіх эмігрантаў: уважліва чытайце мэдычныя дакумэнты і дамагайцеся лячэньня, бо лекар можа сказаць, што, маўляў, „гэта ня мая галіна“. Таму будзьце самі ўважлівыя да свайго здароўя — гэта ж ваша жыцьцё!» — папярэджвае яна.
Цяпер мастачцы патрэбна яшчэ адна тэрміновая апэрацыя, аднак чарговы агляд ёй прызначылі толькі ў 2026 годзе. Трэба купляць дарагія лекі, добра харчавацца, аплочваць арэнду кватэры. Хоць Ксіша шмат працуе, грошай бракуе. Таму мастачка зьвярнулася па дапамогу ў фонд BySol.
«Нашу памяць не забіць»
Пасьля гібелі Рамана Бандарэнкі ў лістападзе 2020 году Ксіша Ангелава пачала маляваць партрэты палітвязьняў. Іх ужо больш за 1100. Кажа, што малюнкі даюцца ёй надзвычай цяжка маральна.
«У мяне былі пэрыяды, што адчувала паразу: ты робіш-робіш, а нічога не дапамагае. Вікторыю Кульшу, Марфу Рабкову, Аляксандра Фядуту ды іншых забіваюць. Апускаюцца рукі.
Але ўсё нашмат шырэй: ты робіш архіў для моладзі. Нашу памяць не забіць, як бы нас ні палохалі. Мастакі, акторы, журналісты, пісьменьнікі, музыкі, настаўнікі — усе ствараюць гісторыю. Усё наперадзе: прачытаем кнігу Алексіевіч, яна ж таксама піша, фіксуе галасы — у яе ўлюбленым жанры», — кажа Ксіша.
Што да цікавасьці да Беларусі ў сьвеце, краіна і так даўно ня мела голасу, мяркуе яна. Былі пратэсты ў 2020-м, калі ўвесь сьвет нарэшце пачуў беларусаў, быў усплёск цікавасьці да Беларусі, але неўзабаве ён патануў, бо пачалася вайна ва Ўкраіне, — разважае Ксіша Ангелава.
«А цяпер хто мае голас? Людзі, якія кіруюць, у якіх няма сумленьня, але
ёсьць грошы. Нават Украіна пасьля трох гадоў вайны ня мае голасу. Паглядзіце, зь ёю ніхто ня лічыцца! Зь ёю гуляюць, як зь лялькай, вядуць нейкія перамовы аб мінэралах, рэдказямельных мэталах. А на людзей ужо забыліся. Што тут казаць пра Беларусь, у якой няма вайны з такой колькасьцю ахвяраў?» — задае рытарычнае пытаньне мастачка.
Мазаіка з дапамогай малатка
На думку Ксішы Ангелавай, беларусы, вымушаныя эміграваць, прынесьлі неймаверную хвалю творчасьці, якую не заўважыць немагчыма: сучаснае кіно, мастацтва, натхнёнае барацьбой, выставы, імпрэзы ў многіх краінах сьвету.
«Мая выстава зараз праходзіць у Вялікай Брытаніі, там каля 200 партрэтаў вядомых людзей: Алеся Пушкіна, Марыі Калесьнікавай, іншых. Я прывезла гэтыя партрэты, а мне кажуць: „Вы нас проста як малатком па галаве б’яце! Можа, неяк зьмякчыць, прыхаваць, зрабіць праз мэтафары — бо гэта вельмі балюча?“ Я жартую, што, маўляў, я толькі мазаікі раблю з дапамогай малатка, а па галаве нікога ня б’ю. Але мая мэта дасягнута, мяне пачулі!
Брытанцы вельмі любяць лябірынты зь зеляніны. І ў Шатляндыі ёсьць такі велічэзны лябірынт перад замкам, і там будуць разьмешчаныя партрэты нашых палітвязьняў. Мы іх залямінуем і разьвесім у лябірынце — гэта такая мэтафара турмы: Мінатаўр — дыктатар, а лябірынт — пошук выйсьця з гэтай турмы. І сусьвет павінен дапамагчы нам, каб вызваліць іх», — апавядае Ксіша.
У Ірляндыі таксама плянуюць выставу партрэтаў Ангелавай — яна пасябравала з праваабаронцамі, якія дагэтуль захоўваюць памяць аб ахвярах вайны паміж Поўначчу і Поўднем, каб такое не паўтарылася зноў.
Ксіша Ангелава дала сабе абяцаньне намаляваць партрэты ўсіх беларускіх палітвязьняў.
«Я палічыла: калі сёньня выпусьцяць усіх (аб чым мы пастаянна молімся), я мушу два гады працаваць дзень і ноч, пакуль не намалюю ўсіх, хто сядзеў! То бок я ўжо авансам жыву, можа, майго жыцьця ня хопіць… Я вымушана буду маляваць і маляваць, калі сёньня ўсё зьменіцца. А яно не мяняецца і не мяняецца», — з жалем разважае Ангелава.
Ёй вельмі цяжка маральна. Прызнаецца, што дапамагаюць вершы Мойшэ Кульбака, таксама забітага ўладай, але 100 гадоў таму. Мастачка натхняецца вершамі Дзьмітрыя Строцава, Насты Кудасавай, іншых творцаў.
«Мне прысьвяцілі такі шчымлівы верш па-беларуску — не магу сказаць, хто яго напісаў, бо чалавек у Беларусі. Я шакаваная, што гэтыя цудоўныя радкі прысьвечаныя мне! Там пра эмпатыю, там пра прыняцьцё, пра боль, пра радасьць, якая не патанае ў горы, пра твары і вочы, якія я малюю… І я мушу быць годнай гэтых строфаў», — кажа Ксіша.
Мастачка прызнаецца, што мае сакрэт і паратунак — у той час калі шмат людзей у вельмі разгубленым стане:
«Людзі чытаюць кожны дзень навіны, у іх пракрастынацыя, прастрацыя, дэпрэсія. Яны ня ведаюць, што рабіць. А я ведаю, што рабіць, аўтаматычна — бяру і малюю партрэты. І ў гэты момант я сабе не належу, што мяне і ратуе! Я ўжо забылася пра свае праблемы, пра свае пачуцьці — чаму так цяжка, так складана, чаму на наш лёс гэта выпала — мы не пажылі без турмы, без вайны… Чаму мы не прачынаемся ў сваім доме, у сваім ложку, чаму мы мусім быць у эміграцыі? Беларусь у выгнаньні, Беларусь перакуленая», — разважае мастачка.
Мянушкі Сігма і Ксі
Ксіша Ангелава не абмяжоўваецца маляваньнем, мастацтвам. Яна працуе у беларускай школцы. Гэта адмысловая суботняя школа пры Акадэміі добрай адукацыі — каб была прастора, дзе дзеці могуць размаўляць на сваёй роднай мове, тлумачыць мастачка.
«Мне вельмі падабаецца атмасфэра ў беларуская школцы. У мяне творчыя „сіесты“, адпачынак. То бок дзеці не ўспрымаюць мае заняткі як урокі, як прымус, а ўспрымаюць як шчасьце і творчасьць. На занятках у мяне хаос, творчасьць, крэатыў! Нават калі я лекавалася, зьбягала з шпіталю і праводзіла заняткі», — прызнаецца жанчына.
Яна кажа, што ў Польшчы чыста мастацтвам не заробіш, трэба валодаць яшчэ іншымі навыкамі. Таму Ксіша Ангелава атрымала дадатковую псыхалягічна-пэдагагічную адукацыю. Яна працуе цяпер і з польскімі дзецьмі, якія маюць дыягназ СДУГ (сындром дэфіцыту ўвагі і гіпэрактыўнасьці).
«Польскія дзеці мяне называюць Сігма (σῖγμα) — літарай грэцкага альфабэту. Гэта ўжо другая мянушка — першая была Ксі (ξεῖ), таксама грэцкая літара — ад імя Ксіша. У іх разуменьні „сігма“ — гэта хтосьці сьвядомы, незалежны, хто бароніць свае межы, сябе. І мяне гэта вельмі натхняе, мне вельмі падабаецца працаваць зь дзецьмі. Падлеткі — мая ўлюбёная катэгорыя. Бацькі стогнуць, што цяжкі ўзрост, а мне ў кайф зь імі кантактаваць. Чым больш выклікаў, тым мне цікавей», — прызнаецца Ангелава.
Працавала мастачка і з украінскім «цяжкімі падлеткамі», якія, калі пачалася вайна Расеі з Украінай, жылі ў Варшаве ў цэнтры разьмяшчэньня ўцекачоў на вуліцы Модлінскай. Там жылі людзі з сацыяльна ўразьлівых слаёў, з акупаваных тэрыторыяў, у якіх загінулі сваякі.
«З тымі падлеткамі трэба было штосьці рабіць, а яны сапраўды былі „складаныя“: біліся да крыві, курылі марыхуану. Калі я прыйшла да іх — там праўда ідзе бойка, а тут я з высокім мастацтвам!» Кажу: «Маю да вас цікавую прапанову, аднак не змагу з вамі працаваць, бо нам будзе патрэбны малаток, ім можна забіць, параніць, а вы тут б’яцеся». І я пачала вучыць іх мазаіцы», — апавядае Ксіша.
А гэта вельмі брудная справа: дзеці разам з мастачкай цягалі з разбураных трансфарматарных будак чырвоную цэглу, шукалі камяні, зьбіралі нейкія іншыя матэрыялы для мазаікі.
«Вы сабе не ўяўляеце, якія яны прыгожыя мазаікі нарабілі. Гэта сапраўды высокае мастацтва — я паказвала працы мастакам і прасіла зрабіць рэцэнзіі, бо ў тых дзяцей было неймавернае адчуваньне формы. Мы зладзілі выставу, зрабілі ваяроў. Дзеці былі вельмі захопленыя. Адзін хлопчык гадоў 14 кажа мне: „Спадарыня Ксіша, я буду памятаць вашы заняткі“. Іх потым раскідаў лёс, на жаль, ня ведаю, дзе яны цяпер. У мяне дагэтуль ком у горле, калі ўзгадваю гэтых украінскіх дзяцей», — мастачка ня можа стрымаць сьлёз.
Сабачкі і коцікі з посттраўматычным разладам
Яшчэ Ксішу Ангелаву ратуюць яе хатнія гадаванцы: спаніель Лялька, прывезены з Украіны, і беспародны шэры паласаты кот зь белым каўнерыкам. У мастачкі ёсьць свая траўма.
«Я сама траўмаваная, у мяне ахвяра, бо майго сабаку некалі застрэлілі ў Беларусі. Калі мама захварэла на анкалёгію, я не змагла за ўсім усачыць, зьбег мой сабачка ў лесе. І яго забілі „жывадзёры“ з Заслаўя — гэта такая вядомая брыгада. Я хадзіла да іх, хацела паглядзець ім у вочы — як можна забіць жывёліну? Я гэтага не разумею…
Дзякуй Богу, у Польшчы няма бадзяжных сабак. Я дагэтуль падпісаная на старонку прытулку для жывёл, што на вуліцы Гурскага ў Менску. Якое барбарства, не перастаю зьдзіўляцца — дагэтуль у Беларусі забіваюць жывёлаў!» — не хавае эмоцый Ксіша.
Калі пачалася вайна з Украінай, Ангелава працавала ў варшаўскім інфармацыйным пункце для ўцекачоў. Яе калега ня ўседзела і паехала на мяжу, дзе было шмат пакінутых жывёлаў.
«Мая сяброўка прывезла 7 сабак — на мяжы іх пратрымалі чатыры дні: жывёлаў палічылі „камэрцыйным грузам“, бо там быў хаскі, а таксама спаніель Лялька (цяпер ён жыве ў мяне). Сяброўка ўся прапахла псінай, казала: „Ніколі зноў!“ А я днямі зноў паеду ў Пярэмышль на мяжу з Украінай, бо з прыфрантавых раёнаў зноў зьбіраюць жывёлаў, мае знаёмыя-валянтэры прывозяць іх на мяжу. Я прынамсі трох сабак змагу прывезьці ў Варшаву і паспрабую тут іх раздаць», — кажа Ангелава.
Спаніель Лялька дрэнна чуе, пастаянна сядзіць у гаспадыні на руках. Ксіша прызнаецца, што ў сабакі, як і ў людзей, ПТСР назаўсёды.
Ці верыць мастачка Ксіша Ангелава, што яна некалі вернецца ў Беларусь?
«Што хтосьці вернецца — веру. Калі хутка, літаральна заўтра адбудзецца цуд — я імгненна вярнуся. Але хуценька гэта можа не адбыцца… Таму я ўжо асабліва ня веру, што мне давядзецца вярнуцца. Магчыма, хтосьці з маіх дзяцей, унукаў прыме нашу эстафэту і зьменіць штосьці там, у Беларусі.
Вядома, мяне пэрыядычна накрывае. Здавалася б, жыву ў Эўропе, дзе не павінна быць ніякай настальгіі! А раптам у самы нечаканы момант находзіць, накрывае, і ты стаіш як быццам разьдзеты — бяз нэрваў, бяз скуры, і так балюча! Думаеш: дзе гэты панцыр узяць, каб выстаяць? А няма гэтага панцыра… І за кратамі людзі застаюцца, дзеля іх трэба працаваць, таму сьціскаеш зубы і працягваеш маляваць», — кажа Ангелава.
Форум