Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я знайшла ў памяці моцнае ўражаньне і пачуцьцё радасьці». Сьвятлана Алексіевіч пра добрае ў 2021-м


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Свабода зьвярнулася да вядомых у беларускай публічнай прасторы асобаў з просьбай адказаць на пытаньне: Што вас парадавала/прымусіла ўсьміхнуцца ў 2021-м? Такім чынам мы паспрабавалі адшукаць крупінкі добрага і сьветлага ў гэтым змрочным годзе беларускай гісторыі.

Сёньня на наша пытаньне адказвае Сьвятлана Алексіевіч.

— Гэта складанае пытаньне. Калі я аглянулася назад на год, які мінае, я падумала, што мне цяжка знайсьці нешта радаснае. Бо ты ўвесь час ня можаш належаць прыгожай восені ў прыгожым Бэрліне.

Але ў сьвядомасьці ўвесь час Беларусь. Навіны адтуль, якія я чытаю з раніцы, заўсёды вельмі цяжкія, калі не сказаць жахлівыя.

Але я знайшла ў памяці моцнае ўражаньне і пачуцьцё радасьці.

Гэта было, калі я чытала апошнія словы ў судах беларускіх пратэстоўцаў.

Спачатку я прачытала апошняе слова Паліны Шарэнды-Панасюк. Я была ў захапленьні ад гэтай моцы, ад упэўненасьці ў сябе, ад веры.

Таксама мяне ўразіла апошняе слова Сьцяпана Латыпава, нашых маладых хлопцаў і дзяўчат — студэнтаў.

Божа мой, ім жа толькі па 19 гадоў, але як годна, як прыгожа яны гаварылі!

І гэта было радаснае адчуваньне.

Я часам паддавалася адчуваньню, што маладыя людзі па-за палітыкай, што яны жывуць у кампутары. І аказалася, што гэта няпраўда, што гэта вельмі прыгожыя і годныя людзі. Такія маладыя і такія моцныя.

Я глядзела на іх твары, на твары іх бацькоў.

У мяне было пачуцьцё гонару і адкрыцьця. Мы ня ведалі ўласны народ, мы яго адкрылі на маршах у жніўні.

І мы адкрываем яго для сябе зараз, падчас судоў.

Сьвятлана Алексіевіч — пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай літаратурнай прэміі 2015 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG