Увечары 2 ліпеня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у Будславе цэлебрацыю сьвятой імшы для пілігрымаў, паведаміў catholic.by.
Ён нагадаў пра дэвіз сёлетняга фэсту — «Маці Касьцёла, маліся за нас».
«У гэтых словах выказана падзяка Марыі за апеку над нашым Касьцёлам падчас ганеньняў на працягу трох пакаленьняў, за дапамогу ў наш складаны час з аднаго боку свабоды веравызнаньня і адыходу ад Бога з другога, а таксама просьба аб клопаце пра яго ў будучыні, якая выглядае вельмі трывожнай», — падкрэсьліў арцыпастыр.
«Сёньня ля падножжа Апякункі Беларусі Маці Божай Будслаўскай мы просім Яе апекі для Касьцёла ў нашай краіне, для нас саміх і нашай Бацькаўшчыны, якая перажывае складаны час пандэміі каранавірусу і грамадзка-палітычнага крызісу. Да іх нечакана далучыўся пажар Будслаўскага санктуарыя», — зазначыў Тадэвуш Кандрусевіч. Ён нагадаў, што Бог заклікае людзей давяраць Яму і Ягонай любові.
«У нашай грахоўнасьці, у грамадзкіх і асабістых падзеях, у гісторыі Бог не перастае шукаць нас. Але мы таксама павінны шукаць Яго», — сказаў Кандрусевіч.
«Марыя, у гэты лёсавызначальны час нашай гісторыі выпрасі нам ласку даверу бязьмежнай Божай любові, міласэрнасьці і Божаму Провіду .
З табой, Марыя, пойдзем у новае заўтра! З табой сумесна адбудуем прысьвечаную Табе Будслаўскую сьвятыню! З Табой пабудуем новую шчасьлівую Беларусь!» — сказаў Тадэвуш Кандрусевіч.
У Будславе 2 і 3 ліпеня праходзяць урачыстасьці ў гонар іконы Маці Божай Будслаўскай. Гэтым разам усе імпрэзы ў Нацыянальным санктуарыі пройдуць на вуліцы.
У 2018 годзе ЮНЭСКА ўключыў Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сам касьцёл — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.
11 траўня ў Будслаўскім касьцёле здарыўся пажар. Агонь цалкам зьнішчыў дах над цэнтральным нефам, перакрыцьці абрынуліся. У той жа дзень пачаўся збор ахвяраваньняў на аднаўленьне сьвятыні, паводле апошніх зьвестак, сабрана амаль 900 тысяч рублёў.
Тадэвуш Кандрусевіч амаль чатыры месяцы ў 2020 годзе правёў у выгнаньні. Герарха, які пасьля прэзыдэнцкіх выбараў актыўна заклікаў уладу спыніць гвалт і пайсьці на дыялёг з грамадзтвам, 31 жніўня не ўпусьцілі ў краіну з замежнай паездкі. Пасьля было заяўлена, што МУС прызнаў яго пашпарт несапраўдным. Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Тадэвуша Кандрусевіча ў тым, што ён выяжджаў у Польшчу «для кансультацый, як разваліць краіну».
Вырашаць сытуацыю з Кандрусевічам у верасні ў Беларусь прыяжджаў сакратар у пытаньнях адносінаў Ватыкану зь дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, у сьнежні — апостальскі нунцый у Вялікабрытаніі, экс-нунцый у Беларусі арцыбіскуп Кляўдыё Гуджэроці.
Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь напярэдадні Божага Нараджэньня — 24 сьнежня. 3 студзеня 2021 году папа Францішак прыняў просьбу Кандрусевіча аб адстаўцы ў сувязі з дасягненьнем 75 гадоў.