Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недавызваленая Беларусь і «крывавы салют». 10 фактаў пра Дзень Рэспублікі і падзеі вакол яго

Вайсковы парад у Менску на Дзень Рэспублікі, 3 ліпеня 2018
Вайсковы парад у Менску на Дзень Рэспублікі, 3 ліпеня 2018

Трэцяга ліпеня афіцыйна сьвяткуецца «Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі)». Прапануем вашай увазе некалькі фактаў пра пра гэтую дату і падзеі вакол яе.

1. Сьвята прымеркавалі да вызваленьня Менску ад нацыстаў 3 ліпеня 1944 году. Значная частка Беларусі на той час яшчэ заставалася пад нямецкай акупацыяй.

Карціна Валянціна Волкава «Менск 3 ліпеня 1944 году»
Карціна Валянціна Волкава «Менск 3 ліпеня 1944 году»

2. Тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Беларусь канчаткова вызвалілі ад нацыстаў толькі 28 ліпеня 1944 году – у той дзень было вызваленае Берасьце.

Супольны парад нямецкіх і савецкіх войскаў у Берасьці на пачатку Другой сусьветнай вайны, 22 верасьня 1939 году. На трыбуне (зьлева направа): генэрал-лейтэнант Морыц фон Віктарын, генэрал танкавых войскаў Гайнц Гудэрыян і камандзір брыгады Сямён Крывашэін

3. Усю тэрыторыю БССР, якой яна была перад нападам нацысцкай Нямеччыны на Савецкі Саюз, вызвалілі толькі 24 студзеня 1945 году. У той дзень савецкія войскі ўзялі Кольна на Беласточчыне, якое са сьнежня 1939 году належала савецкай Беларусі. У верасьні 1944 году 3 раёны Берасьцейскай і 17 раёнаў Беластоцкай вобласьці былі перададзены ў склад Польшчы, а Беластоцкую вобласьць скасавалі.

Мапа БССР 1940 году.
Мапа БССР 1940 году.

4. Дзяржаўным сьвятам 3 ліпеня стала пасьля рэфэрэндуму 1996 году. Паводле афіцыйных вынікаў, выбарнікі прагаласавалі па ўсіх 7 пытаньнях таго рэфэрэндуму менавіта так, як заклікаў Аляксандар Лукашэнка — у тым ліку за тое, каб перанесьці Дзень Незалежнасьці.

Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 году
Публікацыя ў газэце «БДГ» пра рэфэрэндум 1996 году

5. Законна прызначанага старшыню ЦВК Віктара Ганчара перад тым рэфэрэндумам сілком вывелі з кабінэту супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі. Раней Ганчар заяўляў, што ня зможа прызнаць вынікаў рэфэрэндуму з прычыны шматлікіх парушэньняў. У 1999 годзе Ганчара разам зь ягоным сябрам Анатолем Красоўскім выкралі. Пазьней зьявіліся сьведчаньні, што да іх зьнікненьня магло быць датычнае кіраўніцтва краіны.

Публікацыя ў газэце «Свабода» пра рэфэрэндум 1996 году. На фота — Віктар Ганчар, старшыня ЦВК
Публікацыя ў газэце «Свабода» пра рэфэрэндум 1996 году. На фота — Віктар Ганчар, старшыня ЦВК

6. Да рэфэрэндуму Дзень Незалежнасьці афіцыйна адзначаўся 27 ліпеня – у гэты дзень у 1990-м Вярхоўны Савет БССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

Пастанова Магілёўскага гарадзкога савету пра наданьне нацыянальнай сымболіцы (бел-чырвона-беламу сьцягу і гербу Пагоня) статусу афіцыйнай са спасылкай на ранейшую Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. Газэта «Могилев Times», 18 верасьня 1991 году

7. У Беларусі па круглых датах вайсковыя парады ладзяць 9 траўня (так было ў 1990, 1995, 2000, 2005, 2010, 2015 і 2020 гадах). У іншыя гады парад з удзелам Лукашэнкі праходзіў 3 ліпеня — так павялося з моманту пераносу сьвята з 27 ліпеня на дзень вызваленьня Менску. Выключэньнем стаў толькі 1999 год, калі ў цісканіне на прыступках пераходу станцыі мэтро «Няміга» загінулі 53 чалавекі. Сёлета параду ня будзе ўпершыню за 22 гады.

На рэпэтыцыі параду ў Менску ў 2019 годзе
На рэпэтыцыі параду ў Менску ў 2019 годзе

8. Падчас сьвяткаваньняў двойчы адбываліся трагічныя інцыдэнты. У 2008 годзе ўначы з 3 на 4 ліпеня на канцэрце каля стэлы «Менск — горад-герой» адбыўся выбух. Выбухнула самаробная прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Пацярпелі каля 50 чалавек, у тым ліку трое былі ў цяжкім стане.

Пасьля выбуху на сьвяткаваньні Дня Рэспублікі ў 2008 годзе
Пасьля выбуху на сьвяткаваньні Дня Рэспублікі ў 2008 годзе

9. Падазраванымі тады пабывалі 120 чалавек, шмат хто зь іх трапіў у сьледчыя ізалятары, але потым выявілася, што ніхто зь іх не датычны да арганізацыі выбуху. Адбіткі пальцаў узялі ў 1,3 мільёна чалавек. Пазьней суд прызнаў вінаватымі ў выбуху каля стэлы Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава — тых самых людзей, якім прысудзілі сьмяротнае пакараньне за выбух у менскім мэтро.

Дзьмітры Канавалаў (стаіць зьлева) і Ўладзіслаў Кавалёў (стаіць справа) на судзе ў Менску, 15 верасьня 2011 году.
Дзьмітры Канавалаў (стаіць зьлева) і Ўладзіслаў Кавалёў (стаіць справа) на судзе ў Менску, 15 верасьня 2011 году.

10. Падчас салюту 3 ліпеня 2019 году ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку. Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Суд прызнаў вінаватымі камандзіра патрульнай роты Менскай вайсковай камэндатуры Аляксея Кругліка і двух супрацоўнікаў расейскай фірмы «Пиро-Росс», Максімільяна Сапронава і Канстанціна Дзянісава. Кожнага зь іх асудзілі на 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі-пасяленьні.

Салютная ўстаноўка, якая выбухнула 3 ліпеня 2019 году
Салютная ўстаноўка, якая выбухнула 3 ліпеня 2019 году

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG