Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спартовы лад жыцьця дапамог майму дзеду ўратавацца ад каранавірусу», — тайбаксэр Дзьмітры Валент


Шматразовы чэмпіён сьвету Дзьмітры Валент
Шматразовы чэмпіён сьвету Дзьмітры Валент

Адзін з наймацнейшых беларускіх тайбаксэраў Дзьмітры Валент расказаў Свабодзе, як эпідэмія каранавірусу закранула ягоную сям’ю і парушыла пляны на чарговы чэмпіёнскі пояс.

Дзіма+Марыя: хатнія спарынг-партнэры

Сям’я Валентаў незвычайная. І Дзьмітры, і ягоная жонка займаюцца адзінаборствамі — муай-тай, што яшчэ называюць тайляндзкім боксам. Марыя Пімахава мае прэстыжную «мірную» спэцыяльнасьць — яна выпускніца факультэту міжнародных адносінаў БДУ. Нейкі час працавала ў структуры мытнай службы, але ня вытрымала аднастайнага графіку, вярнулася да юнацкага захапленьня. На спаборніцтвах яны і пазнаёміліся. У выніку Валентаў паболела.

Марыя Валент
Марыя Валент

Праўда, абараняюць колеры розных клюбаў. Ён трэніруецца ў менскім Kick Fighter Gym, яна — у прынцыповых канкурэнтаў з Patriot. Але гэта не перашкаджае рэгулярна папаўняць мэдалёвую скарбонку: на дваіх пара «налупцавала» некалькі дзясяткаў узнагародаў на чэмпіянатах сьвету і Эўропы. Праўда, сёлета папоўніць калекцыю не ўдалося: усе міжнародныя першынствы пастаўленыя на паўзу.

«Чэмпіянаты сьвету і Эўропы ўсё яшчэ пад пытаньнем, — кажа Дзьмітры Валент. — Спачатку меркавалі, што перанясуць на другую палову году, але дагэтуль ніякай пэўнасьці. Пакуль межы зачыненыя і каранавірус не спыняецца, уключаная кнопка stop. Так што пандэмія сур’ёзна парушыла пляны. Зрэшты, прывідныя спадзяваньні ёсьць, бо ў кікбоксінгу сусьветнае і эўрапейскае першынства нібыта паставілі на сьнежань, прынамсі нашыя хлопцы да іх рыхтуюцца. Ну і мы таксама не адчайваемся, час на прыняцьце рашэньняў яшчэ ёсьць».

Дзьмітры Валент сьвяткуе перамогу
Дзьмітры Валент сьвяткуе перамогу

Паводле спартоўца, чальцы нацыянальнай зборнай у тайскім боксе трэніруюцца, як і кікбаксэры, згодна з графікам. Яму ў гэтым сэнсе нават зручней: займаецца ня толькі ў клюбе, а і індывідуальна з «хатнім спарынг-партнэрам», жонкай Марыяй. Так што хоць сёньня на любы сусьветны форум, сьмяецца суразмоўца.

«Усе прагнуць выступаць, жаданьне вялізнае, бо год у сэнсе занятасьці атрымаўся зусім неспартыўны. Дай божа, каб усё склалася. Фэдэрацыя двойчы арганізавала двухтыднёвыя зборы на базе ў Раўбічах. Цяпер вось ва ўзмоцненым рэжыме трэніруемся ў залях. Хтосьці форму набірае, хтосьці падтрымлівае. Галоўнае, не спыняцца, бо калі стаў, потым вельмі цяжка даганяць. Цяпер у чаканьні сыгналаў ад міжнародных структураў, каб тыя пацьвердзілі афіцыйныя старты і абвясьцілі даты спаборніцтваў. І як усё пачнецца, зажывём наноў», — кажа шматразовы чэмпіён сьвету.

Трэніровачны збор у Раўбічах
Трэніровачны збор у Раўбічах

Пэўны час Дзьмітры Валент пасьпяваў выступаць і як кікбаксэр. Ён мае залатыя мэдалі чэмпіянату і Кубку сьвету, а таксама чэмпіянату Эўропы. Але асноўная спэцыялізацыя — гэта тайскі бокс, у актыве Дзьмітрыя блізу 30 найвышэйшых тытулаў у прафэсійных і аматарскіх вэрсіях.

Імунітэт ад COVID-19: ровар замест трактара

Адрозна ад футболу, які ў Беларусі стартаваў у самы разгар пандэміі і нават нягледзячы на масавыя выпадкі захворваньняў у камандах, унутраныя першынствы ў байцоўскіх дысцыплінах не праводзіліся. Паколькі яны адборачныя да міжнародных турніраў, якіх няма, вырашылі не рызыкаваць, удакладняе Дзьмітры Валент.

Крывавы спорт
Крывавы спорт

«Чэмпіянат Беларусі меўся вось-вось стартаваць, але ўсчалася гэтая сытуацыя з каранавірусам, і яго перанесьлі, — расказвае спартовец. — Дый Міжнародная фэдэрацыя муай-тай (IFMA) параіла адмовіцца. З аднаго боку, лепей не рызыкаваць. З другога, паколькі чэмпіянаты сьвету і Эўропы падвісаюць, няма сэнсу праводзіць адбор — акурат праз унутраныя спаборніцтвы вырашаецца, хто будзе абараняць гонар краіны на галоўных стартах... А ці варта было б спыніцца таму ж футболу? Гэта ўжо сфэра адказнасьці той ці іншай фэдэрацыі, усё на іх сумленьні».

А вось адказнасьць за сваіх блізкіх — тое, што ў руках кожнага паасобку. Тым больш калі чытаеш пра інфікаваных не на інфармацыйных стужках, а COVID-19 пагрукаўся ў дзьверы твайго дому.

Памочнікам у спартовага тэлекамэнтатара Паўла Баранава
Памочнікам у спартовага тэлекамэнтатара Паўла Баранава

«На каранавірус перахварэў мой дзядуля, яму 78 гадоў. Прайшоў у лякарні курс лекаваньня і рэабілітацыі, — дзеліцца клопатамі ўнук. — На той час кантакты давялося абмежаваць, ім апекавалася мая мама. На жаль, як паказвае практыка, гэта хвароба ня толькі старых, і маладыя паміраюць. Шмат залежыць ад імунітэту. Дык вось якраз той выпадак, калі дзеду дапамог лад жыцьця. Ён у нас вельмі спартыўны, рухомы: лыжы, басэйн, пешыя прагулкі, на ровары катаецца. Ну, і мне ў свой час перадаў сваю актыўнасьць, разам з маім дзядзькам стымулявалі да заняткаў спортам».

Дзьмітры спадзяецца, што абыдзецца без рэцыдываў. Прынамсі, дзядуля ўжо вярнуўся да звыклага графіку, унук наведвае яго на лецішчы, робяць там сумесныя прамэнады.

Пераможны фінал беларускага тайбаксэра
Пераможны фінал беларускага тайбаксэра

Кроў ваяра: перамога ў нацыянальным строі

Дзьмітры Валент ня толькі адзін з наймацнейшых беларускіх адзінаборцаў, а і прыклад выразнай грамадзянскай пазыцыі. У 2014 годзе шырокую вядомасьць яму прынёс выхад на цырымонію ўзнагароджаньня ў акрываўленай вышыванцы.

Крывавая вышыванка. Фота budzma.by
Крывавая вышыванка. Фота budzma.by

Падчас бою з тайскім супернікам беларус атрымаў моцнае расьсячэньне, спыніць кроў не ўдалося нават тады, калі трэба было выходзіць па кубак. Пакуль стаяў пад сьвятлом юпітэраў, нацыянальная кашуля набрыняла крывёю. У той момант ён стаў героем у вачах тысяч прыхільнікаў муай-тай па ўсім сьвеце. Пасьля гэтага яго так і называлі — «баец у вышыванцы». А кашуля стала абавязковай часткай гардэробу.

Таксама ён падзяляе пазыцыю свайго калегі, шматразовага чэмпіёна сьвету і Эўропы Віталя Гуркова, які неаднаразова казаў, што ўнутраную матывацыю бярэ ў продкаў, ваяроў Вялікага Княства Літоўскага.

Валенты і моўны паплечнік у спорце Віталь Гуркоў
Валенты і моўны паплечнік у спорце Віталь Гуркоў

«Перадусім я сам сябе прымушаю ўвесь час удасканальвацца, але таксама лічу, што на генэтычным узроўні, у крыві ў нас закладзеная ваяўнічасьць, якая была ў ваяроў Вялікага Княства, — кажа ён. — Бо ў нашым відзе без напору, характару няма чаго рабіць. Нездарма беларуская школа — адна з наймацнейшых у сьвеце. Мабыць, на самой справе нешта ёсьць нябачнае воку, што мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў. Таму асабіста я і бел-чырвона-белы сьцяг прымаю, бо гэта нашы карані, наша мінулае. Зь якой прычыны кепска да яго ставіцца? Наадварот, ім трэба ганарыцца».

У моўным пытаньні Дзьмітры і Марыя намагаюцца ісьці за прыкладам Віталя Гуркова ды іншага ўганараванага тайбаксэра і дзейнага трэнэра Юрася Булата.

Афіша чэмпіянату Эўропы з выявай Дзьмітрыя Валента
Афіша чэмпіянату Эўропы з выявай Дзьмітрыя Валента

«Людзі пасьля столькіх гадоў русыфікацыі папросту саромеюцца. Пачнеш гаварыць, будуць глядзець як не на свайго, зь „дзярэўні“ прыехаў. Дагэтуль стэрэатып, што беларуская мова — „калгасная, неінтэлігентная“. Насамрэч гэта ня так. Беларусы павінны размаўляць на сваёй мове. Мы ж у Беларусі жывём, павінны цікавіцца, хто тут жыў да нас. На жаль, і школа вінаватая, і сям’я не дапрацоўвае. Агульная маса не разьвіваецца ўвогуле або нават дэградуе. Тая ж моладзь сядзіць у гаджэтах, ім наогул нічога ня трэба», — кажа Дзьмітры Валент.

Баявая сямʼя: дзеці пасьля спартовай кар’еры

Пераўвасабляючыся ў бязьлітаснага байца на рынгу, у жыцьці Дзьмітры — узор сьціпласьці і спакою. Нават ад пытаньня пра колькасьць чэмпіёнскіх паясоў адмахваецца як ад «другараднага». Гэтаксама як і не сьпяшаецца прагназаваць пашырэньне сваёй «баявой сям’і».

Два чэмпіёны ў адной сям’і
Два чэмпіёны ў адной сям’і

«Калі шчыра, нават сам ня ведаю, чэснае слова, — усьміхаецца ён. — Я, папраўдзе, не аматар пералічваць паясы ды мэдалі: ёсьць і ёсьць, улік не вяду. Магу хіба прыкінуць, што далёка за два дзясяткі толькі чэмпіёнскіх, без уліку прызавых месцаў... Што да сям’і, то пакуль бязь зьменаў — з Машай трэніруемся, выступаем. Вось зробім спартыўную кар’еру, можа пераключымся на дзяцей. Тут такая справа, што асабліва наперад не наплянуеш. Як будзе, так будзе».

Просьбу ацаніць цяперашнюю гарачую палітычную кампанію выбараў прэзыдэнта ўганараваны чэмпіён успрыняў без асаблівага энтузіязму. Магчыма, справа ў тым, што старшыня Беларускай фэдэрацыі кікбоксінгу і тайляндзкага боксу — міністар унутраных спраў Юры Караеў. Праваахоўнікі спрычыніліся да жорсткіх разгонаў і неабгрунтаванага гвалту, чым выклікалі шквал крытыкі на свой адрас. Лішняя нагадка ад сваіх жа спартоўцаў — гэта было б ужо занадта.

Сам Дзьмітры Валент запэўнівае, што справа ня ў тым, хто канкрэтна кіруе фэдэрацыяй.

«Проста не асабліва хочацца гаварыць на гэтую тэму, бяз крыўдаў, — спыняе ён далейшыя пытаньні. — У мяне ёсьць асабістая думка, я яе трымаюся. Ніхто нічым не пагражаў, не папярэджваў, каб маўчаў, такі мой выбар. Ёсьць свая пазыцыя, я зь ёй жыву, але выносіць на публіку не лічу патрэбным. Дый наўрад ці што зьменіцца ад маіх камэнтароў — я спартовец, не палітык. Магу толькі сказаць, што 9 жніўня галасаваць пайду, так што свой грамадзянскі доўг так ці інакш выканаю».

Чэмпіён сьвету і Эўропы Дзьмітры Валент
Чэмпіён сьвету і Эўропы Дзьмітры Валент

Дзьмітры Валент нарадзіўся 13 красавіка 1988 году ў Менску ў рабочай сям’і. Падлеткам пачаў займацца таэквандо, затым перайшоў у тайскі бокс. Выступае ў сярэдняй і супэрсярэдняй вазе, заслужаны майстар спорту. Першы тытул заваяваў на чэмпіянаце сьвету паводле вэрсіі W.M.F. ва ўзросьце 17 гадоў. У наступныя гады мэдалёвая калекцыя імкліва папаўнялася: King of the Ring, W.A.K.O, WKN, WMC ды іншыя катэгорыі. На яго рахунку — перамогі практычна над усімі мацнейшымі байцамі.

У 2013 годзе пасьля заваяваньня чарговага тытулу на чэмпіянаце Эўропы пабраўся шлюбам з Марыяй Пімахавай — вядомай тайбаксэркай, пераможцай і прызэркай чэмпіянатаў сьвету і Эўропы. На дваіх яны маюць больш за тры дзясяткі чэмпіёнскіх тытулаў ды россып прызавых месцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG