Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цэнтры Гомля, дзе зьбіралі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў, зьявіліся дзясяткі камэр назіраньня. ФОТА


Камэры назіраньня ў цэнтры Гомля. 1 ліпеня 2010 году.
Камэры назіраньня ў цэнтры Гомля. 1 ліпеня 2010 году.

На пляцоўках у цэнтры Гомля, дзе праходзілі пікеты для збору подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў і «ланцугі салідарнасьці», зьявіліся дзясяткі камэр відэаназіраньня.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

На мінулым тыдні на слупах пляцоўкі каля цырка і плошчы Паўстаньня ўсталявалі шматлікія камэры назіраньня, да шасьці на кожным.

Чаму на гэта зьвярнулі ўвагу

28 траўня на пляцоўцы каля гомельскага цырка прайшоў першы пікет для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. На ім прысутнічаў кіраўнік яе ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі (цяпер палітычны вязень). Пікет наведалі некалькі тысяч жыхароў Гомля. Ад 28 траўня на пляцоўцы каля цырка штодзень праходзілі пікеты для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую. Там стаялі чэргі.

Пасьля заканчэньня збору подпісаў пляцоўка каля цырка стала месцам збору актывістаў. 19 чэрвеня ад цырка быў арганізаваны «ланцуг салідарнасьці», у якім пастаялі ня менш за 500 чалавек. 11 зь іх затрымалі.

Пасьля 19 чэрвеня ў гомельскіх тэлеграм-каналах пачалі зьяўляюцца паведамленьні пра плянаваньне акцый салідарнасьці з палітвязьнямі на пляцоўцы каля цырка. Практычна кожны вечар там дзяжурылі супрацоўнікі міліцыі ў форме і цывільным, супрацоўнікі АМАП. На пляцоўцы каля плошчы Паўстаньня дзяжурыў аўтазак.

Што кажуць у міліцыі

Начальнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкаму Віталь Прыстромаў сказаў Свабодзе, што «гэтае пытаньне не да нас, а да тых арганізацый, якія іх ставілі». Якія гэта арганізацыі, ён не паведаміў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG