Кітай спрабуе пабудаваць адну з самых тэхналягічна складаных сетак назіраньня ў сьвеце з сотнямі мільёнаў камэраў у грамадзкіх месцах і штораз шырэйшым выкарыстаньне такіх мэтадаў, як маніторынг смартфонаў і распазнаваньне твару.
Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
Пра гэта паведамляе Reuters, падкрэсьліваючы, што пандэмія COVID-19 дала кітайскім уладам зручнае апраўданьне для ўзмацненьня сыстэмы сачэньня за сваімі грамадзянамі ва ўмовах «агульнай народнай вайны з каранавірусам».
У выпадку людзей, якія вярталіся з-за мяжы і павінны былі пайсьці на карантын, улады ў асноўным выкарыстоўвалі зьвесткі аб іх месцазнаходжаньні з аплікацый на мабільных тэлефонах.
У выпадку грамадзтва ў цэлым асноўную ролю ў сачэньні адыграла сыстэма назіральных камэраў. Гэтая велізарная сетка выкарыстоўвалася для адсочваньня кантактаў людзей, у якіх была пацьверджаная інфэкцыя COVID-19, і для пакараньня прадпрымальнікаў і асобаў, якія стараліся абмінуць абмежаваньні на свабоднае перамяшчэньне.
«Гэта ваеннае становішча, — агенцтва Reuters цытуе аднаго дзяржаўнага чыноўніка, які ўдзельнічаў у сачэньні за людзьмі ў супэрмаркеце. — Мы павінны прыняць мысьленьне ваеннага часу».
Паводле зьвестак з кітайскіх СМІ, якія прыводзіць Reuters, толькі ў адной з 13 адміністрацыйных акругаў правінцыі Хубэй (у якой знаходзілася галоўная крыніца пандэміі) улады ўсталявалі 4,4 тысячы камэраў назіраньня агульным коштам 5,6 мільёна даляраў.
Дзяржаўныя СМІ ў Кітаі нярэдка публікавалі фатаграфіі чыноўнікаў, якія сочаць за людзьмі на экранах у цэнтрах назіраньня. Гэта, як лічыць агенцтва, дапамагала ўладам дабівацца выкананьня абмежавальных захадаў нават у тых месцах, дзе не было відэаназіраньня.
«Гэта сапраўды стварае адчуваньне, што нехта ўвесь час назірае за вамі, і гэта стрымлівае паводзіны людзей ды зьмяняе іх мысьленьне з часам», — сказаў агенцтву Джэймс Лэйбалд, аўстралійскі экспэрт, які займаўся вывучэньнем такіх сыстэмаў назіраньня ў Сіньцьзян-Уйгурскім аўтаномным рэгіёне Кітаю.
«Я думаю, адным з доўгатэрміновых урокаў COVID будзе тое, што [гэтая сыстэма] сапраўды працуе», — дадаў ён.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ