«Арышты і перасьлед — традыцыйныя дробязі выбарчай кампаніі». Што ўкраінскія СМІ пішуць пра выбарчыя падзеі і рэпрэсіі ў Беларусі.
Ва Ўкраіне ўсе найбуйнейшыя сродкі масавай інфармацыі паведамляюць пра арышт Віктара Бабарыкі і ягонага сына Эдуарда, а таксама пра акцыю салідарнасьці з усімі затрыманымі цягам выбарчай кампаніі, якая доўжылася ў Менску больш за 6 гадзін.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Былога кіраўніка «Белгазпрамбанку» ўкраінскія экспэрты і журналісты называюць галоўным канкурэнтам Аляксандра Лукашэнкі.
Перасьлед актыўны, грунтоўны і выніковы
Інтэрнэт-выданьне «ZiK» штотыдня рыхтуе матэрыялы аб тым, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі. Адпаведны матэрыял за 18 чэрвеня выйшаў у рубрыцы «Топ-навіна» пад назвай «Ператрусы, арышты, перасьледы: традыцыйныя дробязі перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі».
«У Беларусі неўзабаве пройдуць яшчэ адны выбары прэзыдэнта, якія ў Эўропе ўжо звыклі называць дыктатарскімі, — піша выданьне. — Настроі апазыцыі зразумелыя — мітынгі і зборы подпісаў на падтрымку патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, не зьвязаных з Лукашэнкам. Здавалася б, ну зьбіраюцца мірныя мітынгі, людзі пратэстуюць з плякатамі ды выказваюць сваю пазыцыю — нічым страшным для дзейнай улады гэта не пагражае і можа нават застацца незаўважаным. Але не — у Беларусі так нельга. Там дзейнічае правіла: „Усе, хто ня з намі, — супраць нас“. Таму апазыцыю перасьледуюць — актыўна, грунтоўна і вынікова».
Журналісты выданьня «ZiK» мяркуюць, што ўлада Беларусі вырашыла «моцна ўзяцца за незадаволеных» толькі таму, што сёлета ўпершыню, на іхную думку, на мітынгі зьвярнулі ўвагу па-за межамі Беларусі. Прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі, як сьцьвярджаецца ў матэрыяле, «шчыра зацягнуўся».
Бабарыка і хто заўгодна іншы будзе разьвіваць самастойную Беларусь
Журналіст Дзьмітры Літвін, ацэньваючы выбарчую кампанію ў Беларусі ў публікацыі на сайце Gordonua.com, заклікае ўнікаць стэрэатыпаў:
«Мне пішуць, што Віктар Бабарыка ў Беларусі — гэта кандыдат, прыемны Маскве. Нібыта працаваў у расейскіх структурах і ўсё такое. Вось нічому людзі ня вучацца нават на відавочных прыкладах. Паглядзім на Парашэнку: расейскамоўны, былы дзяяч СДПУ і Партыі рэгіёнаў, міністар ураду Азарава, вернік Маскоўскага патрыярхату… А чым усё скончылася? Рэальна вёў вайну супраць Расеі і нават Томас арганізаваў. Так, пакінуў нам усім правальныя менскія пагадненьні, рэанімаваную карупцыю і паўсталага зь нябыту Медведчука, але не таму ж, што нібыта працаваў на Крэмль».
Аналягічна журналіст ацэньвае і дзейнасьць Леаніда Кучмы на пасадзе прэзыдэнта і прыходзіць да высновы:
«Ня трэба падыходзіць да ацэнкі палітычных дзеячоў стэрэатыпна. Беларусь, як і Ўкраіна, прадукуе уласны палітычны сэнс. І гэта само ў сабе антыкрамлёўская штуковіна. Бабарыка і хто заўгодна іншы ў Беларусі будзе разьвіваць самастойную Беларусь, гэта ўжо не скасаваць. Пуцін можа паспрабаваць хіба што заваяваць гэтую краіну ў тым ці іншым выглядзе, але сама яна да яго ня прыйдзе».
«Сьмерць чырвонай імпэрыі»
У вечаровым эфіры 18 чэрвеня на тэлеканале «Прямий» абмяркоўвалі заканадаўчую ініцыятыву прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб правядзеньні рэфэрэндумаў. Усе госьці сьцьвярджалі, што ўнесены ў парлямэнт законапраект закліканы абслугоўваць «дыктатарскія» пляны. У якасьці прыкладу прыводзілі Расею з канстытуцыйным рэфэрэндумам і Беларусь, — госьці пераконвалі, што такую форму волевыяўленьня традыцыйна выкарыстоўваюць дыктатары для ўмацаваньня і прадаўжэньня сваёй улады.
Падсумоўваючы дыскусію, журналіст Мікола Верасень сказаў:
«Я цяпер больш пільна сачу за тым, што адбываецца ў Беларусі і ў Расеі. Бо ўсе мы — частка сьмерці СССР, большы ці меншы элемэнт развалу чырвонай імпэрыі. (У Беларусі) арыштавалі наймацнейшую асобу, якая магла супрацьстаяць Лукашэнку, яго лёс невядомы, людзі выйшлі на вуліцу. У Расеі таксама ня ўсё спакойна з гэтай канстытуцыйнай рэформай. І ва Ўкраіне неспакойна, і ўсё гэта разам і ёсьць сьмерць гэнай чырвонай імпэрыі. Свой выступ я завершу двума важнымі для мяне сёньня словамі: „Жыве Беларусь!“»
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.