Афіцыйна паведамляецца, што ўжо некалькі дзён запар у Беларусі штодзённая колькасьць тых, хто вылечыўся ад каранавірусу, перавышае колькасьць выяўленых заражаных.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Паводле афіцыйнай статыстыкі, цягам траўня штодня дадавалася каля 900 інфікаваных. Апошнімі днямі дадаецца больш за 800 новых выпадкаў кожны дзень.
Напрыканцы мінулага тыдня намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан заявіла, што захворвальнасьць на COVID-19 пайшла на спад у Менску, Менскай і Віцебскай абласьцях.
Нягледзячы на зьніжэньне захворвальнасьці ў некаторых рэгіёнах краіны, чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя заклікаюць людзей захоўваць меры дыстанцыяваньня і насіць маскі ў месцах масавага збору людзей. Яны папярэджваюць, што вірус надалей цыркулюе.
Паводле новых правілаў пацыентам, у якіх няма каранавіруснай пнэўманіі на 14-я суткі ад моманту кантакту з заражаным, робяць экспрэс-тэст на антыцелы. Калі ён адмоўны, яму закрываюць бальнічны. Калі станоўчы, то бальнічны закрываюць на 21-я суткі ад моманту кантакту з заражаным.
У Міністэрстве аховы здароўя ўжо больш як месяц не праводзяць прэс-канфэрэнцыі па сытуацыі з COVID-19. Ці сапраўды сытуацыя ў Беларусі паляпшаецца? На гэтае пытаньне карэспандэнта Свабоды ў прэс-службе міністэрства ніякай інфармацыі не далі.
«Усе бальніцы перапоўненыя»
Мэдсястра з Баранавічаў (папрасіла не называць імя), якая працуе ў інфэкцыйным кабінэце паліклінікі, кажа, што «сытуацыя завісла», складана казаць пра пагаршэньне ці паляпшэньне — хвароба, хутчэй, ідзе хвалямі.
«У панядзелак фактычна людзей не было, а ўчора было многа. За дзьве з паловай гадзіны мы прынялі 16 хворых на пнэўманіі і ВРЗ. Але ўсе бальніцы перапоўненыя, у нас прапануюць людзей шпіталізаваць у Ляхавічы. У тых, хто перахварэў на цяжкую пнэўманію, бярэцца тэст на каранавірус. У нас у паліклініцы такіх тэстаў няма. Але ў нас ёсьць брыгада, якая выяжджае і робіць мазкі па сьпісах санэпідстанцыі. Гэта людзі, якія выпісаліся з бальніцы, і кантактныя 1-га ўзроўню. Экспрэс-тэстаў вельмі мала, іх робяць выбарачна. Я ня ведаю, каму іх робяць. За ўвесь час працы мы прызначылі экспрэс-тэст толькі аднаму пацыенту».
Паводле мэдработніка, тых, хто на ізаляцыі, кантралююць.
«Мы аглядалі пазаўчора аднаго пацыента, і ён нам пацьвердзіў, што прыяжджаў участковы і спраўджваў, ці дома ён».
Мэдсястра кажа, што сродкі засьцярогі для лекараў ёсьць, але не хапае масак, і іх мусяць купляць за свае грошы.
«Столькі многа іх шыюць, пішуць пра гэта, а масак няма. Наогул, нам належыць выдаваць рэсьпіратары, але іх нам ніхто не выдае. А мы ж выяжджаем для назіраньня каранавірусных хворых, якія знаходзяцца на самаізаляцыі пасьля выпіскі. Такіх пацыентаў даволі шмат. Цяжкія ляжаць у лякарні, а тыя, хто ня мае патрэбы ў кіслародзе і кропельніцы, далечваюцца амбуляторна. У палаце ляжаць цэлымі сем’ямі, кажуць пацыенты».
«Не хапае кіслародных канцэнтратараў»
Людміла Бальшакова, якая мае мэдычную адукацыю, кажа, што цяпер займаецца дапамогай для Пастаўскай раённай бальніцы. Раней дапамагала лекарам, бо тыя ня мелі дастаткова засьцерагальных сродкаў.
«А потым мне патэлефанаваў лекар і сказаў, што праблема вялікая з пацыентамі, бо не хапае кіслародных канцэнтратараў. У мяне наогул заяўка на 5 канцэнтратараў, але ахвяраваньні ідуць вельмі слаба, таму хаця б яшчэ адзін».
Раней у афіцыйным мясцовым друку рэгулярна паведамлялі пра колькасьць хворых на каранавірус. Паводле Людмілы, пацыенты ў лякарню паступаюць, як і раней. За ўвесь час па Пастаўскім раёне выяўлена каля 260 выпадкаў.
«Наша бальніца ўзяла ў арэнду два кіслародныя канцэнтратары ў іншай бальніцы. Адзін мы пасьпелі набыць, зьбіраем грошы. Цяпер пажадана яшчэ адзін. Пад каранавірусных пацыентаў перапрафілявана пяць аддзяленьняў. Таму добра, каб на кожнае аддзяленьне быў канцэнтратар, бо людзі ляжаць з пнэўманіямі».
«Я вельмі скептычна стаўлюся да афіцыйнай статыстыкі»
Паэт Усевалад Сьцебурака сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў яго малодшы брат у Менску перахварэў на цяжкую пнэўманію. Тры тыдні правёў у лякарні і адзін тыдзень у рэанімацыі. Паўторнага тэсту на каранавірус пакуль не рабілі. Цяпер далечваецца дома на бальнічным. Учора кампутарная тамаграфія засьведчыла пнэўманію і каранавірус у бацькі. Пад падазрэньнем маці, у яе таксама пнэўманія. Бацькі, верагодна, будуць лекавацца дома. Усевалад кажа, што сам ён таксама дома, чакае разьвіцьця падзей.
«Я вельмі скептычна стаўлюся да афіцыйнай статыстыкі, бо людзі кругом хварэюць. Хвароба ёсьць, яна нікуды ня зьнікла, хварэе шмат людзей. Па-ранейшаму па магчымасьці трэба засьцерагацца, нягледзячы на тое, што ўжо лета.
Народ наш чым заўгодна цяпер зацікаўлены, і выбарамі, і кандыдатамі, апроч вірусаў. Лета прыйшло, поўна людзей у кавярнях. Насамрэч гэтая трасца нікуды ня зьнікла, і яна ня стала лягчэйшая. Раней больш актыўна шпіталізавалі людзей, цяпер па магчымасьці пакідаюць дома, бо няма куды вазіць. Калі выпісвалі брата, яму сказалі, што патрымалі б яшчэ 3–5 дзён, але месцаў трэба як мага больш вызваляць, бо людзей шмат. Таму мы вас выпішам на хатняе далечваньне.
Дактары на месцах вельмі стараюцца, але на праўдзівую статыстыку для нас яны не ўплываюць, бо і самі ведаюць толькі вяршыню айсбэрга — аб’ем хворых на сваім працоўным месцы».
«Я гатовы заплаціць за тэст, але такой паслугі няма»
Праваабаронца з Гомля Леанід Судаленка лечыцца амбуляторна, ягоная жонка з COVID-19 у бальніцы.
«На маё пытаньне, якая сытуацыя з „каронай“ у горадзе, ці можна прайсьці платна тэст на каранавірус, доктарка мне нічога не сказала і накіроўвала з гэтымі пытаньнямі ў Міністэрства аховы здароўя. Напэўна, лекары давалі падпіскі, бо лекарка маўчала, як партызан.
Толькі на 8-ы дзень (а я цягам гэтых дзён гарэў, траціў прытомнасьць) я па блату, праз знаёмых знайшоў магчымасьць прайсьці КТ, бо звычайная флюараграфія нічога не паказала. У мяне выявілі двухбаковую пнэўманію, выкліканую COVID-19. Было толькі 20% паражэньня лёгкіх. Доктар мне прапанаваў альбо лячыцца ў лякарні, дзе 5–7 чалавек у палаце, альбо дома. Я пагадзіўся дома, вось ужо 17-ы дзень, тэмпэратура прайшла.
Ад антымалярыйных прэпаратаў я адмовіўся. Учора мяне наведвала доктарка з паліклінікі, паказаньні добрыя, бальнічны пакуль не закрыты. Паўторнага тэсту яшчэ не рабіў. Але тэсты робяць толькі тым, хто ляжыць у стацыянарах, для амбуляторных гэта хіба толькі па знаёмству. Я гатовы заплаціць за такі тэст, але такой паслугі няма. Калі ў Гомлі няма, то што ўжо казаць пра які Лоеў ці Брагін».
Паводле Леаніда, у яго ніхто не патрабаваў даць падпіску, што ён ня будзе парушаць рэжым ізаляцыі.
«То бок выявілі „карону“, адправілі дахаты. І 8 дзён я ні разу ня выйшаў з дому, нават у краму. Але ж нехта можа пайсьці і вырашаць свае справы».
Паводле Леаніда, сярод ягоных сяброў і знаёмых ёсьць хворыя на каранавірус.
«У мяне ў сябра жонка з „каронай“ у бальніцы, ён кантакт першага ўзроўню, ім ніхто не пацікавіўся, хадзі, распаўсюджвай. Дык і мяне ніхто б не заўважыў, калі б сам не пайшоў у лякарню».
Леанід Судаленка кажа, што ў жонкі захворваньне працякае складаней, чым у яго — яна мае 40% паражэньня лёгкіх. У лякарні яе будуць трымаць 14 дзён, у палаце 6 чалавек з COVID-19.
«Лекары кажуць, што перахварэюць усе, бо ў Беларусі ня ўводзіўся карантын, сытуацыя пушчана на самацёк, хто выжыве, той выжыве», — кажа ён.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ