Сям’я Артура Бадзікяна, якая ўжо тры гады жыве ў Беларусі і мае тут бізнэс дастаўкі ежы, перахварэла на COVID-19. За лячэньне яны заплацілі разам каля тысячы даляраў.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
«Тое, што лячыцца давялося платна, мне гэта не падабаецца, бо я плачу столькі падаткаў, колькі, магчыма, сярэдні беларус ня плаціць. Да таго ж яшчэ наша кампанія плаціць вялізныя падаткі. На рынку мы з кастрычніка 2016 году. Палічылі ўсё — гэта і палата, і харчаваньне, усе і лекі, і сыстэмы, кропельніцы, шпрыцы, КТ, каб зразумець, што адбываецца зь лёгкімі, і гэтак далей», — расказвае карэспандэнту Свабоды камэрцыйны дырэктар сэрвісу хуткай дастаўкі ежы Menu.by Артур Бадзікян.
Паводле яго, лячылі платна таму, што яны грамадзяне Армэніі і ня лічацца рэзыдэнтамі Беларусі — ня маюць віду на жыхарства, проста штогод працягваюць рэгістрацыю. За лячэньне, калі яно ня экстранае, нерэзыдэнты ў Беларусі мусяць плаціць.
«Палічылі экстраным толькі першыя тры дні, а астатняе платнае. У іх свае цэньнікі, і яны разьлічылі», — кажа Артур Бадзікян.
Офіс Menu.by ужо два месяцы працуе ў дыстанцыйным рэжыме. 30-гадовы Артур разам з жонкай — дырэктаркай фірмы працуюць з дому. Сыну Тыграну 9 месяцаў. Дзе маглі падхапіць каранавірус?
«Складана сказаць, бо самі мы ня мелі зносінаў з хворымі. Мы працавалі з дому, у краму выходзіў пераважна я. Вірус можна падхапіць адусюль, у тым жа ліфце, асабліва калі няма імунітэту. Усё індывідуальна, залежыць ад арганізму», — сказаў Артур.
Іхная кампанія па дастаўцы ежы працуе цяпер пасьпяхова, рост замоваў на 35–40%, бо людзі цяпер сядзяць дома. Паводле Артура, ніхто з супрацоўнікаў кампаніі не хварэў на COVID-19. Усе захады бясьпекі выконваюцца.
«І вось ляжым, муж і жонка, у розных бальніцах»
На сваёй старонцы ў фэйсбуку Артур падрабязна расказаў гісторыю хваробы сям’і. Мяркуе, што гэта можа быць для многіх карысным.
4 траўня ў яго зьявілася тэмпэратура — да 39 градусаў, слабасьць, адчуваньне прастуды. Праз 2 дні ў жонкі таксама зьявілася тэмпэратура да 40, кашаль, балела галава. 8 траўня стан здароўя не памяняўся, таму выклікалі на дом тэрапэўта з прыватнага мэдцэнтру. Тая толькі выпісала лекі, пра каранавірус нічога не сказала.
11 траўня Артур страціў нюх і смак. Тады праз паліклініку (па накіраваньні) выклікалі хуткую. Жонку адвезьлі ў 1-ю лякарню. КТ паказала двухбаковую пнэўманію, яе шпіталізавалі.
13 траўня Артура завезьлі ў 2-ю лякарню, у яго таксама знайшлі пнэўманію. У палаце былі і маладыя, і старыя, вольных ложкаў не было.
«І вось ляжым, муж і жонка, у розных бальніцах. Сказалі, дзе месца ёсьць, туды і накіроўваюць. Стан у жонкі быў крыху больш складаны, чым у мяне, хоць у эпікрызе напісана — сярэдне-складаная пнэўманія», — кажа Артур.
Тэсты на COVID-19 у іх былі станоўчыя. А 19 траўня прыйшоў станоўчы тэст і на сына Тыграна.
«У гэты ж дзень Ануш перавялі ў дзіцячую інфэкцыйную лякарню, а Тыграна з хаты да маці, хоць маглі першапачаткова так зрабіць, але не зрабілі. А калі мы прапанавалі, яны адмовіліся і сказалі пакінуць дзіця з кім-небудзь. У сына было ўсё бессымптомна».
Паводле Артура Бадзікяна, спачатку лячылі антыбіётыкамі, у вену калолі цэфтрыаксон і ў таблетках азытраміцын, давалі таксама амбраксол. Пад росьпіс Артур прымаў антымалярыйны прэпарат імард (гідроксіхлёрахін), а Ануш — плаквініл, якія маюць розныя пабочныя эфэкты.
«На пяты дзень у мяне і на восьмы ў жонкі тэмпэратуры ўжо не было, але складана было глыбока дыхаць. Можна сказаць, наогул не атрымлівалася, таму пэрыядычна давалі кісларод. Пасьля зьніжэньня тэмпэратуры дзень за днём станавілася лепш», — расказаў Артур.
Паўторны тэст у Артура быў адмоўны, і яго выпісалі 25 траўня. Кажа, што цяпер адчувае сябе добра. У жонкі паўторны тэст пакуль станоўчы, а ў Тыграна адмоўны. Ануш з Тыгранам ужо таксама выпісалі зь лякарні.
«У Ануш зноў возьмуць тэст. У яе ўжо 8 дзён няма тэмпэратуры і зрабілася лепш. Дактары вырашылі яе выпісаць. Да таго ж мы ня можам ад яе заразіцца, так кажуць лекары».
Якія ўражаньні ад беларускіх лякарняў?
«Усё нармальна, але тое, што платна, не падабаецца. А так ніякай крытыкі. Дзяўчаты-мэдсёстры працуюць у зоне рызыкі, многа лекараў захварэлі. Многія нават у нас у лякарні ляжалі. У цэлым яны малайцы, хоць мае дактары былі хірургамі, бо інфэкцыяністаў не хапае ў Беларусі», — кажа Артур Бадзікян.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ