Сьвятар Васіль Гасінец просіць Міністэрства аховы здароўя правесьці службовую праверку ў сувязі са сьмерцю 36-гадовага сына Андрэя, у якога выявілі COVID-19. Скаргу айцец Васіль аднёс у Міністэрства больш як тыдзень таму.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Ён лічыць, што лекары паліклінікі № 28, да якіх некалькі разоў зьвяртаўся сын, занадта доўга яго не шпіталізавалі і павінны быць за гэта пакараныя.
«Сын некалькі разоў хадзіў у паліклініку, некалькі разоў лекар прыходзіў дадому, але яго не шпіталізавалі, — кажа айцец Васіль. — Мы зь ім жылі ў адной кватэры і захварэлі адначасова. Мяне шпіталізавалі, у мяне была пнэўманія і каранавірус. А сын яшчэ заставаўся дома, прычым сымптомы ў яго былі цяжэйшыя, чым у мяне. Быў кашаль, потым пачалі балець рэбры. Кашаль у мяне быў ня так доўга, пакуль амаль тыдзень ляжаў у рэанімацыі. А лекарам шпіталя трэба цалаваць рукі і кланяцца да зямлі».
Айцец Васіль лекаваўся ў шпіталі МУС, бо раней служыў у міліцыі. А сын, супрацоўнік Дэпартамэнту аховы па Першамайскім раёне Менску, не пасьпеў прымацавацца да шпіталя МУС, дый на здароўе ніколі ня скардзіўся.
Андрэй памёр 5 траўня ў 10-й менскай бальніцы, калі айцец Васіль ляжаў у аддзяленьні пульманалёгіі. Сына шпіталізавалі толькі 23 красавіка.
«Калі б яго ў час шпіталізавалі, чысла 19-га ці 21-га, ён бы застаўся жывы. У яго быў рост 196 сантымэтраў, у яго не было ніякіх хранічных захворваньняў», — кажа айцец Васіль.
Атрымаўшы адказ зь Міністэрства аховы здароўя, айцец Васіль плянуе зьвярнуцца ў суд, пракуратуру і Сьледчы камітэт.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ