Глябальная пандэмія каранавірусу выкліча найгоршы эканамічны крызіс пасьля Вялікай дэпрэсіі 1929–1933 гадоў і запатрабуе масавага рэагаваньня для забесьпячэньня аднаўленьня, папярэдзіў 9 красавіка Міжнародны валютны фонд (МВФ).
Кіраўніца МВФ Крысталіна Геаргіева сказала, што «рост усясьветнай эканомікі рэзка адмоўны ў 2020 годзе, »калі 170 з 180 чальцоў МВФ адчуваюць зьніжэньне даходаў на душу насельніцтва.
«На самай справе мы чакаем найгоршых эканамічных наступстваў пасьля Вялікай дэпрэсіі», — сказала Геаргіева на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне напярэдадні вясновых сустрэч МВФ і Усясьветнага банку на наступным тыдні.
Гэтыя сустрэчы таксама пройдуць віртуальна з прычыны абмежаваньняў, накладзеных у сувязі з COVID-19. Геаргіева сказала, што «існуе велізарная няпэўнасьць наконт прагнозу» і працягласьці пандэміі, і сытуацыя «можа пагоршыцца».
МВФ чакае толькі «частковага аднаўленьня» налета, нават пры ўмове, што вірус зьнікне ў канцы гэтага году, што дазволіць аднавіць звычайны бізнэс, калі будуць зьняты абмежаваньні, створаныя для стрымліваньня распаўсюду.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.