Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На поўначы Італіі паніка, а ў нас футбол пры поўных трыбунах». Сяргей Алейнікаў пра каранавірус, сям’ю і радзіму


Сяргей Алейнікаў, фота by.tribuna.com
Сяргей Алейнікаў, фота by.tribuna.com

Адзін з самых вядомых беларускіх футбалістаў 1980-1990-х Сяргей Алейнікаў вось ужо 30 гадоў жыве і працуе ў Італіі. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды расказаў, як на звыклы рытм паўплывала эмідэмія каранавірусу, параўнаў узровень футболу на Апэнінах і ў Беларусі, а таксама паразважаў, чаму стаў незапатрабаваным на радзіме.

Каранавірус: бацькі наводшыбе, дзеці ў эпіцэнтры

Дом Алейнікавых знаходзіцца ў Лечэ, сталіцы самай паўднёвай правінцыі гістарычнай вобласьці Апулія. Адсюль рукой падаць адразу да двух мораў — Адрыятычнага і Іянічнага. Тут на пачатку 1990-х сам Сяргей гуляў у аднайменным клюбе, куды перайшоў пасьля трыюмфальнага дэбюту ў турынскім Juventus, а пазьней малодшы сын Артур, які нарадзіўся ўжо пасьля ад’езду зь Беларусі, займаўся ў мясцовай футбольнай акадэміі.

Сяргей Алейнікаў у форме каманды Juventus
Сяргей Алейнікаў у форме каманды Juventus

У Італіі колькасьць хворых з дыягнаставаным каранавірусам упэўнена набліжаецца да двух тысяч, расьце статыстыка памерлых, шмат дзе ўведзены карантын.

«На шчасьце, мы не ў эпіцэнтры — тут, на „абцасе“ Італіі, дастаткова спакойна. Прынамсі няма такога ажыятажу ці штурму крамаў, як на поўначы, — расказаў былы футбаліст Свабодзе. — У рэгіёне Апулія — пачынаючы ад Бары і да самага нізу — ніякай панікі. Як і выпадкаў заражэньня. Наогул такое ўражаньне, што краіна падзялілася напалам: калі зьверху бардак і хаос, то ў нашай частцы ўсё па-ранейшаму».

Адсутнасьць надзвычайнай сытуацыі Сяргей Алейнікаў ілюструе звыклым для сябе футболам. У той час, як у праблемных рэгіёнах гульні ў сэрыі А павальна адмяняюцца ці праводзяцца без гледачоў, 1 сакавіка Lecce правёў чарговы матч чэмпіянату Італіі. Адзінае, што ў заўзятараў гасьцявой каманды пры ўваходзе на стадыён Via Del Mare замяралі тэмпэратуру: клюб Atalanta базуецца ў горадзе Бэргама з рэгіёну Лямбардыя, дзе зафіксаваная ўспышка каранавірусу.

Плённы пэрыяд у складзе «Старой сіньёры»
Плённы пэрыяд у складзе «Старой сіньёры»

Гэтаксама ў Лечэ спраўна працуюць аб’екты гарадзкой інфраструктуры, на паліцах крамаў хапае прадуктаў.

Што сапраўды турбуе Сяргея і Натальлю Алейнікавых, дык гэта бясьпека дзяцей. Абодва іхныя дарослыя сыны жывуць у Турыне. 30 гадоў таму менавіта ў турынскім Juventus пачалася замежная кар’ера беларуса. Цяпер жа гэта адзін з адрасоў хваробы. Старэйшы Арцём ужо мае сям’ю, ён інжынэр-праграміст. Малодшы Артур пакуль сам па сабе, асвойвае «мірныя» спэцыяльнасьці: стаць прафэсійным футбалістам не атрымалася, хоць досыць пасьпяхова пачынаў выступаць у ніжэйшых лігах.

Сам жа Сяргей Алейнікаў ня можа (ці ня хоча) парваць з футболам і ў свае 58 гадоў.

«Футбол — гэта ўсё маё жыцьцё, па-за ім сябе папросту не ўяўляю, — працягвае ён. — Відаць, наканавана цягнуць лямку да апошняга. Ня так даўно мой былы аднаклюбнік адкрыў тут футбольную акадэмію, вось разам зь ім працуем, трэнуем дзяцей. Справа ягоная, а я яму дапамагаю. Каб было зразумела, гэта не акадэмія пры клюбе Lecce, а цалкам прыватная ініцыятыва».

Сяргей Алейнікаў (справа) і Мішэль Плаціні падчас гульні зборных СССР і Францыі, 5 чэрвеня 1986 году
Сяргей Алейнікаў (справа) і Мішэль Плаціні падчас гульні зборных СССР і Францыі, 5 чэрвеня 1986 году

Кар’ера: не далі разгарнуцца агенты-махінатары

Сяргей Алейнікаў мае шэраг дасягненьняў, якіх ужо ня будзе ў багажы іншых беларускіх футбалістаў. Ён пасьпеў пагуляць за тры розныя зборныя — СССР, СНД і Беларусі. Двойчы езьдзіў на чэмпіянаты сьвету (1986 і 1990). За каманду Савецкага Саюзу правёў 77 матчаў, гэта 5-ы паказьнік сярод усіх гульцоў. У яе складзе дабіўся самага важкага дасягненьня ў кар’еры — стаў срэбным прызэрам чэмпіянату Эўропы 1988 году, а праз чатыры гады выступаў ужо за аб’яднаную каманду СНД.

За аднаклюбнікам і сябрам па зборнай СССР Аляксандрам Заваравым
За аднаклюбнікам і сябрам па зборнай СССР Аляксандрам Заваравым

Гэта першы беларускі футбаліст, які ў 1989 годзе падпісаў замежны кантракт — і адразу з клюбам аднаго з наймацнейшых чэмпіянатаў кантынэнту. Адпачатку была размова пра італьянскі Genoa, але бакі не сышліся ў суме кантракту, затое апэратыўна падасьпелі мэнэджары Juventus. У складзе турынцаў разам зь сябрам па зборнай Аляксандрам Заваравым стаў уладальнікам Кубка УЭФА і Кубка Італіі.

Аднак махінацыі футбольных агентаў і сумеснай з італьянцамі кампаніі-пасярэдніка, якая атрымала эксклюзіўныя правы на продаж гульцоў тады яшчэ саюзнай сыстэмы «Дынама», вымусілі дачасна пакінуць распалажэньне «Старой сіньёры». «Прайдзісьветы проста расьцягнулі грошы за няўстойку», — падсумоўвае ён. Але яшчэ да 37 гадоў выступаў за італьянскі Lecce ды іншыя клюбы ў Эўропе і Азіі.

Выхаванец менскай СДЮШАР-5, пачынаў у студэнцкай камандзе «Буравесьнік», а ў 19-гадовым узросьце быў залічаны ў сталічнае «Дынама» пад кіраўніцтвам Эдуарда Малафеева. У першы ж сэзон дэбютант стаў чэмпіёнам СССР. Праз два гады атрымаў бронзавую ўзнагароду і неўзабаве быў выкліканы ў алімпійскую, а затым і ў галоўную зборную. Нягледзячы на маладосьць, у 1985-м калегі-дынамаўцы даверылі яму капітанскую павязку, якую насіў да канца менскай кадэнцыі ў 1989-м.

З жонкай Натальляй і сынам Арцёмам перад ад’ездам у Італію
З жонкай Натальляй і сынам Арцёмам перад ад’ездам у Італію

Сяргей Алейнікаў зьяўляецца аўтарам самых хуткіх галоў каманды СССР на чэмпіянтах сьвету і Эўропы. У 1986-м на 7-й хвіліне забіў Вугоршчыне, а ў 1988-м на 3-й хвіліне «распячатаў» вароты каманды Англіі. У 1990-м быў адзіным прадстаўніком СССР у сымбалічнай зборнай сьвету на матчы, прысьвечаным 50-годзьдзю легендарнага бразыльскага форварда Пеле.

Сем разоў уваходзіў у сьпіс найлепшых футбалістаў СССР, футбаліст году Беларусі 1984, 1986 і 1988 гадоў. Па выніках апытаньня да 50-гадовга юбілею УЭФА прызнаны найлепшым футбалістам Беларусі за паўстагодзьдзя — праўда, віншаваньняў ад Беларускай фэдэрацыі футболу так і не дачакаўся.

Беларускі легіянэр сэрыі А
Беларускі легіянэр сэрыі А

Імя Алейнікава носіць сымбалічны клюб для беларускіх футбалістаў, якія згулялі 500 і больш матчаў на найвышэйшым ўзроўні. Сам ён дасягнуў гэтага паказьніку ў 1994-м у складзе японскага Gamba Osaka. Наогул за мяжой гулец правёў прыкладна палову сваёй спартовай біяграфіі. Акрамя Juventus і Lecce, у паслужным сьпісе шэраг італьянскіх клюбаў ніжэйшых дывізіёнаў, а таксама швэдзкі Oddevold і згаданая ўжо Gamba Osaka.

Паспрабаваў сілы і ў якасьці трэнэра. У мінорных сэрыях італьянскага першынства спачатку ўзначальваў Anani Fontana, дзе завяршыў кар’еру гульца, потым былі Pontedera, Kras, падлеткавыя каманды ў акадэміях Juventus і Lecce. Ёсьць у багажы ня самыя ўдалыя спробы супрацы з расейскімі клюбамі — маскоўскім «Торпео-Металлургом» і падмаскоўным «Видным». Апошнім месцам стала літоўская Dainava з Алітусу, якая па выніках сэзону была расфармаваная.

Аўтабіяграфічная кніга
Аўтабіяграфічная кніга

Сваю гульцоўскую кар’еру Сяргей Алейнікаў пасьлядоўна апісаў у кнізе «І жыцьцё, і сьлёзы, і футбол...», якая выйшла ў суаўтарстве з журналістам газэты «Прессбол» Дзьмітрыем Беленькім.

Дзяржава: залішняя апека вядзе да дэградацыі

У Менску ў Сяргея Алейнікава шмат блізкіх людзей, сваякоў, сяброў. Але часта выбірацца на радзіму не атрымліваецца — апошні раз прыяжджаў амаль тры гады таму. Балазе, сучасныя тэхнічныя сродкі дазваляюць быць на сувязі, незалежна ад адлегласьцяў.

Сяргей Алейнікаў, фота by.tribuna.com
Сяргей Алейнікаў, фота by.tribuna.com

«Напэўна, каб знаходзіўся на мапе крыху вышэй, на поўначы, было б прасьцей плянаваць тыя паездкі. А так занадта далёка забраўся. Тут па самой Італіі складаная лягістыка, ужо ня кажучы пра Беларусь», — усьміхаецца ён.

Цікаўлюся, ці захаваўся хоць нейкі інтарэс да беларускага футболу? Ці адчуў інтрыгу ў тым, што, дзякуючы «Дынама» зь Берасьця, летась пахіснулася шматгадовая манаполія барысаўскага БАТЭ? Іншая справа, што ніяк ня можа парадаваць роднае «Дынама», менскае, якому Сяргей аддаў плённых восем гадоў. Або ўзровень італьянскага чэмпіянату аўтаматычна апускае ўсе іншыя ў шэраг «карыкатурных»?

«Ня ведаю, ці аб’ектыўнай будзе мая думка, хутчэй усё ж суб’ектыўная... Што да інтрыгі, не сказаў бы, што яна штучная, але трэба дачакацца сэзону, каб паглядзець, ці будзе працяг ад Берасьця. Па вялікім рахунку, у асноўным праглядаю бягучыя вынікі ды сачу за эўракубкамі. І справа не ў карыкатурнасьці. У кожнага свой шлях разьвіцьця. На жаль, у Беларусі слабая інфраструктура, адсутнічае сыстэмная падрыхтоўка кадраў, адсюль і мала цікавых выхаванцаў. У Італіі таксама ня ўсё ідэальна, але якасьць футбалістаў іншая. Праблемы ёсьць усюды, проста іх узровень розны».

Сяргей Алейнікаў у атацы
Сяргей Алейнікаў у атацы

Паводле Сяргея Алейнікава, у Італіі ня трэба лішні раз заклікаць інвэстараў укладацца сродкамі ў футбол — тут гульня № 1 і без таго на ўзроўні рэлігіі. І гэта рэзка дысануе зь дзяржаўнай манаполіяй на спорт, якая ўсталявалася ў Беларусі.

«Безумоўна, фінансавыя магчымасьці тут і ў Беларусі адрозьніваюцца на парадак, — прызнае ён. — Але, як на мой погляд, да таго часу, пакуль спорт у сучасным сьвеце будзе залежаць ад дзяржавы, асаблівага разьвіцьця чакаць ня варта. Яна, вядома, павінна браць нейкі ўдзел, асабліва ў аб’ектыўна небагатых постсавецкіх краінах, аднак пакуль у клюбы ня прыйдуць зацікаўленыя ўласьнікі, на прарыў разьлічваць складана. На жаль, шлях гэты некароткі і цярністы. Але чым хутчэй пачаць пераўтварэньні, тым больш шанцаў на посьпех».

Досьвед: на радзіме паслуг легенды футболу не ацанілі

З улікам атрыманага досьведу ў адной з самых моцных лігаў сьвету Сяргей Алейнікаў прапаноўваў свае паслугі Беларускай фэдэрацыі футболу. Ён мае прафэсійную трэнэрскую ліцэнзію, у якасьці інструктара FIFA рэгулярна ўдзельнічае ў сэмінарах падрыхтоўкі маладых трэнэраў. Колішні футбаліст далёкі ад думкі, што здольны у адзін момант выправіць сытуацыю, але функцыянэры маглі б прынамсі паспрабаваць яго выслухаць. Паабяцалі толькі адно: «Абмяркуем і ператэлефануем».

За сэзон беларус стаў уладальнікам Кубку УЭФА і Кубку Італіі
За сэзон беларус стаў уладальнікам Кубку УЭФА і Кубку Італіі

«Да гэтага часу тэлефануюць, ужо колькі гадоў, — ня траціць пачуцьця гумару суразмоўца. — Я не кажу, што прыйшоў бы і ўсё „разруліў“. Але нават элемэнтарна — хоць бы паспрабаваць, чаму не? Нават ня трэба далёка хадзіць па прыклады. Дастаткова ўзяць ад былых югаславаў да заходнеэўрапейцаў, паглядзець, хто знаходзіцца і на чале нацыянальных фэдэрацый, і ля стырна клюбаў. І на падставе гэтага зрабіць высновы, што маем у Беларусі. Як той казаў, no comments».

У першай палове 1990-х Сяргей Алейнікаў згуляў некалькі матчаў за толькі што ўтвораную каманду Беларусі. Агулам чатыры: адзін у 1992-м, два ў 1993-м і апошні ў 1994-м. Але і гэтага хапіла, каб разам зь іншымі шчасьліўчыкамі трапіць у гісторыю. У кастрычніку 1992 году на стадыёне «Дынама» ў прысутнасьці 10 тысяч гледачоў беларусы правялі сваю першую афіцыйную сустрэчу. Таварысцкая нічыя з Украінай — 1:1.

За сабой вялі навасьпечаныя легіянэры, спрактыкаваныя сябры-дынамаўцы: Алейнікаў (Lecce, Італія), Гоцманаў (Hallescher, Нямеччына), Зыгмантовіч (Groningen, Нідэрлянды), Мятліцкі (Rapid, Аўстрыя), а таксама ўжо гатовыя стартануць у іншыя чэмпіянаты Герасімец, Бялькевіч, Вялічка, Шуканаў, Гурэнка ды іншыя. А ці не было адчуваньня, што размах дзеі ўжо ня той, калі параўноваць з выступамі за зборную СССР? Дарэчы, усе матчы Сяргея Алейнікава прайшлі пад бел-чырвона-белым сьцягам, які пасьля абвяшчэньня незалежнасьці былой савецкай рэспублікі стаў дзяржаўным.

Сяргей Алейнікаў перад пачаткам матчу паміж зборнымі «Зоркі СССР» – «Зоркі Сьвету» ў гонар 50-гадовага юбілею брамніка Рыната Дасаева, 2007 год
Сяргей Алейнікаў перад пачаткам матчу паміж зборнымі «Зоркі СССР» – «Зоркі Сьвету» ў гонар 50-гадовага юбілею брамніка Рыната Дасаева, 2007 год

«На жаль, з розных прычынаў я мала правёў гульняў за зборную Беларусі. Але паколькі ўсё адбывалася ня так аддалена ў часе — Саюз распаўся за пару гадоў да таго — вялікай розьніцы паміж тым, што было і што стала, не адчувалася. Гімн іграў стары, сьцягі ўразброд. Празь дзесяцігодзьдзе пачуцьці, мабыць, былі б іншыя, але асабіста я тыя сустрэчы не ўспрымаў, як нешта незвычайнае. Каб застаўся яшчэ гады на 2-3, пэўна, нейкія зрухі ў сьвядомасьці адбыліся б. А так збольшага па інэрцыі. Спачатку зборная СССР, потым СНД і толькі затым Беларусь. Досыць плаўны пераход».

30 апошніх гадоў Сяргей Алейнікаў жыве на Апэнінах — ужо больш, чым пражыў у Беларусі. Былога футбаліста Juventus і Lecce дагэтуль пазнае на вуліцах тарсыда; журналісты зьвяртаюцца з просьбамі даць ацэнку той ці іншай падзеі, запрашаючы ў спартовую тэлестудыю; ён запатрабаваны як дасьведчаны трэнэр-інструктар FIFA і UEFA.

Жонка Натальля займаецца невялікім бізнэсам з хэндмэйд-вырабамі, вядзе гаспадарку. Дзеці вучыліся ў школе разам зь мясцовымі аднагодкамі, а малодшы Артур у італьянскім асяродку наогул ад першых дзён. Цяпер дарослыя сыны занятыя ўласнымі кар’ерамі. Бацькі хоць збольшага і «моўныя самавукі», але таксама свабодна гавораць па-італьянску ды пачуваюцца ў тутэйшай супольнасьці абсалютна камфортна. Што яшчэ трэба для шчасьця?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG