Жыхарка Менску Вольга Малкіна, на якую завялі справу за абразу беларускай мовы, звольненая «па згодзе бакоў» з IT-кампаніі EPAM, дзе яна тэставала праграмы, піша Dev.by.
У ейным профілі прафэсійнай сацсеткі LinkedIn відаць, што яна працавала ў кампаніі са студзеня да сьнежня 2019 году ўключна, а новае месца працы яшчэ не пазначана. Сама Вольга Малкіна адмовілася размаўляць з журналістамі.
EPAM пацьвердзіў Dev.by, што жанчына там больш не працуе, «працоўныя адносіны былі спыненыя па згодзе бакоў». Іншых дэталяў справы кампанія не камэнтуе «з павагі да права кожнага чалавека на недатыкальнасьць прыватнай інфармацыі, згодна палітыцы кампаніі».
Але EPAM адзначае, што мае ўласную карпаратыўную культуру, каштоўнасьці і этычныя нормы, прапісаныя ў кодэксе паводзінаў (Code of Conduct). Нормы кампаніі распаўсюджваюцца і на выказваньні ў сацсетках.
«Мы адкрытыя і, безумоўна, падтрымліваем і паважаем права кожнага на асабістую думку і свабоду выказваньняў, — адзначае EPAM у камэнтары Dev.by. — Пры гэтым, калі паводзіны супрацоўніка ідуць насуперак карпаратыўнай культуры і могуць быць абразьлівымі для іншых альбо парушаць нормы заканадаўства, мы пакідаем за сабой права рэагаваць на сытуацыю».
У мінулым сьнежні Малкіна на Facebook пісала, што не разглядала для вывучэньня «брыдкую белмову» і параіла астатнім самім вывучаць «быдл*мову».
Каб прыцягнуць да адказнасьці Малкіну, у Менгарвыканкам напісалі Ігар Случак, Глеб Сандрас і іншыя. Жанчына казала, што заяву супраць яе ў міліцыі ня прымуць, бо ня маюць доказаў. Але адміністрацыйны працэс супраць яе пачалі. Паводле арт. 9.22 КаАП РБ за «парушэньне заканадаўства аб мовах» пагражае штраф ад 108 да 270 рублёў.
У 2018 годзе амэрыканская кампанія Juno абяцала разабрацца зь беларускім праграмістам Андрэем Кірыленкам, які жадаў тэракту на «Сьвяце Незалежнасьці». Праграміст сышоў з кампаніі летам 2018 году, новыя месцы працы не пазначаў у сацсетках.