Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці на будоўлі загінуў рабочы. У той жа дзень у Менску рабочы атрымаў цяжкія траўмы


Будоўля, архіўнае фота
Будоўля, архіўнае фота

За адны содні ў Беларусі адбыліся два сур’ёзныя здарэньні на будоўлях.

Паводле зьвестак Сьледчага камітэту, у Берасьці загінуў рабочы, а ў Менску іншы знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане.

Сьледчыя завялі крымінальныя справы. У іх сур’ёзныя пытаньні да выкананьня правілаў бясьпекі на будоўлях, піша Telegraf.

У Берасьці здарэньне адбылося на вышыні пятага паверху. З высноваў папярэдняга расьсьледаваньня вынікае, што трое працоўных — абліцоўнік-плітачнік, тынкоўнік і цясьляр — упалі разам з падвеснага будаўнічага памосту.

Уся канструкцыя «нахілілася і разам з апорнымі элемэнтамі павалілася на зямлю». У выніку адзін з рабочых, 44-гадовы абліцоўнік-плітачнік, загінуў на месцы. Два ягоныя калегі, якім 35 і 42 гады, атрымалі траўмы і трапілі ў лякарню.

Абвальваньне ў Менску

На вуліцы Сьцебянёва ў Менску адбыўся іншы выпадак, які ледзь не прывёў да трагедыі. Паводле вэрсіі сьледзтва, 51-гадовы дапаможны працоўны займаўся дэмантажом сьцяны. Раптам цагляная кладка ня вытрымала і абрынулася на яго.

Пацярпелага мужчыну даставілі ў лякарню, дзе лекары ацанілі ягоны стан як «вельмі цяжкі».

Сьледчыя з Кастрычніцкага РАСК Менску пакуль спрабуюць зразумець, што прывяло да абвальваньня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG