Беларускае грамадзянства прадаставілі 224 замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, піша «Пул первого». Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 18 лістапада.
Новымі грамадзянамі Беларусі сталі выхадцы з 17 дзяржаваў. Сярод іх — Армэнія, Эгіпет, Казахстан, Латвія, Малдова, Расея, Турэччына, Узбэкістан. Большасьць прыбыла з Украіны.
Асобы, якія атрымалі беларускае грамадзянства, занятыя ў розных сфэрах эканомікі, гаворыць прэс-служба Лукашэнкі. Сярод іх супрацоўнікі галінаў адукацыі, абслугоўваньня, работнікі аграпрамысловага комплексу, будаўнічай галіны, прадстаўнікі іншых прафэсій.
Акрамя таго, у ліку новых грамадзян Беларусі — доктар і кандыдат навук, якія выкладаюць у адной з галоўных беларускіх ВНУ.
Адначасова Лукашэнка адхіліў шэраг заяў аб прыёме ў грамадзянства ад асобаў, якія парушалі законы Беларусі, гаворыцца ў паведамленьні.
Раней Лукашэнка неаднаразова заяўляў пра тое, што запросіць у краіну пакістанцаў, каб запоўніць нредахоп працоўнай сілы. Ускосна дэфіцыт працоўных рук прызнавала й Міністэрства працы Беларусі.
Пасьля пратэстаў 2020 году і палітычнага перасьледу, які не спыняецца і ў канцы 2025 году, Беларусь пакінулі многія грамадзяне краіны. Дакладнай колькасьці ня ведае ніхто, розныя дасьледнікі-сацыёлягі паведамляюць розныя лічбы, ад некалькіх тысячаў да мільёну чалавек.
Сёлета Лукашэнка ў ліпені ўжо падпісваў указ, дзякуючы якому беларускае грамадзянства далі амаль тром сотням замежнікаў.
Форум