Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён ведаў, што можа адбыцца правакацыя». Гісторыя загадкавага затрыманьня журналіста Чудзянцова


Журналіст Уладзімер Чудзянцоў, архіўнае фота
Журналіст Уладзімер Чудзянцоў, архіўнае фота

У рэчах Уладзімера Чудзянцова ў цягніку знайшлі 0,87 грама марыхуаны. Перад памежным кантролем ён пісаў сябру, што можа здарыцца правакацыя.

21 лістапада Ўладзімер Чудзянцоў адправіўся ў Варшаву да свайго сябра Максіма Чарняўскага. Але на мяжы ў цягніку Берасьце — Варшава журналіста арыштавалі. Знайшлі ў рэчах 0,87 грама марыхуаны. Перад мяжой Уладзімер Чудзянцоў, паводле яго словаў, выходзіў у прыбіральню і пакінуў рэчы без нагляду.

Цяпер Чудзянцоў арыштаваны на 2 месяцы, яго падазраюць у кантрабандзе наркотыкаў.

«Магчыма, заўтра справу перададуць у Сьледчы камітэт і будзе вырашацца наконт абвінавачваньня. Колькі ў яго знайшлі дома — невядома, бо маці не пакінулі копію пратаколу ператрусу, — сказаў Свабодзе адвакат журналіста Аляксандар Галіеў.

«Ён асьцерагаўся»

Падчас ператрусу ў Чудзянцова ў кватэры ў Менску таксама знайшлі пакункі зь невядомымі рэчывамі. Ягоная маці Ніна Зуева сумняваецца, што яны належаць Уладзімеру.

«Ён асьцерагаўся, ведаю, што можа быць нейкая правакацыя. Але спадзяваўся, што гэтага не будзе, бо заўсёды надаваў увагу кібэрбясьпецы. Ён спадзяваўся, што дзейнасьць, якую ён вядзе зь ценю, — невідавочная.

Асьцерагаўся, бо дапамагаў Nexta. Я яму зрабіў запрашэньне на візу, і ён спадзяваўся, што ўсё будзе добра», — расказаў сябра Чудзянцова Максім Чарняўскі.

Перад самым затрыманьнем Уладзімер Чудзянцоў напісаў Максіму:

«Магчыма, гэта быў самы разумны ўчынак за ўсё жыцьцё. А магчыма — самае вялікае глупства».

«Гэта помста»

На думку стваральніка telegram-каналу Nexta Сьцяпана Пуцілы (Сьвятлова), затрыманьне Ўладзімера Чудзянцова — помста за супрацу зь ім. Чудзянцоў дапамагаў рабіць фільм «Лукашэнка. Крымінальныя хронікі» і рэдагаваў тэксты для каналу.

«Да пэўнага моманту ўвесь ягоны ўдзел не афішаваўся, бо ён быў у Беларусі. Ён сам пра гэта прасіў. Але калі стала зразумела, што справа сур’ёзная, што гэта зьвязана зь ягонай падтрымкай мяне, то я прыняў рашэньне расказаць усё як ёсьць. Ён спрычыніўся да фільму, быў не апошнім чалавекам, з якім я раіўся. Гэта былі парады, рэкамэндацыі, ён дапамагаў шукаць нейкія архіўныя матэрыялы. Калі я пісаў дыплём, ён рэдагаваў нейкія вялікія тэксты на канале», — расказаў Сьцяпан Сьвятлоў.

Датычнасьць Чудзянцова да каналу магла стаць вядомая міліцыі праз узлом ягонага акаўнту два месяцы таму. «Я так разумею, яны змаглі паглядзець, з кім ён сьпісваўся, маглі бачыць некаторыя паведамленьні. Я яго ведаю вельмі даўно. Мой канал пачаў разьвівацца ў 2018 годзе. Тады ён дапамагаў на першых этапах. Але ягоная дапамога была мінімальная. Я зь ім падтрымліваў кантакт. Сумневаў, што гэта помста за супрацу з каналам, у мяне няма. Ён ніколі не ўжываў ні наркотыкаў, ні алькаголю. Ды і недарэчна везьці ў Польшчу забароненыя рэчывы», — сказаў Сьцяпан Сьвятлоў.

МУС: «Інфармацыі няма»

Прэс-сакратарка МУС Беларусі Вольга Чамаданава сказала Свабодзе, што «пакуль ніякай інфармацыі на гэты конт яна даць ня можа».

Апошні раз адвакат Аляксандар Галіеў размаўляў з Уладзімерам Чудзянцовым у нядзелю 24 лістапада. Паводле Галіева, журналіст віны не прызнае. Мэдычная дасьледаваньне паказала адмоўны вынік пробаў, ніякіх забароненых рэчываў у ягоным арганізьме не выяўлена. Праз адваката Ўладзімер Чудзянцоў перадаў, што «забароненыя рэчывы яму падкінулі».

Хто такі Ўладзімер Чудзянцоў

У 1990-я Ўладзімер Чудзянцоў пад сваім тагачасным прозьвішчам Зуеў пісаў у дзяржаўных газэтах пра лідэраў апазыцыі. У «Народнай газеце» ён пад псэўданімам апублікаваў артыкул «Пятае вымярэньне Генадзя Карпенкі». Тады Генадзь Карпенка падаў у суд і запатрабаваў доказы «махінацый», пра якія гаварылася ў артыкуле.

На судзе высьветлілася, што матэрыял пісаў Уладзімер Зуеў на падставе дакладной запіскі «з грознага і буйнога ведамства».

Напрыканцы 1990-х Чудзянцоў (Зуеў) даў інтэрвію «Свабодным навінам», дзе расказаў, як спрычыніўся да фэйкавых улётак ад імя нібыта БНФ з заклікам запасацца камянямі і штурмаваць дзяржаўныя будынкі. Да 2010 году імя Зуева зьнікла з публічнай прасторы.

У 2010 годзе Ўладзімер Чудзянцоў стаў гарадзкім рэпартэрам Tut.by. Прозьвішча ён афіцыйна зьмяніў. Інфармацыя пра ягонае мінулае ўсплыла на фоне канфлікту Чудзянцова з кіраўніцтвам рэсурсу charter97.org. Яны ж раскапалі і апублікавалі факты пра ягонае мінулае. Чудзянцоў яшчэ некаторы час працаваў пасьля гэтага на Tut.by, хоць інтэрнэт-супольнасьць настойвала на яго звальненьні, што ў выніку і адбылося.

46-гадовы Ўладзімер Чудзянцоў апошнім часам займаўся сваім сайтам by24.org. Праект быў разьлічаны на клікбэйтныя загалоўкі. Пасьля канфлікту ва Ўкраіне ў 2014 годзе на сайце прасочвалася яўная антырасейская пазыцыя, Чудзянцоў не хаваў падтрымкі Ўкраіне, дапамагаў добраахвотным батальёнам.

Блогер NEXTA заявіў, што Чудзянцоў таксама дапамагаў яму з кантэнтам для ягонага тэлеграм-каналу.

21 лістапада 2019 году Ўладзімера Чудзянцова затрымалі на беларускай мяжы па дарозе ў Варшаву. Падчас мытнага кантролю ў рэчах журналіста знайшлі пакецік з наркатычным рэчывам. Яму выставілі абвінавачаньні паводле часткі 1 артыкулу 328 КК РБ — «незаконныя бяз мэты збыту выраб, перапрацоўка, набыцьцё, захоўваньне, перавозка або перасылка наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналягаў», а таксама ч. 1 артыкула 328-1 «незаконнае перамяшчэньне праз мытную мяжу Эўразійскага эканамічнага саюза або дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў».

10 студзеня 2020 году Сьледчы камітэт паведаміў, што супраць Чудзянцова пачалі крымінальную справу за «гвалтоўныя дзеяньні сэксуальнага характару ў дачыненьні да заведама непаўналетняга» паводле ч. 2 арт. 167 Крымінальнага кодэксу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG